Ютрань
Пасьля "Госпад – Бог ...": трапары, як у канцы
вячэрні.
Сядальная песьня 1
(Тон 4). У айцох Ты прадвясьціў тайна зьяўленьне спрадвечнага Сына
Твайго на зямлі ад Дзевы. У Абрагаме, Ісааку, Якубе, Юдзе і іншых, у Ясею і
Давідзе і ўсіх прароках Ты прадказаў Духам, што зьявіцца на сьвет у Бэтлееме
Хрыстос, каб паклікаць усіх.
Слава ... цяпер ...: Тое самае.
Сядальная песьня 2 (Тон
8). Сёньня, верныя, спраўляем радасна сьвята айцоў. Ушануйма Адама,
Абэля, Сэта, блаславім Энаса, успомнім і Энаха, Ноя, Сіма і Яфэта, усхвалім
Абрагама, які перад Законам зазьзяў вераю, і боскага Ісаака, Якуба, Юду і Левія;
праславім цнатлівага Язэпа і з вераю ўсклікнем: "Баганосныя айцы, маліце Хрыста
Бога дараваць адпушчэньне грахоў нам, якія шануем з любоўю вашу сьвятую памяць".
Слава ... цяпер ...: тое самае.
Пасьля паліелею: "Хор анёлаў...", літаніі, гіпакоі
нядзельныя належнага тону і наступныя:
Айцоў (тон 8). Абрагама, Ісаака і Якуба ўсхвалім у
песьнях, лагоднага Давіда, Ісуса і дванаццаць патрыярхаў, разам з трыма юнакамі,
што пагасілі сілаю Духа полымя агню. Усклікнем: "Радуйцеся вы, што адважна
выкрылі спакусу неразумнага цара і цяпер моліцеся Хрысту, каб Ён дараваў
адпушчэньне грахоў нам, якія шануем вашу сьвятую памяць".
Слава ... цяпер ...
(тон 8). Ты прыйшоў з улоньня
Айца, і невыказна спустошыў сябе, прыняўшы звышпрыродна нашу ўбогасьць,
Чалавекалюбны Госпадзе. Ты пажадаў пасяліцца ў пячоры і, як немаўля, быць
кормленым, хоць Ты – Творца і Госпад усіх. Мудрацы, якіх прывяла зорка, дары
Табе прыносяць як Уладару стварэньня; пастухі і анёлы дзівяцца і ўсклікаюць:
"Слава на вышынях Богу, які прыхдзіць на зямлю каб нардазіцца як чалавек!".
Узыходныя песьні і г.д. нядзельныя належнага тону.
Канон (тон 6)
Песьня 1. Ірмас (Тон 6). Таго, хто некалі
хваляю марскою патапіў перасьледавальніка і мучыцеля, нашчадкі збаўленых паклалі
ў зямлю. Мы ж, як тады жанчыны, пяём Госпаду, бо Ён уславіўся.
Катавасія. Хрыстос родзіцца...
Песьня 3. Ірмас.
Цябе, які на водах павесіў непарушна зямлю, стварэньне з жахам убачыла, як вісіш
на крыжы, і ўсклікнула: "Няма сьвятога, апроч Цябе, Госпадзе!".
Гіпакоі (тон 8).
Анёл юнакоў у печы расою асьвяжыў, а цяпер жанчынам плач на радасьць перамяніў,
кажучы: "Нашто прыносіце міра? Каго шукаеце ў магіле? Устаў Хрыстос Бог, бо Ён –
жыцьцё і збаўленьне роду людзкога".
Песьня 4. Ірмас.
Прадбачыўшы Тваё Боскае спусташэньне на крыжы, Авакум жахнуўся і ўсклікнуў: "Ты,
Добры, зышоў да тых, што ў пекле, і зьнішчыў уладу моцных, бо Ты ўсемагутны".
Песьня 5. Ірмас.
Ісая ўбачыў незаходнае сьвятло Твайго дзеля нас літасьцівага богазьяўленьня, і ў
ночы нядрэмнай усклікнуў: "Устануць тыя, што ў магілах, і ўсе людзі
ўсьцешацца!".
Песьня 6. Ірмас.
