Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 2 лютага - Сустрэча Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста (Стрэчаньне)


 

 

2 лютага - Сустрэча Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста (Стрэчаньне)

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

(Тон 1). Скажы Сямёне, каго гэта ты радасна ўносіш на руках у сьвятыню, каму ты кажаш: "Сёньня я вызваляюся, бо ўбачыў Збавіцеля майго!" Ён Той, хто нарадзіўся ад Дзевы, – ад Бога Бог-Слова, што дзеля нас прыняў цела і збавіў чалавека. Дык паклонімся Яму! (Двойчы)

Прымі, Сямёне, Таго, каго Майсей бачыў у хмары на Сынаі, калі Ён даваў яму Закон, і які цяпер, як немаўлятка, падпарадкоўваецца Закону. Ён Той, хто гаварыў у Законе і праз прарокаў, і хто дзеля нас прыняў цела і збавіў чалавека. Дык паклонімся Яму! (Двойчы)

Пойдзем і мы, каб набожнымі песьнямі сустрэць Хрыста, і прымем Яго як Збаўленьне, якое бачыў Сямён. Ён Той, каго Давід прадвясьціў, хто гаварыў праз прарокаў, і хто дзеля нас прыняў цела і збавіў чалавека. Дык паклонімся Яму! (Двойчы)

Слава ... цяпер ...:

(Тон 6). Хай адчыніцца брама нябесная, бо вось спрадвечнае Слова Айца, застаючыся нязьменным Богам, бярэ пачатак у часе. Як саракадзённае дзіця, Ён прыносіцца Маці-Дзеваю ў законную сьвятыню. Стары Сямён бярэ Яго на рукі свае, кажучы: "Адпусьці цяпер слугу Твайго, Уладару, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё. Ты прыйшоў на гэты сьвет збавіць род людзкі". Госпадзе, слава Табе!


Чытаньне кнігі Выхаду

У дзень, калі Ён вывеў з зямлі Ягіпецкай сыноў Ізраілевых, Госпад сказаў Майсею: "Прысьвяціце мне кожнага першанароджанага сярод сыноў Ізраілевых – першынца з матчынага ўлоньня". Майсей пайшоў і, сабраўшы ўсіх людзей, сказаў ім: "Памятайце той дзень, калі вы выйшлі з Ягіпту, з дому няволі: Госпад вывеў вас адтуль магутнай рукою. Дык захоўвайце вось гэты закон Ягоны кожны год у азначаным часе. Калі Госпад увядзе вас у краіну ханаанскую і дасьць яе вам, як абяцаў айцом вашым, аддасьце кожнага першанароджанага з улоньня маці мужчынскага полу Госпаду. І калі спытаецца сын твой у будучыні: "Што значыць гэты звычай?", то адкажаш яму: "Госпад моцнай рукою вывеў нас з Ягіпту, з дому няволі. Калі фараон заўпарціўся і не хацеў звольніць нас, Госпад вынішчыў усіх першанароджаных на зямлі Ягіпецкай, як ад людзей так і ад жывёлы. Дзеля гэтага я ахвярую Госпаду першанароджанага мужчынскага полу ад улоньня маці і выкупляю кожнага першанароджанага ад сыноў маіх". І гэты звычай будзе знакам і напамінам для цябе, што Госпад вывеў цябе магутнай рукой сваёю з Ягіпту. Бо так сказаў Госпад Усемагутны: "Першанароджанага з сыноў тваіх аддасі Мне. І калі жанчына народзіць дзіця мужчнскага полу, на восьмы дзень абрэжце крайнасьць цела ягонага. І праз наступныя трыццаць тры дні хай яна не ўваходзіць у сьвятыню да сьвятара, аж пакуль ня споўняцца дні ачышчэньня яе. І пасьля гэтых дзён хай прынясе яна сьвятару перад уваходам у шацёр Сустрэчы аднагадовае беззаганнае ягнятка на ахвяру цэлапальную, і аднаго маладога голуба або туркаўку. Або, замест таго, хай прынясе перад Госпадам два голубы, або дзьве туркаўкі, і сьвятар памоліцца аб ёй. Бо ўсе першанароджаныя ад сыноў Ізраілевых належаць Мне: Я іх прыняў і асьвяціў у дзень, калі Я вынішчыў усіх першанароджаных у краіне Ягіпецкай, ад чалавека да жывёлы". Так кажа Бог Найвышэйшы, Сьвяты Ізраіля. (12:51;13:1-3,10-12,14-16;22:28; Лев. 12: 1-4, 6-8; Лікі 8:17)


