Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 1). Пачнем, верныя, сьвяткаваць нараджэньне
Хрыста, уздымемся розумам, перанясемся ў думках да Бэтлеему і ўбачым духоўнымі
вачыма Дзеву, што ідзе радзіць у пячоры Госпада ўсіх і Бога нашага. Язэп,
убачыўшы Яго, спавітага як дзіцятка ў пялёны, палічыў за чалавека; угледзеўшы
аднак веліч цудаў, зразумеў, што гэта сапраўды Бог, які дае душам нашым веліч
зьмілаваньня.
Пачнем, людзі, сьвяткаваць нараджэньне Хрыстовае; узьняўшыся
ў думках да Бэтлеему, убачым у пячоры вялікую тайну: Вось Бог ад Дзевы
прыходзіць, дасканалы ў сваёй боскасьці і людзкасьці, і рай адчыняецца зноў. Дык
усклікнем усе: "Сьвяты Божа, Ойча спрадвечны; сьвяты Моцны, Сыне ўцелаўлёны;
Сьвяты несьмяротны, Духу Суцяшальніку – Тройца сьвятая, слава Табе!"
Пачуй, неба, і слухай, зямля, бо вось Сын і Слова Айца
прыходзіць, каб нарадзіцца ад Бязьвіннае Дзевы, воляю Таго, хто нарадзіў Яго, і
дзеяньнем Духа Сьвятога. Рыхтуйся, Бэтлееме; раю, адчыні вароты, бо Той, хто
ёсьць, стаецца, кім ня быў, нябачны Творца ўсяго стварэньня прыходзіць і стаецца
бачным, даючы сьвету багацьце зьмілаваньня.
Песьні сьвятога (тон 4). Блаславёны Ігнаце, Ты быў
дастойна названы баганосцам! Калі ў міласэрнасьці сваёй Госпад паклікаў цябе, Ён
даў табе любоў мудрасьці і адкрыў найвышэйшыя праўды. Быццам губка ваду, так ты
ўвабраў у сябе Божае сьвятло і, стаўшыся прасьветленым, пайшоў усьлед за Хрыстом
Богам нашым, які паклікаў цябе. Дык малі Яго цяпер збавіць і прасьвятліць душы
нашы.
Калі ты, сьвяты, быў паранены дасканалаю любоўю, і душа твая
загарэлася збаўленным жаданьнем, змушаючы цябе ісьці да Ўладара, ты сказаў
славутыя словы: "Я пшаніца Творцы, і мне належыцца быць зьмеленым зубамі
зьвяроў, каб прынесьці сябе, як чысты хлеб, Слову і Богу нашаму". Малі Яго цяпер
за збаўленьне і прасьвятленьне душ нашых.
Ты, сьвяты настаўніку, ўкрыжаваўся разам з Хрыстом, калі ты
вымавіў боганатхнёныя словы: "Жаданьне маё ўкрыжаванае, і я сьпяшаюся падзяліць
з Ім мукі Яго". Быццам сонца, ты, Ігнаце, накіраваўся з усходу на захад,
прасьвятляючы ўсіх, і атрымаў пераможны вянец, прынёсшы сябе Хрысту. Малі Яго
цяпер за збаўленьне і прасьвятленьне душ нашых.
Слава ...
(Тон 8). Баганосны Ігнаце, ты, маючы ў сэрцы
жаданага Хрыста, атрымаў заплату за сьвятое служэньне Евангельлю Хрыстоваму,
якое ты замацаваў сваёй крывёю. Ты стаўся пшаніцаю Творцы і, будучы зьмеленым
зубамі зьвяроў, прынёс сябе Яму ў ахвяру, быццам салодкі хлеб. Маліся цяпер за
нас, блаславёны пакутніку.
Цяпер ...
(Тон 8). Прымі, Бэтлееме, горадзе Божы, незаходнае
Сьвятло, якое прыходзіць да цябе нарадзіцца. Дзівіцеся, анёлы ў небе; людзі на
зямлі, слаўце; мудрацы з Усходу, нясіце дары; пастухі, іграючы на жалейках,
сьпявайце тройчы сьвятую песьню: хай усё стварэньне славіць Госпада.
Вершапесьні
(Тон 2). Ужо блізка час нашага збаўленьня:
рыхтуйся, пячора, бо вось Дзева ідзе радзіць. Бэтлееме, зямля Юдава, красуйся і
цешся, бо з цябе зазьзяў Госпад наш; пачуйце, горы і ўзгоркі, і ўсё навакольле
юдэйскае, бо ідзе Хрыстос, каб, як Чалавекалюбец, збавіць чалавека, якога
стварыў.
