Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 23 сьнежня - Перадсьвяцьце нараджэньня Г. Н. Ісуса Хрыста і сьв. мучанікаў у Крыце


 

 

23 сьнежня - Перадсьвяцьце нараджэньня Г. Н. Ісуса Хрыста і сьв. мучанікаў у Крыце

Вячэрня

 

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 4). Перадсьвяточнымі песьнямі прадвесьцім розумам нараджэньне Хрыстовае, бо вось Ён, роўны славаю Айцу і Духу, ў міласэрнасьці сваёй апранаецца ў нашае цела і ідзе нарадзіцца ў горадзе Бэтлееме. Анёлы і пастушкі славяць Ягонае невыказнае нараджэньне.

Заграйма на цымбалах, запяём песьню хвалы: Хрыстос аб'яўляецца людзям у нараджэньні сваім, спаўняюцца словы прарокаў, якія прадказалі Ягонае ўцелаўленьне. Ён родзіцца ў сьвятой пячоры і ў ясьлі кладзецца, спавіты ў пялёны, як маленькае дзіцятка.

Рыхтуйся, Бэтлееме, адчыніся сёньня, раю, бо вось Найсьвятая ідзе радзіць. Хай цешацца нябёсы, хай радуюцца людзі: Жыцьцё зазьзяла ў ясьлях, Багацьце ў пячоры; у міласэрнасьці сваёй Ён успрыняў на сябе беднасьць Адамаву, застаўшыся, кім быў, без зьмены і зьмяшэньня.

Сьвятых (тон 8). Дзесяць Богам абраных мучанікаў, ліхтар дзесяцісьвечны, што Боскім зьзньнем асьвятляе Царкву, стаўпы непахісныя, зоркі ясныя, што зямлю на неба перамянілі сьветласьцю вялікіх подзьвігаў, усхвалім сёньня ў песьнях сьвятых.

Хай будуць усхваленыя Тэадул, Зоцік і Пампэй, Базылід, Яўпор, Агатопус і Сатурнін, Геласі і боскі Еварэст, а з імі і Яўнікіян: хай ушануюцца сёньня ў песьнях, як ціхія прыстанішчы ў буры, што выкрылі спакусу і атрымалі вянцы перамогі.

Крыцкія парасткі, умацаваньне царквы, верных непрамінальную красу, райскія духмяныя кветкі, добрапрыемныя Хрыстовыя ахвяры, дзесяць пасьвячаных Тройцы пакутнікаў сёньня ўшануем.

Слава ...

(Тон 8). Сёньняшняя перадсьвяточная ўрачыстасьць мучанікаў прадвяшчае дзень нараджэньня Хрыста і прапаведуе прыход Сонца ад Сонца – Бога, які зьявіўся ад Дзевы. Дзесяць мучанікаў у Крыце моцна пацярпелі і атрымалі ў небе вянцы перамогі. Дык усклікнем ім: "Хор выбраны мучанікаў сьвятых, маліце Хрыста за тых, што з вераю спраўляюць памяць вашую".

Цяпер ...

(Тон 8). Красуйся, Бэтлееме; раю, адчыніся; рыхтуйся, Эўфрата, бо вось абнаўляюцца Адам з Эваю; праклён адмяняецца, збаўленьне сьвету прарастае; душы праведных зьзяюць новай красою і прыносяць у дар, замест міра, песьню хвалы, і атрымліваюць збаўленьне душаў і нятленнасьць. Той, хто ў ясьлях ляжыць, прымае хвалу ад тых, што няспынна клічуць: "Госпадзе, слава Табе!".

 

Вершапесьні

(Тон 6). Бязьмежная Мудрасьць Божая, Хрыстос, што невыказна ўчыніў сабе дом з улоньня Дзевы, ідзе нарадзіцца ў целе ў пячоры і быць пакладзеным у ясьлях.

Верш. Бог ідзе з поўдня, Сьвяты з гары, пакрытай цяністым гаем.

Ты, Хрысьце, аб'явіўся прарокам, наколькі ім магыма было бачыць Тварца, а ў апошні час паказаўся ўсім людзям у горадзе Бэтлееме, стаўшыся чалавекам.

Верш. Госпадзе, я пачуў голас Твой і спалохаўся; зразумеў учынкі Твае і жахнуўся.

Зорка абышла ўсё неба і абвясьціла мудрацам, што Хрыстос, Сонца справядлівасьці, нарадзіўся ў Бэтлееме, і анёлы прынесьлі пастухом добрую вестку. Пойдзем і мы разам з імі да нашага Бога.

Слава ...

(Тон 2). Крыт спраўляе перадсьвяточны дзень нараджэньня Хрыстовага і памяць мучанікаў. Малітвамі іх, Госпадзе, збаў душы нашыя.

Цяпер ...

(Тон 2). Ужо блізка час збаўленьня нашага; рыхтуйся, пячора, бо вось Дзева набліжаецца радзіць; Бэтлееме, зямля Юдава, красуйся і весяліся, бо з цябе зазьзяў Госпад наш; пачуйце гэта, горы і ўзгоркі і навакольныя мясьціны Юдэйскія, бо прыходзіць Хрыстос, каб у чалавекалюбстве сваім збавіць чалавека, якога стварыў.

 

Адпушчальныя трапары:

Мучанікаў (тон 3). Ушануем Крыт, годны подзіву, які прарасьціў дзесяць мучанікаў – пачэсныя кветкі, пэрлы Хрыстовыя, што пасаромілі ідалапаклоньнікаў і атрымалі вянцы перамогі.

Слава ... цяпер ...

Трапар перадсьвяцьця (тон 4). Бэтлееме, рыхтуйся; адчыніся, раю; красуйся, Эўфрата, бо вось дрэва жыцьця зацьвітае ў пячоры ад Дзевы: улоньне Яе сталася раем духоўным, у якім прарос Божы парастак, ад якога спажыўшы, жыць будзем, а не памрэм як Адам. Хрыстос родзіцца, каб раней упалы вобраз узьняць.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст