Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 4). "Вось Бог наш, і іншага ня будзе апроч
Яго – прарок у духу ўсклікнуў: Ён накіруе цябе на шлях усякага пазнаньня. Потым
Ён упадобіцца да людзей, апрануўшыся ў цела ад Дзевы Божай служкі і, недаступны
ў сваёй існасьці, станецца даступным для мяне".
Улоньне Тваё, усебеззаганная Багародзіца – стоўп гуменны,
колас суцэльны, што невыказна носіць у сабе Слова, якое Ты ў пячоры Бэтлеемскай
народзіш. Ён хоча накарміць ўсё стварэньне боскім пазнаньнем і ад душазгубнага
голаду вызваліць.
Беззаганная Дзева, маючы ва ўлоньні сваім Ягнё, ідзе ў
сьвятую пячору нарадзіць Яго, у пялёны спавіць, як чалавека, і пакласьці ў
ясьлях, як немаўля. Сьвяткуй, усё стварэньне, радасна ўзьвялічвай Таго, хто
такія слаўныя рэчы ўчыніў на зямлі.
Сьвятой (тон 4). Пурпураю крыві збавенную вопратку
сваю абмачыўшы і прасьвятліўшыся духам, ты, усяхвальная, заручылася з Госпадам,
Уладаром несьмяротным, які захаваў цябе навечна ў хорамах нябесных, як дзеву
беззаганную і нятленную.
Пакрыўшыся ранамі, мужна перанёсшы агонь, і разьдзіраньне
цела, і вар катла, ты не паддалася спакусе і не прынесла ахвяры ідалам, але,
схіліўшы Госпаду галаву, прыняла меч і пераможна ўзышла на неба.
Ачысьціўшыся крывёю, ты, усяхвальная мучаніца Юльяна,
зазьзяла, быццам сонца і, разьвеяўшы цемру ласкаю, прасьвятліла верных, якія
шануюць твае мужныя подзьвігі і спраўляюць тваю сьветлую і збавенную памяць.
Слава ... цяпер ...
(Тон 6). Сьвяткуй Сыёне, радуйся Ерусаліме,
горадзе Хрыста Бога, прывітай Творцу, які памясьціўся ў ясьлях у пячоры;
адчыніце мне вароты, каб, увайшоўшы, я мог убачыць, як немаўля ў пялёны
спавітага Творцу ўсіх, каго няспынна хваляць анёлы – Жыцьцядаўца Хрыста,
Збавіцеля роду нашага.
Вершапесьні
(Тон 2). Спаўняюцца прадказаньні ўсіх прарокаў,
Хрыстос родзіцца ў горадзе Бэтлееме ад чыстае Божае Дзевы.
Верш. Бог ідзе з поўдня, Сьвяты з гары, пакрытай
цяністым гаем.
Слава людзей, радасьць і хвала, Бэтлееме, горадзе Божы,
прывітай Тварца твайго.
Верш. Госпадзе, я пачуў голас Твой і спалохаўся;
зразумеў учынкі Твае і жахнуўся.
Слова Айца, праз якое ўсё прыйшло да быцьця, аб'яўляецца ўсім
у адной асобе і дзьвюх прыродах.
Слава ... цяпер ...
(Тон 6). Чыстая Дзева, адкуль Ты прыйшла, хто
нарадзіў Цябе? Хто маці твая? Як гэта Ты на руках Тваіх носіш Тварца? Як
засталася Дзеваю пасьля родаў? Бачым вялікія і слаўныя тайны, што ў Табе,
Усесьвятая, споўніліся, і рыхтуем Табе дастойную пячору на зямлі, просячы даць і
нам з неба праводную зорку, якая прывяла з усходу мудрацоў, каб убачыць
Збаўленьне людзей, што ляжыць у ясьлях, спавітае ў пялёны.
Адпушчальныя трапары:
Сьвятое (тон 4). Ягнё Тваё, Ісусе, Юльяна, кліча
моцным голасам: "Цябе, Жаніх мой, люблю і, Цябе шукаючы, мукі перанашу, і
расьпінаюся з Табою, і пахаваньне прымаю ў хрышчэньні Тваім, і цярплю за Цябе,
каб панаваць з Табою, і паміраю за Цябе, каб з Табою жыць; Ты ж прымі мяне, як
ахвяру чыстую, што з любоўю прыносіцца Табе". Малітвамі яе, Міласэрны, збаў душы
нашы.
Слава ... цяпер ...
Трапар перадсьвяцьця (тон 4). Бэтлееме, рыхтуйся;
адчыніся, раю; красуйся, Эўфрата, бо вось дрэва жыцьця зацьвітае ў пячоры ад
Дзевы: улоньне Яе сталася раем духоўным, у якім прарос Божы парастак, ад якога
спажыўшы, жыць будзем, а не памрэм як Адам. Хрыстос родзіцца, каб раней упалы
вобраз узьняць. |