Уведаўшы жыцьцёвае мора, усхваляванае бураю спакусаў, я ўцёк да ціхага
прыстанішча Твайго, усклікаючы: "Выбаві ад тленнасьці жыцьцё маё,
Шматлітасьцівы!".
Кандак (тон 1).
Весяліся, Бэтлееме; Эўфрата, рыхтуйся, бо вось Дзева носіць ва ўлоньні вялікага
Пастыра, і ідзе ўжо радзіць. Убачыўшы Яго, баганосныя айцы весяляцца і разам з
пастухамі славяць Дзеву.
Песьня 7. Ірмас.
Невыказны цуд: Той, хто выбавіў ад полымя ў печы пабожных юнакоў, у магілу
мёртвы кладзецца для збаўленьня нас, якія пяём: "Збавіцелю Божа, блаславёны Ты".
Песьня 8. Ірмас.
Жахніся ў страху, неба, хай ускалыхнуцца асновы зямлі, бо вось Той, хто жыве на
вышынях, залічаецца да мёртвых. У магілу пакладзены Той, каго юнакі
бласлаўляюць, сьвятары славяць ў песьнях, людзі ўзьвялічваюць праз усе вякі.
Песьня 9. Ірмас.
Ня плач па мне, Маці, бачачы ў магіле Мяне, Сына Твайго, якога Ты зачала бяз
семя. Я ўстану і праслаўлюся і, як Бог, уздыму з моцаю тых, хто з вераю і любоўю
ўзьвялічвае Цябе.
Чаго плачаш, стварэньне, бачачы на крыжы і ў магіле
Жыцьцядаўца, быццам сьмяротнага чалавека? Ён устане і абновіць цябе сьвятлом
сваім, зьнішчыць пекла трохдзённым уваскрасеньнем і ўздыме памёрлых, якія будуць
славіць Яго.
Хоць Ты, Жыцьцядаўча Хрысьце, зышоў у магілу як мёртвы, Ты
знішчыў моц пекла і ўзьняў з сабою мёртвых, якіх яно раней паглынула, і як Бог
уваскрасіў тых, што з вераю і любоўю ўзьвялічваюць Цябе.
Айцоў (тон 6). Айцы, што жылі да Закону, –
Абрагам, а з ім Ісаак і Якуб, – былі асноваю прарокаў і Закону, і з вераю ў Духу
прапаведавалі ласку.
Як Бог, Ты паказаў Майсею ў вогненным кусьце вышэйшыя за
ўсякі розум тайніцы, зышоў у вогненную печ да юнакоў і Боскім агнём полымя на
расу перамяніў.
Сабраўшыся разам, Абрагам і сьвятыя юнакі, а з імі Даніла,
дзівосны прарок Божы, Ісаак і Якуб, і Аарон з Майсеем, у веры цешацца з
Хрыстовага нараджэньня, што мае адбыцца, і моляцца няспынна за нашае збаўленьне.
Перадсьвяцьця (тон 1). Тайна дзіўная, страшная і
слаўная! Госпад славы прыходзіць на зямлю і, зьбяднеўшыся, уваходзіць як
дзіцятка ў пячору, хочучы паклікаць зноў Адама і вызваліць Эву ад цярпеньняў.
Сваімі пялёнамі Ты разьвязваеш путы грахоў, сваім
зьбядненьнем узбагачаеш усіх нас, Шчодры; ад неразумнай злосьці вызваляеш
людзей, паклаўшыся ў ясьлях неразумнае жывёлы, Спрадвечнае Божае Слова.
Слава ... цяпер ...: Казаньні прарокаў атрымалі
спаўненьне: тое, што яны прадраклі, што мала стацца ў канцы часу, прыйшло і
зьявілася нам, уцелавіўшыся ад чыстае Дзевы. Дык прымем Яго з чыстым розумам.
Экзапастыляр нядзельны экзапастыляр не гаворыцца, а
толькі наступныя:
Ад семя Абрагама і боскага Давіда прыходзіць спрадвечнае
Слова, што зыходам анёла некалі збавіла цудоўна юнакоў, роўных лікам з Тройцаю,
і перамяніла плач жанчынаў на радасьць.
