Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 1 лютага - Перадсьвяцьце Сустрэчы Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста


 

 

1 лютага - Перадсьвяцьце Сустрэчы Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста

і сьвятога мучаніка Трыфана


Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

(Тон 4). Пачэсная сьвятыня рыхтуецца прыняць Госпада, які прыходзіць як немаўля і ласкаю духоўнаю праясьняе багалюбную грамаду верных, якая ўсклікае: "Ты, Слова, што стаўся дзіцяткам дзеля мяне, – слава, пахвала, упрыгожаньне і спаўненьне жаданьняў маіх".

Сьветлы Хорам, найпачэсная Палата і прасторная Сьвятыня прыносіць у сьвятыню Госпада, дзе ўрачыста заручае Яго са сьвятой Царквой, і моліцца за вызваленьне ад тленнасьці тых, што няспынна славяць Яе, як існую Багародзіцу.

Перадсьвяточную пахвалу Хрысту сёньня прынясем, славячы Ягоны зыход, бо вось Ён прыносіцца на руках Дзевы як немаўля і кладзецца на рукі Сямёна, заклікаючы ўсіх людзей і абагаўляючы іхнюю прыроду, як Дабрачынца і Госпад.

(Тон 1). Усяхвальны Трыфане, ты стаўся ўдзельнікам нятленных нябесных асалодаў. Вялікія подзьвігі твае, слаўны, бо ты пацярпеў мучаніцкую сьмерць і быў сьведкам праўды. Цяпер маліся Хрысту дараваць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня.

Усяхвальны Трыфане, ты быў прасьветлены промнямі незаходнага Сьвятла. Не паддаўшыся змроку спакусы, ты Боскаю ласкаю перамог таго, хто трымаў у цемры сьвет. Цяпер маліся Хрысту дараваць душам нашым супакой і веліч зьмілаваньня.

Ты, блаславёны Трыфане, удастоіўся радасьці анёлаў. Адкінуўшы прынады гэтага сьвету сілаю духа, ты палічыў іх за нішто, пацярпеўшы мучаніцкую сьмерць. Маліся цяпер за душы нашыя.

Слава ...:

(Тон 2). Палічыўшы за нішто зямное, ты, блаславёны Трыфане, мужна стаў перад судом і ў змаганьні сваёй крывёю перамог гордага ворага, пацярпеўшы цялесныя мукі. Цяпер, мучаніку, не пераставай маліцца за збаўленьне душаў нашых.

Цяпер ...:

(Тон 2). Сёньня Сямён прымае на рукі свае Госпада Славы, якога раней на Сынайскай гары бачыў у хмары Майсей, калі Той даваў яму табліцы Закону. Ён той, які гаварыў праз прарокаў, Ён – Творца Закону. Ён той, якога Давід прадвясьціў – страшны для ўсіх і багаты на міласэрнасьць.


Вершапесьні

(Тон 2). Успрымі, Сямёне, Госпада славы, бо вось Ён прыходзіць, як было прадвешчана табе Духам Сьвятым.

Верш. Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі, паводле слова Твайго.

Усячыстая Дзева ўваходзіць у сьвятыню, несучы на руках, як немаўля, Уладара і Творцу ўсіх.

Верш. Сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго.

Вялікая і страшная тайна, дзівосная на выгляд: Той, хто трымае ў абдымках сваіх усё і ўзгадоўвае немаўлят, як немаўля на руках прыносіцца.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 2). Сьвятая Дзева прыносіць Сьвятога ў сьвятыню да сьвятара; Сямён, працягнуўшы рукі, прымае Яго і радасна ўсклікае: "Цяпер адпускаеш, Уладару Госпадзе, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго".


Адпушчальныя трапары

Мучаніка (тон 4). Мучанік Твой, Госпадзе, Трыфан, у цярпеньнях вянец нятленны атрымаў ад Цябе, Бога нашага. Маючы сілу Тваю, ён перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў душы нашы.

Перадсьвяцьця (тон 1). Нябесныя хоры анёльскія, прыпаўшы да зямлі, бачаць, як Дзева Маці прыносіць у сьвятыню, як немаўля, Першароднага ўсяго стварэньня, і радасна з намі перадсьвяточную песьню пяюць.


Літургія


Трапары

Трапар перадсьвяцьця (тон 1). Нябесныя хоры анёльскія, прыпаўшы да зямлі, бачаць, як Дзева Маці прыносіць у сьвятыню, як немаўля, Першароднага ўсяго стварэньня, і радасна з намі перадсьвяточную песьню пяюць.

Кандак перадсьвяцьця (тон 6). Слова, што нябачна з Айцом прабывае, сёньня стаецца бачным у целе, нарадзіўшыся ў невыказны спосаб ад Дзевы і даўшы сябе ўзяць на рукі старому сьвятару. Паклонімся Яму, як праўдзіваму Богу нашаму.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст