Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 1). Уся зямля, бачачы прыйсьце Бога, цешыцца; мудрацы дары Мне прыносяць, зорка на небе абвяшчае радасьць, анёлы славяць, пастухі граюць на жалейках, дзівячыся; ясьлі, быццам вогненны пасад, прымаюць Мяне. Радуйся, Маці мая, якая бачыш гэта ўсё.
Сыне мой, Сьвятло для прасьвятленьня народаў, спрадвеку невыказна народжаны ад спрадвечнага Айца, Ты, прыняўшы выгляд мой, ідзеш, каб узбагаціць зьбяднелае чалавецтва ўбогасьцю, якую Ты ўзяў на сябе. Слаўлю, Госпадзе, Тваю дабрыню.
Радуйся, Маці, што трымаеш Мяне, як немаўля, на руках Тваіх: Я прыйшоў адмяніць Адамаў сумны стан, у якім ён апынуўся з таго часу, як, паслухаўшы хітрага зьмея, быў пазбаўлены раю і стаўся падуладным тленнасьці.
Сьвятой (Тон 8). Адкінуўшы даброты гэтага сьвету і не пашкадаваўшы цела свайго, ты, пачэсная, аддала сябе цалкам служэньню сьвятым, і была для іх прыкладам мужнасьці, цярпліва пераносячы пакуты і раны, і ўмацоўваючы іх мудрымі словамі. Маліся цяпер за збаўленьне душ нашых.
Дачаснае багацьце ты, пачэсная, раздала бедным, і ў пошуках вечных дабротаў, пайшла ўсьлед за Хрыстом Богам, кажучы: "Я параненая жаданьнем быць падобнай у цярпеньнях да Цябе, Несьмяротны. У дабраце Тваёй і чалавекалюбстве зрабі мяне ўдзельніцай боскай славы Тваёй".
Пацярпеўшы мучэньні, ты, блаславёная Анастасься, струменямі аздараўленьняў сунімаеш нашы цярпеньні. Таму мы цябе дастойна славім і з любоўю сьвяткуем памяць тваю, і пакланяемся мошчам тваім, атрымліваючы асьвячэньне. Маліся за збаўленьне душ нашых.
Слава ...
(Тон 2). Пацярпеўшы на судзе, ты атрымала дар уваскрашэньняў і перамагла мноства дэманаў, адаслаўшы іх у бездань марскую, шматпакутная мучаніца, Анастасься ўсяхвальная.
Цяпер ...
(Тон 4). Красуйся, Бэтлееме; Сыёне, сьпявай; цешся, пустыня, і прадвяшчай вялікую радасьць: бо вось зорка ідзе ў Бэтлеем, абвяшчаючы Хрыста, які мае нарадзіцца. Пячора прымае Незьмяшчальнага, ясьлі рыхтуюцца прыняць Жыцьцё вечнае. Дык ўсклікнем і запяем: "Хрысьце Божа, што прыняў цела дзеля нас, збаў душы нашыя!".
Вершапесьні
(Тон 2). Хрыстос прыходзіць зьнішчыць паганага, прасьвятліць тых, што ў цемры, і вызваліць палоненых, якія чакаюць Ягонага прыйсьця.
Верш. Бог ідзе з поўдня, Сьвяты з гары, пакрытай цяністым гаем.
Цешся, Сыёне; пячора, красуйся; рыхтуйся, Бэтлееме, бо вось Дзева прыходзіць нарадзіць Хрыста.
Верш. Госпадзе, я пачуў голас Твой і спалохаўся; зразумеў учынкі Твае і жахнуўся.
Усе народы, аддайце хвалу і славу Нованароджанаму; мудрацы з дарамі, і пастухі з песьняю сьпяшайцеся!
Слава ...
(Тон 4). Будучы аднайменьніцай жыцьцядайнага ўваскрасеньня Хрыстовага, пачэсным жыцьцём тваім ты верна ішла ўсьлед за Ім і паказала вялікую сілу і мужнасьць, саткаўшы сабе царскую вопратку з пурпуры крыві тваёй. Цяпер, узяўшы крыж быццам скіпетр царкоўны, пануеш разам з Богам і Збавіцелем, Анастасься блаславёная. Малі Яго прасьвятліць і нас Ягонай боскай славаю.
Цяпер ...
(Тон 4). Танцуй у радасьці, Ісая, прымі Слова Божае і абвясьці Дзеве Марыі, што куст, ахоплены агнём прыйсьця Божага, не згарыць. Бэтлееме, красуйся; раю, адчыні вароты; сьпяшайцеся, мудрацы, бачыць Збаўленьне ўсіх, што ляжыць у ясьлях – Жыцьцядаўца Хрыста, Збавіцеля роду людзкога, каго зорка паказала вам, стаўшы над пячораю.
Адпушчальныя трапары:
Трапар сьвятое (тон 4). Ягнё Тваё, Ісусе, Анастасься, кліча моцным голасам: "Цябе, Жаніх мой, люблю і, Цябе шукаючы, мукі перанашу, і расьпінаюся з Табою, і пахаваньне прымаю ў хрышчэньні Тваім, і цярплю за Цябе, каб панаваць з Табою, і паміраю за Цябе, каб з Табою жыць; Ты ж прымі мяне, як ахвяру чыстую, што з любоўю прыносіцца Табе". Малітвамі яе, Міласэрны, збаў душы нашы.
Слава ... цяпер ...
Трапар перадсьвяцьця (тон 4). Бэтлееме, рыхтуйся; адчыніся, раю; красуйся, Эўфрата, бо вось дрэва жыцьця зацьвітае ў пячоры ад Дзевы: улоньне Яе сталася раем духоўным, у якім прарос Божы парастак, ад якога спажыўшы, жыць будзем, а не памрэм як Адам. Хрыстос родзіцца, каб раней упалы вобраз узьняць. |