і сьвятога айца нашага Тодара
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Сьцяпана (Тон 4).
Прасьвятліўшы розум ласкаю Духа, ты, Сьцяпане, стаўся падобным да анёла, зьзяючы
ўнутранай сьветласьцю, бачнай для тых, што глядзелі на цябе, і ўдастоіўся
сузіраньня Сьвятла, калі неба адчынілася для цябе, першы і слаўны мучаніку.
Камяні, якія кідалі на цябе, былі прыступкамі лесьвіцы да
неба, узышоўшы па якой, ты бачыў па правай руцэ Айца Госпада, што жыцьцядайнай
рукою працягваў табе вянец перамогі. Цяпер ты, як пераможца і першы мучанік,
прабываеш з Ім давеку.
Зьзяючы цудамі і знакамі, ты пасароміў нязбожнікаў вучэньнем
тваім; калі яны цябе забівалі, кідаючы каменьні, ты, Сьцяпане сьвяты, маліўся за
іх, каб ім быў адпушчаны гэты грэх, як рабіў раней Збаўца, у рукі якога ты аддаў
душу тваю.
Тодара (Тон 4). Ты пацярпеў выгнаньне, біцьцё і
вязьніцу ад таго, хто незаконна займаў законны пасад і чыніў закалот у веры,
адкідаючы найчысты вобраз Збавіцеля, ласкаю Якога ты, угодніку Хрыстовы,
пасароміў яго.
Ні цёмная вязьніца, ні трывога душы, ні раны і біцьцё ня
здолелі разлучыць цябе, ойча Тодару, Божы прапаведніку, з любоўю Божай, – ні
цяжкая немач і нясьцерпны боль, ані голад: ты ўсё мужна перанёс у прадбачаньні
ўзнагароды за твае подзьвігі.
Замест суму радасьць, замест болю асалоду, замест цемры
зьзяньне даў табе Той, хто ўзнагароджвае за подзьвігі. За шнары на твары тваім,
ты быў запісаны ў кнігу жыцьця і стаўся саўдзельнікам царквы сьвятых у небе,
залічаны да анельскіх хораў.
Слава ...
(Тон 2). Уладару ўсіх, што нарадзіўся на зямлі,
прыносіцца сьветлы вянец, упрыгожаны не самацьветамі, але крывёю мучаніка. Дык
прыйдзіце, мучанікалюбцы, з вянкамі песьняў і, упрыгожыўшы галовы кветкамі,
засьпявайце: "Першамучаніку Сьцяпане, ты прасьвятліў душу тваю мудрасьцю і
ласкаю. Малі цяпер Хрыста Бога даць нам супакой і веліч зьмілаваньня".
Цяпер ...
(Тон 2). Вялікі і слаўны цуд здарыўся сёньня:
Дзева родзіць, і ўлоньне Яе застаецца дзявочым; Слова ўцелаўляецца, не
разлучыўшыся з Айцом. Анёлы з пастухамі пяюць песьню хвалы, і мы разам з імі
ўсклікаем: "Слава на вышынях Богу і супакой на зямлі!".
Вершапесьні
(Тон 1). Усхвалім Таго, хто ад Айца перад вякамі
зазьзяў і хто быў беспачатна ва ўлоньні Айца, а ў апошні час зьявіўся нам,
седзячы на руках Маці, быццам на пасадзе, і прымаючы пакланеньне ад анёлаў,
пастухоў і мудрацоў.
Верш. "Ва ўлоньні перад заранкай я нарадзіў цябе",
– кляўся Госпад і не раскаяўся.
Пойдзем, верныя, у Бэтлеем, убачым Тварца ўсіх, які ляжыць у
ясьлях і прымае патройныя дары ад мудрацоў, што прыйшлі з зямлі Халдэйскае, – і
які прыме дзеля нас трохдзённую сьмерць.
Верш. Сказаў Госпад Госпаду майму: "Сядзь па
правай руцэ маёй".
Ты нарадзіўся ў пячоры ад Дзевы, і хоры анёлаў вакол Цябе
ўсклікнулі: "Слава на вышынях Богу, што, як чалавек, нарадзіўся з улоньня Дзевы
і бязьвіннае Маці, каб абнавіць увесь сьвет!".
Слава ...
(Тон 6). Ты быў першым сярод мучанікаў і дыяканаў,
Сьцяпане апостале, пакутнікаў краса, верных умацаваньне, слава праведнікаў.
Стоячы перад пасадам Хрыста Ўладара ўсіх, маліся, каб Ён дараваў правіны тым,
што спраўляюць памяць тваю, і зрабіў іх дастойнымі валадарства нябеснага.
Цяпер ...
(Тон 6). Цешацца сёньня анёлы ў небе, і радуюцца
людзі, і ўсё стварэньне поўніцца радасьцю дзеля Госпада Збавіцеля, які
нарадзіўся ў Бэтлееме. Усякая спакуса ідальская сканчаецца і Хрыстос пануе на
ўсе вякі.
Адпушчальныя трапары:
Трапар Сьцяпана (тон 4). У цярпеньнях, перанесеных
за Хрыста Бога, ты, першы сярод мучанікаў, здабыў вянец перамогі, выкрыў зацятую
злосьць тых, што перасьледвалі цябе, і бачыў Збавіцеля твайго па правай руце
Айца. Малі Яго няспынна за збаўленьне душаў нашых.
Слава ...
Трапар Тодара (тон 8). Правай веры настаўнік,
набожнасьці прыклад і чысьціні, сьветач сусьветны, Богам натхнёная манахаў
аздоба, Тодару мудры, навукаю тваёю ты ўсіх прасьвятліў, жалейка духоўная. Малі
Хрыста Бога за збаўленьне душаў нашых.
Цяпер ...
Трапар сьвята (тон 4).
Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня.
І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу
справядлівасьці, і зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава
Табе!
Літургія
Трапары:
Трапар сьвята: Нараджэньне Тваё ...
Трапар Сьцяпана: У цярпеньнях...
Трапар Тодара: Правай веры настаўнік...
Слава ...
Кандак Сьцяпана (Тон 8).
Учора Госпад у целе прыйшоў, сёньня слуга з целам разлучаецца; учора Уладар усіх
цялесна нарадзіўся, сёньня слугу каменьнямі забіваюць: за Яго памірае мучанік,
боскі Сьцяпан.
Цяпер ...
Кандак сьвята: (тон 3). Дзева сёньня родзіць
Надпрыроднага, і зямля пячору Недаступнаму прыносіць; анёлы з пастушкамі ў
песьнях Яго славяць, мудрацы з зоркаю падарожнічаюць. Дзеля нас нарадзілася
Дзіцятка малое, спрадвечны Бог.
Пракімен, алілуя, задастойнік і прычасьник: сьвята
Апостал: Дз 6: 8 -7:5а; 47–60
Евангельле: Мц 21:33–42 |