Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 3 лютага - Пасьвяцьце Сустрэчы, Сямёна Богапрыемцы і Ганны прарочыцы


 

 

3 лютага - Пасьвяцьце Сустрэчы, Сямёна Богапрыемцы і Ганны прарочыцы

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

(Тон 1). Дзева Маці прыносіць у сьвятыню Творцу ўсяго і Збавіцеля нашага. Прыняўшы Яго, стары Сямён радасна ўсклікнуў: "Цяпер адпускаеш слугу Твайго, добры Уладару, у супакоі, як Ты сам захацеў".

Сямён узяў ад Дзевы на рукі Таго, хто нарадзіўся спрадвеку, і ўсклікнуў: "Я бачыў, Збавіцелю, зьзяньне славы Твае па ўсёй зямлі. Цяпер, добры Уладару, адпусьці слугу Твайго ў супакоі, бо сёньня я ўбачыў Цябе".

Сямён прыняў на рукі Збаўцу, што ў апошні час нарадзіўся дзеля збаўленьня людзей, і радасна ўсклікнуў: "Я бачыў Сьвятло народаў і славу Ізраіля. Цяпер загадай вызваліць мяне ад усяго зямнога згодна з абяцаньнем Тваім".

(Тон 4). Праведны і дасканалы ва ўсім, ты, боганатхнёны, узяў на рукі свае адзінага дасканалага Бога, што прыйшоў у целе збавіць сьвет і, папрасіўшы вызваленьня ад цела, усклікнуў: "Цяпер адпусьці слугу Твайго ў супакоі, Чалавекалюбча, бо я сёньня ўбачыў Цябе".

Стары целам, але малады духам, ты, Сямёне, атрымаў абяцаньне не зазнаць сьмерці, пакуль ня ўбачыш на свае вочы Немаўлятка – спрадвечнага Творцу і Бога ўсяго, які зьбяднеў, прыняўшы цела. Убачыўшы Яго, ты ўсьцешыўся і, папрасіўшы быць разлучаным з целам, перайшоў да нябеснай сялібы, радуючыся.

Боганатхнёная Ганна і блаславёны Сямён, што праславіліся прароцтвамі, праведныя паводле закону, убачылі Заканадаўца, што зьявіўся дзеля нас у выглядзе дзіцяці, і пакланіліся Яму. Дзеля гэтага сёньня радасна сьвяткуем іхнюю памяць, славячы дастойна Ісуса Чалавекалюбца.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 5). Дасьледуйце пісаньні, як сказаў Хрыстос Бог наш у Евангельлі, бо ў іх знойдзеце напісанае аб Тым, хто нарадзіўся, быў пакладзены ў ясьлях і малаком кормлены. Ён і абрэзаньне прыняў, а Сямён насіў Яго на руках сваіх ня ўяўна, і не як прывід, але як сапраўды Таго, хто зьявіўся сьвету. Дык усклікнем Яму: "Спрадвечны Божа, слава Табе!"


Вершапесьні

(Тон 1). Сьвяткуем сёньня збавенную ласку невыказнага Богазьяўленьня, бо вось Хрыстос Бог, які, застаўшыся нязьменным, нарадзіўся ад Дзевы, прыносіцца Маці сваёю сёньня ў сьвятыню Богу і Айцу; і Сямён, прыняўшы, рукамі абняў Яго.

Верш. Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі, паводле слова Твайго.

У прароках раней Ты бачны быў, Ісусе, наколькі гэта магчымым было; сёньня ж, Хрысьце-Слова Божае, Ты зьявіўся ў целе ад Дзевы Марыі і даў збаўленьне Тваё ўсім нашчадкам Адама ў чалавекалюбстве Тваім.

Верш. Сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго.

Ты, Хрысьце, які некалі на Сынайскай гары закон устанавіў, сёньня ў горадзе Сыёне выканаў законныя пастановы: Багародзіца з цэлапальнымі ахвярамі, і Сямён на руках сваіх уносяць Цябе як дзіцятка ў сьвятыню, згодна з Тваім жаданьнем.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 1). Сёньня Той, хто некалі на Сынаі даў Майсею Закон, сам падпарадкоўваецца загадам закону: Чысты Бог у міласэрнасьці сваёй дзеля нас стаецца адным з нас, як дзіцятка, з улоньня дзявочага прыходзіць і, як Бог, сабе самому ў ахвяру прыносіцца, вызваляючы нас ад законнага праклёну і прасьвятляючы душы нашыя.


Адпушчальныя трапары

Трапар сьвятога (тон 4). Стары Сямён сёньня радуецца, прыняўшы на рукі свае Дзіцятка – Спрадвечнага Бога, і просіць вызваленьня ад цялесных путаў, "бо – кажа, – вочы мае бачылі Збаўленьне сьвету".

Трапар сьвята (тон 1). Радуйся, поўная ласкі Багародзіца Дзева, бо з Цябе зазьзяла Сонца праведнасьці, Хрыстос Бог наш, які прасьвятляе тых, што ў цемры. Весяліся і ты, праведны стары, успрыняўшы на рукі свае Вызваліцеля душаў нашых, які дае нам уваскрасеньне.


Літургія


Трапары

Трапар сьвята (тон 1). Радуйся, поўная ласкі Багародзіца Дзева, бо з Цябе зазьзяла Сонца праведнасьці, Хрыстос Бог наш, які прасьвятляе тых, што ў цемры. Весяліся і ты, праведны стары, успрыняўшы на рукі свае Вызваліцеля душаў нашых, які дае нам уваскрасеньне.

Трапар Сямёна (тон 4). Стары Сямён сёньня радуецца, прыняўшы на рукі свае Дзіцятка – Спрадвечнага Бога, і просіць вызваленьня ад цялесных путаў, "бо – кажа, – вочы мае бачылі Збаўленьне сьвету."

Кандак Сямёна (тон 4). Сёньня стары Сямён ўспрыняў на рукі свае Творцу ўсіх і Госпада і, папрасіўшы вызваленьня ад гэтага тленнага жыцьця, атрымаў адпушчэньне і адышоў да жыцьця вечнага.

Кандак сьвята (тон 1). Улоньне дзявочае Ты асьвяціў і рукі Сямёнавыя блаславіў, як належала; і цяпер, апярэдзіўшы нас, Ты дараваў нам збаўленьне, Хрысьце Божа. Захавай у супакоі Царкву Тваю, і ўмацуй усіх нас у любові Тваёй, адзіны Чалавекалюбча.


Пракімен (Пс 63:11,2). Праведнік узрадуецца ў Госпадзе і знойдзе прыпынак у Яго.

Госпадзе, пачуй голас малітвы маёй.


Апостал: Гэб 9:11-14


Алілуя (Пс 96:11;111:9). Сьвятло ўзыходзіць для справядлівага і радасьць для людзей правага сэрца.

Верш. Раздае, дае ўбогім: шчодрасьць яго будзе трываць давеку.


Евангельле: Лк 2:25-38


Задастойнік сьвята. Багародзіца Дзева, надзея хрысьціянаў, пакрый, захавай і збаў тых, што спадзяюцца на Цябе.

Пад покрывам Закону і Пісаньняў вобраз нам, верным, дадзены: кожны сын першародны Богу пасьвячаецца. Дзеля гэтага мы ўзьвялічваем Першароднае Слова спрадвечнага Бога, Сына першароднага Дзевы Маці.


Прычасьнік. Чашу збаўленьня прыму, буду клікаць імя Гасподняе.

Верш. Памяць праведніка жыць будзе вечна, благое весткі ён не збаіцца. Алілуя, алілуя, алілуя.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст