Вячэрня
На "Госпаде, Цябе клічу ...":
(Тон 5). Дасканалы вобраз Божы, Ты прыняў Адамаў
выгляд і захацеў, каб Цябе насілі на руках, хоць Ты сам рукою сваёю трымаеш усё
стварэньне. Чыстая і Беззаганная сказала Табе голасна: "Як мне спавіць Цябе ў
пялёнкі, быццам немаўля; як карміць Цябе, які корміш усіх? Як мне не дзівіцца
ўбогасьці Тваёй, што пераўзыходзіць розум; як я, слуга Твая, буду называць Цябе
Сынам маім? Слаўлю і бласлаўляю Цябе, які даеш сьвету веліч зьмілаваньня".
Усебеззаганная, убачыўшы Дзіця – спрадвечнага Бога, – што
нарадзілася ад Яе, на руках трымаючы Яго і цалуючы, усклікнула, поўная радасьці:
"Божа найвышэйшы, як гэта я бачу Цябе, нябачнага Ўладара? Не магу зразумець
тайны бязьмежнага ўбоства Твайго: маленькая пячора, чужая, зьмяшчае Цябе, які ў
нараджэньні сваім зьбярог маё дзявоцтва і дараваў сьвету веліч зьмілаваньня".
Усячыстая, пачуўшы мудрацоў, што стаялі перад пячораю,
сказала: "Каго вы шукаеце? Бачу, што вы прыйшлі здалёку, бо выгляд ваш незнаёмы
і гутарка; вы пэўна зрабілі вялікае падарожжа, каб прыйсьці пакланіцца
Падарожніку з вышыняў, што дзіўным спосабам ува мне пасяліўся, каб дараваць
сьвету веліч зьмілаваньня".
Мучанікаў (тон 4). Вы былі цьвёрда ўмацаваныя
сілаю Ўладара Хрыста, у слабасьці прыроднай вы паказаліся непераможнымі,
подзьвігамі вашымі адолелі ворага, і цяпер моліцеся за тых, хто спраўляе вашую
сьвятую і сьветлую памяць, мучанікі слаўныя.
Тэафіль словамі, Даратэй учынкамі, разам з Мігдоніем,
Гаргоніем і Сэкундам, Пятром і Індзісам мужна змагаліся і ворагаў перамаглі.
Цяпер яны цешацца і моляць за вызваленьне ад бедаў тых, што з вераю спраўляюць
іхнюю пачэсную памяць.
Юнакі і дзевы, старцы і дзеткі малыя – усе паказалі
аднолькавую мужнасьць, і таму атрымалі аднолькавую ўзнагароду ласкаю, і цяпер
прабываюць разам з Уладаром усіх і Богам. Дык ушануем іх – усю дваццацітысячную
грамаду, – сьвятымі песьнямі, як сьветлых сусьветных сьветачаў.
Слава ... цяпер ...
(Тон 5). Хай цешыцца неба, хай радуецца зямля:
сёньня анёлы і людзі злучыліся ў адзін статак. Што за цуд! Нябачны робіцца
бачным, Незьмяшчальны зьмяшчаецца, Слова прымае цела, Сын Божы стаецца Сынам
чалавечым; Дзева чыстая, застаючыся дзеваю, стаецца Маці Божаю і кладзе ў ясьлях
ўцелаўлёнае Слова Айца; пастухі стаюцца прапаведнікамі і сьведкамі тайны,
мудрацы з усходу, ведзеныя зоркаю, прыносяць дары і пакланяюцца народжанаму
Збаўцу. З імі і мы адчынім скарбніцы сэрцаў нашых і, замест золата, ладану і
смірны, прынясем добрыя ўчынкі нашыя, веру, надзею і любоў, і засьпяваем разам з
анёламі Таму, хто прыйшоў збавіць ад спакусы род наш: "Слава на вышынях Богу і
супакой на зямлі, добрая воля сярод людзей!".
Вершапесьні
(Тон 2). Ты, Хрысьце, успрыняў вобраз першага
Адама, нарадзіўся ад Дзевы і быў пакладзены ў ясьлях, спавіты ў пялёны.
Верш. "Ва ўлоньні перад заранкай я нарадзіў цябе",
– кляўся Госпад і не раскаяўся.
Сьпявай па-прароцку, Давідзе, грай на гусьлях, бо з твайго
семя паходзіць Багародзіца, ад якое сёньня родзіцца Хрыстос.
Верш. Сказаў Госпад Госпаду майму: "Сядзь па
правай руцэ маёй".
Аддайма, верныя, у песьнях разам з пастухамі, мудрацамі і
анёламі належную хвалу ад Дзевы народжанаму Богу.
Слава ... цяпер ...
(Тон 1). Сёньня ў Бэтлееме чую, як анёлы пяюць
"Слава на вышынях Богу, які ў дабраце сваёй прынёс супакой на зямлю". Сёньня
Дзева явілася больш прасторнай за неба; сёньня Сьвятло зазьзяла тым, што ў
цемры, і ўзвысіла пакорных, якія пяюць разам з анёламі: "Слава на вышынях
Богу!".
Адпушчальныя трапары:
Трапар мучанікаў (тон 2). Мучанікі Гасподнія,
шчасьліваязямля, якую вы напаілі вашай крывёю, і сьвятое месца, дзе спачываюць
вашыя целы. Вы вашым подзьвігам перамаглі ворага і мужна прапаведавалі Хрыста.
Маліце Яго цяпер як добрага і міласэрнага за збаўленьне душаў нашых.
Слава ... цяпер ...
Трапар сьвята: (тон 4). Нараджэньне Тваё, Хрысьце
Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня. І вось тыя, што зоркам
служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу справядлівасьці, і
зразумелі, што Ты – Сьвітаньне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе! |