Верш. Бог ідзе з поўдня, Сьвяты з гары, пакрытай
цяністым гаем.
Бэтлееме, зямля Юды, сьветлае жыльлё Ўцелаўлёнага! Падрыхтуй
пячору, у якой Бог мае нарадзіцца ў целе ад бязьвіннае сьвятое Дзевы, каб
збавіць род наш.
Верш. Госпадзе, я пачуў голас Твой і спалохаўся;
зразумеў учынкі Твае і жахнуўся.
Прыйдзеце ўсе, пачнем сьвяткаваць нараджэньне Хрыстова,
уславім Яго духоўнымі песьнямі, пойдзем за зоркаю разам з мудрацамі, усклікнем
разам з пастушкамі: "Прыйшло збаўленьне людзям ад Дзевы, склікаючы ўсіх верных".
Слава ...
(Тон 1). Цьвёрдая, як самацьвет, душа твая,
блаславёны Ігнаце! Імкнучыся ўсімі сіламі да Жаданага, ты казаў: "Няма ўва мне
агню любові гэтага сьвету, але ёсьць вада жывая, што гаворыць ува мне: Ідзі да
Айца твайго". Таму, запалены Духам Сьвятым, ты выбраў зьвяроў, каб цябе адлучылі
хутчэй ад гэтага сьвету і адаслалі да жаданага Хрыста. Малі Яго цяпер за
збаўленьне душ нашых.
Цяпер ...
(Тон 1). Пачнем, верныя, сьвяткаваць нараджэньне
Хрыста, уздымемся розумам, перанясемся ў думках да Бэтлеему і ўбачым духоўнымі
вачыма Дзеву, што ідзе радзіць у пячоры Госпада ўсіх і Бога нашага. Язэп,
убачыўшы Яго, спавітага як дзіцятка ў пялёны, палічыў за чалавека; угледзеўшы
аднак веліч цудаў, зразумеў, што гэта сапраўды Бог, які дае душам нашым веліч
зьмілаваньня.
Адпушчальныя трапары:
Трапар сьвятога (тон 4). Пераймальнік апосталаў і
намесьнік на іхнім пасадзе, архіпастыраў краса і слава мучанікаў, словам праўды
навучаючы ўсіх, да крыві пацярпеў ты, боганатхнёны сьвятамучаніча Ігнаце. Малі
цяпер Хрыста Бога за збаўленьне душ нашых.
Трапар перадсьвяцьця (тон 4). Бэтлееме, рыхтуйся;
адчыніся, раю; красуйся, Эўфрата, бо вось дрэва жыцьця зацьвітае ў пячоры ад
Дзевы: улоньне Яе сталася раем духоўным, у якім прарос Божы парастак, ад якога
спажыўшы, жыць будзем, а не памрэм як Адам. Хрыстос родзіцца, каб раней упалы
вобраз узьняць.
Літургія
Трапары
Трапар перадсьвяцьця (тон 4). Бэтлееме, рыхтуйся;
адчыніся, раю; красуйся, Эўфрата, бо вось дрэва жыцьця зацьвітае ў пячоры ад
Дзевы: улоньне Яе сталася раем духоўным, у якім прарос Божы парастак, ад якога
спажыўшы, жыць будзем, а не памрэм як Адам. Хрыстос родзіцца, каб раней упалы
вобраз узьняць.
Трапар сьвятога (тон 4). Пераймальнік апосталаў і
намесьнік на іхнім пасадзе, архіпастыраў краса і слава мучанікаў, словам праўды
навучаючы ўсіх, да крыві пацярпеў ты, боганатхнёны сьвятамучаніча Ігнаце. Малі
цяпер Хрыста Бога за збаўленьне душ нашых.
Кандак сьвятога (тон 3).
Сьветлы дзень памяці тваёй, Ігнаце праслаўлены, апярэджвае сьвята Народжанага ў
пячоры. Узьлюбіўшы Яго і пажадаўшы быць з Ім назаўсёды, ты пасьпяшаўся быць
кінутым зьвяром на спажыву. За гэта ты быў дастойна названы Баганосцам.
Кандак перадсьвяцьця (тон 3). Сёньня Дзева ідзе ў
невыказны спосаб радзіць у пячоры спрадвечнае Слова: сьвяткуй, сусьвет, і разам
з анёламі і пастухамі слаў справечнага Бога, што, як дзіця малое, на сьвет
прыходзіць. |