Слава ...: Абраныя патрыярхі і айцы, – Абрагам, Ісаак і
Якуб, – да прыйсьця Закону зьзялі сьветачамі веры. Прарокі і праведнікі, што
прыйшлі пасьля іх, быццам сьвечкі, прасьвятлілі ўсё стварэньне промнямі
прароцтваў. Цяпер яны моляцца за ўсіх нас.
Цяпер ...: Весяліся, Бэтлееме, і ты, Эўфрата, рыхтуйся.
Вось Багародзіца ідзе невыказна радзіць у пячоры і ясьлях Бога. Страшная тайна!
Ягонае нараджэньне сьвяткуюць Абрагам, Ісаак і Якуб, усе патрыярхі і прарокі
разам з людзьмі і анёламі.
Пахвальныя псалмы 3 айцоў і 3 наступныя
перадсьвяцьця:
Айцоў (Тон 5). Уздымі голас твой, горадзе Божы Сыёне, і
прапаведуй памяць айцоў, ушануй Абрагама з Ісаакам і Якубам слаўнымі, разам з
Юдам і Левіем узьвялічвай Майсея вялікага, Аарона цудоўнага, і з Давідам Ісуса і
Самуэля. Засьпявай перадсьвяточную пахвальную песьню Хрысту, просячы ласкі і
велічы зьмілаваньня сьвету ўсяму. (Двойчы)
Верш. Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў
нашых, і імя Тваё хай славіцца на вякі.
Прыходзь Ільля, што некалі сеў на вогненную калясьніцу, і
багамудры Елісей з Езакіелем разам узрадуйцеся, і пачэсныя дванаццаць прарокаў
боганатхнёных; цешцеся з нараджэньня Хрыстовага і вы, блаславёныя праведныя
юнакі, што расою Духа пагасілі полымя ў печы. Маліце Хрыста паслаць душам нашым
веліч зьмілаваньня.
Верш. Бо справядлівасьць Твая яўная ўва ўсім, што
Ты зрабіў для нас.
Явілася на зямлі Багародзіца Дзева, якую прарокі адвеку
прапаведавалі, і ўсе патрыярхі і хоры праведнікаў прадвяшчалі. Сьвяткуюць з імі
і пабожныя жанчыны – Сара, Рэбэка, Рахэля і Ганна, і слаўная Марыям, сястра
Майсея. Цешацца ўсе канцы зямлі, і ўсё стварэньне аддае пашану Творцу ўсіх і
Богу, які прыходзіць нарадзіцца ў целе і дараваць нам веліч зьмілаваньня.
Перадсьвяцьця (Тон 4). Спаўняецца сказанае Ісаем: Вось Дзева
носіць ва ўлоньні Неабдымнага і прыходзіць радзіць у целе Недасяжнага. Красуйся,
богапрыймальная пячора, рыхтуйся, Бэтлееме, бо Ўладар славы выбраў цябе за сваё
аселішча. Прымайце, ясьлі, спавітае Дзіця-Хрыста, што ў дабрыні сваёй жадае
разьвязаць путы грахоў людзкіх.
Уладар запісаўся разам са слугамі, жадаючы разарваць прысуд
за грэх, і запісаць у кнізе жыцьця ўсіх, ашуканых хітрасьцю зьмееваю. Дзева
носіць агорнутага сьмяротным целам Таго, хто носіць усё і захацеў пасяліцца ў
малой пячоры. Ягонае нараджэньне славяць анельскія хоры з пастухамі, і дзівяцца
ўладзе Яго.
Сьветлая і адухоўленая хмара, цяжарная Дажджом нябесным,
сёньня прыходзіць зямлю напаіць. Духоўная ластаўка, Прадвесьніца Вясны ласкі
невыказна родзіць і перамагае зіму бязбожжа. Яна – чысты і беззаганны хорам, што
прыносіць у пячору ўцелаўлёнага Ўладара.
Слава ...
(Тон 8). Боскае Хрыстовае нараджэньне ў целе яўляе
спаўненьне законных вучэньняў. Тыя, што прапаведавалі ласку да Закону, дзякуючы
веры праявілі сябе вышэйшымі за Закон. Яны прапаведавалі тым, што ў апраметнай,
вызваленьне ад тленнасьці праз уваскрасеньне. Госпадзе, слава Табе!
Цяпер ...: Найблаславёная Ты, Багародзіца Дзева...
|