Чытаньне кнігі прарока Ісаі

У год, калі памёр кароль Азія, я бачыў Госпада, які сядзеў на высокім і ўзнёслым пасадзе, і ўся сьвятыня была поўная славы Ягонай. Сэрафімы луналі над Ім; кожны з іх меў па шэсьць крылаў: двума закрываў твар, двума пакрываў ногі свае, а двума лётаў. І пераклікаліся яны між сабою, кажучы: "Сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад сілаў: уся зямля поўная хвалы Ягонай". І тады задрыжэлі асновы пасаду ад голасу Таго, хто гукаў, і ўся сьвятыня напоўнілася дымам. Я сказаў: "Гора мне! Гіну! Я – чалавек, вусны мае нячыстыя і жыву сярод людзей з нячыстымі вуснамі, а вось вочы мае бачаць Уладара, Госпада сілаў!" Тады падляцеў да мяне адзін з сэрафімаў, трымаючы ў руках вугаль, які ўзяў клешчамі з ахвярніка. Ён дакрануўся ім да маіх вуснаў і сказаў: "Вось, дакрануўшыся да вуснаў тваіх, ён адняў усе правіны твае, і грахі твае ачысьціў". І я пачуў Голас Госпада, які казаў: "Каго мне паслаць? Хто пойдзе да людзей маіх?" Я адказаў: "Вось я тут: пашлі мяне!" І Ён сказаў мне: "Ідзі і кажы гэтаму народу: „Будзеце слухаць пільна, і не разумець; глядзець будзеце і ня бачыць“. Скамянела сэрца людзей гэтых, вушы іх зьнячуленыя і вочы асьлеплыя, так што яны вачыма ня бачаць і вушыма ня чуюць, і сэрцам не ўспрыймаюць, каб не навярнуцца і ня быць аздароўленымі". Тады я спытаў: "Як доўга, Госпадзе?" І Ён адказаў: "Аж пакуль не запусьцеюць гарады, і дамы застануцца без людзей, і пакінутая зямля станецца пустыняю. Пасьля гэтага пашкадуе Госпад людзей, і зноў размножацца тыя, што засталіся на зямлі." (6:1-12)


Чытаньне кнігі прарока Ісаі

Вось Госпад сядзе на лёгкую хмару і прыйдзе ў Ягіпет. Задрыжаць ад твару Ягонага ідалы ягіпецкія, і сэрцы егіпцянаў абамлеюць у грудзях іх. І сумеецца дух іх, і прападзе зараднасьць іх. І выдасьць Ягіпет у рукі строгіх уладароў. Так кажа Уладар, Госпад сілаў. Паменшае вады ў моры; рака зьмялее і высахне. Так кажа Госпад: "Дзе сёньня мудрацы твае? Хай скажуць табе, хай дадуць знаць, што задумаў Госпад сілаў аб Ягіпце". У той дзень будзе ахвярнік Госпада сярод зямлі Ягіпецкай, а на мяжы помнік у гонар Госпада. І будуць яны знакам і сьвядоцтвам Госпаду сіл на зямлі Ягіпецкай. Калі паклічуць яны Госпада на дапамогу, Ён пашле ім збавіцеля, які абароніць і збавіць іх. І тады Госпад станецца вядомым егіпцянам; і егіпцяне пазнаюць Госпада ў той дзень і прынясуць Яму ў дары малітвы і ахвяры, і дадуць абяцаньні Госпаду. (19:1-5,12,16,19-21)


Ліцьця

(Тон 1). Спрадвечны Бог, які некалі на Сынайскай гары даў Майсею закон, сёньня зьяўляецца як дзіцятка; і, згодна з законам, Творца закону выконвае закон, прыносіцца ў сьвятыню і даецца старому. Праведны Сямён, узяўшы Яго на рукі свае і ўбачыўшы, што зьдзейсьнілася абяцаньне, радасна ўсклікнуў: "Мае вочы бачылі адвеку ўтоеную тайну, што ў апошнія дні сталася яўнаю; я бачыў Сьвятло, што прасьвятляе няверных паганаў і аб'яўляе славу новаму Ізраілю. Дык вызваль слугу Твайго ад путаў гэтага цела і адпусьці да жыцьця вечнага, непрамінальнага, даючы сьвету багацьце зьмілаваньня Твайго".

Сёньня Той, які на Сынаі даў Майсею Закон, падпарадкоўваецца загадам закону: Чысты Бог у міласэрнасьці сваёй дзеля нас стаецца адным з нас, як дзіцятка, з улоньня дзявочага прыходзіць і, як Бог, сабе самому ў ахвяру прыносіцца, вызваляючы нас ад законнага праклёну і прасьвятляючы душы нашыя.

(Тон 2). Таго, каму нябесныя слугі моляцца з трапятаньнем, сёньня на зямлі ўзяў на рукі свае Сямён і абвясьціў, што Бог зьяднаўся з чалавекам. Убачыўшы ў чалавеку нябеснага Бога і разьвітваючыся з усім зямным, ён радасна ўсклікнуў: "Госпадзе, які зазьзяў незаходным сьвятлом для тых, што ў цемры, слава Табе!"

Сёньня Сямён прымае на рукі свае Госпада Славы, якога раней на Сынайскай гары бачыў у хмары Майсей, калі Той даваў яму табліцы Закону. Ён той, які гаварыў праз прарокаў, Ён – Творца Закону. Ён той, якога Давід прадвясьціў – страшны для ўсіх і багаты на міласэрнасьць.

Сьвятая Дзева прыносіць Сьвятога ў сьвятыню да сьвятара; Сямён, працягнуўшы рукі, прымае Яго і радасна ўсклікае: "Цяпер адпускаеш, Уладару Госпадзе, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго".

Сёньня сьвяты стары Сямён бярэ на рукі свае Творцу неба і зямлі і, натхнёны Духам Сьвятым, усклікае: "Сёньня я вольны, бо ўбачыў Збаўцу майго".

Сёньня Сямён, радуючыся духам, прыходзіць у сьвятыню, каб прыняць на рукі Заканадаўцу Майсеевага і Выканаўцу закону; Майсей удастоіўся бачыць Бога цьмяна і невыразна, і з пакрытым тварам асудзіў няверства народу свайго; Сямён меў на руках сваіх уцелаўлёнае спрадвечнае Слова Айца, і абвясьціў народам сьвятло, крыж і ўваскрасеньне; і прарочыца Ганна зьявілася, прадказваючы Ізраілю Адкупіцеля Спаса. Дык усклікнем Госпаду Богу нашаму: "Дзеля Багародіцы зьмілуйся над намі".

Слава ...:

(Тон 5). Дасьледуйце пісаньні, як сказаў Хрыстос Бог наш у Евангельлі, бо ў іх знойдзеце напісанае аб Тым, хто нарадзіўся, быў пакладзены ў ясьлях і малаком кормлены. Ён і абрэзаньне прыняў, а Сямён насіў Яго на руках сваіх ня ўяўна, і не як прывід, але як сапраўды Таго, хто зьявіўся сьвету. Дык усклікнем Яму: "Спрадвечны Божа, слава Табе!"

Цяпер ...:

(Тон 5). Спрадвечны стаўся дзіцяткам, і вось Маці Дзева прыносіць Яго ў сьвятыню, каб выканаць закон; Сямён бярэ яго на рукі і кажа: "Сёньня, Сьвяты, паводле слова Твайго, адпускаеш слугу Твайго ў супакоі, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё".


Вершапесьні

(Тон 7). Прыбяры сьвятліцу тваю, Сыёне, каб прыняць Уладара Хрыста. Вітай Марыю, нябесную браму, бо Яна сталася хэрувімскім пасадам. Яна носіць Уладара славы; Яна – хмара ацененая, Дзева, што носіць на руках Сына, які нарадзіўся перад заранкай. Сямён, узяўшы Яго на свае рукі, абвясьціў людзям: "Вось Уладар жыцьця і сьмерці, і Збавіцель душаў нашых".

Верш. Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайгу ў супакоі, паводле слова Твайго.

Той, хто спрадвеку ад Айца, а ў апошнія дні з дзявочага ўлоньня, зазьзяў, і быў паслухмяны загадам закону, які сам на Сынайскай гары ўстанавіў, сёньня прыносіцца Дзеваю-Маці ў сьвятыню да старога і праведнага сьвятара, якому было дадзена абяцаньне, што ўбачыць Хрыста Бога. Узяўшы Яго на рукі свае, Сямён радасна ўсклікнуў: "Вось Бог, роўнасутны з Айцом, і Збавіцель душаў нашых".

Верш. Сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго.

Багародзіца Марыя носіць на руках Таго, хто прыняў ад Яе цела і каго хэрувімы носяць на калясьніцы, і славяць у песьнях сэрафімы. Выконваючы закон Заканадаўцы, Яна перадае Яго на рукі старога сьвятара, і той, носячы Жыцьцё, просіць у Яго звальненьня ад жыцьця, кажучы: "Адпусьці мяне цяпер, Уладару, каб мне абвясьціць Адаму, што я бачыў у выглядзе дзіцяці спрадвечнага нязьменнага Бога і Збаўцу душаў нашых".

Слава ... цяпер ...:

(Тон 8). Той, каго носяць хэрувімы і славяць сэрафімы, сёньня прыносіцца згодна з законам у Божую сьвятыню і сядае на старэчых руках, быццам на пасадзе; ад Язэпа Ён прымае ў дары пару туркавак, – вобраз беззаганае Царквы і новаабранага народу спасярод паганаў, – і два голубы маладыя, як начальнік Старога і Новага запаветаў. Сямён, бачыўшы спаўненьне абяцаньня, дадзенага яму, бласлаўляе Дзеву Марыю Багародзіцу і прадказвае Ёй цярпеньні, што чакаюць Яе. Ён просіць у Госпада адпушчэньня, кажучы: "Цяпер адпусьці мяне, Уладару, згодна з дадзеным мне раней абяцаньнем, бо я ўбачыў Цябе, спрадвечнае Сьвятло, Збавіцеля і Госпада людзей, што носяць імя Хрыста".


Адпушчальны трапар

(Тон 1). Радуйся, поўная ласкі Багародзіца Дзева, бо з Цябе зазьзяла Сонца праведнасьці, Хрыстос Бог наш, які прасьвятляе тых, што ў цемры. Весяліся і ты, праведны стары, успрыняўшы на рукі свае Вызваліцеля душаў нашых, які дае нам уваскрасеньне. (Тройчы)


Старонка 1 з 5 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст