Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 4 лютага - Пасьвяцьце Сустрэчы і сьвятога айца нашага Сідара Пэлусіёта


 

 

4 лютага - Пасьвяцьце Сустрэчы і сьвятога айца нашага Сідара Пэлусіёта

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

(Тон 4). Спаўняючы пісаны закон, Чалавекалюбец прыносіцца сёньня ў сьвятыню. Стары Сямён прымае Яго на свае рукі і кажа: "Цяпер адпускаеш мяне да вечнага шчасьця, бо я ўбачыў сёньня Цябе, апранутага ў сьмяротнае цела, хоць Ты Госпад жыцьця і Уладар сьмерці".

Ты, Госпадзе, явіў сябе сьвятлом для прасьвятленьня народаў. Як Сонца праведнасьці, што сядзіць на хмары, Ты споўніў усё, што Закон цьмяна прадказваў, і паказаў сьвітанак новай ласкі. Сямён, убачыўшы Цябе, усклікнуў: "Вызвалі мяне ад тленнасьці, бо сёньня я ўбачыў Цябе".

Не пакідаючы ўлоньня Айца як Бог, Ты дабравольна прыняў цела і быў ношаны ў абдымках Заўсёды Дзевы. Ты, што трымаеш усё рукою Тваёю, дазволіў Сямёну Богапрыемцу ўзяць Цябе на рукі, і ён радасна ўсклікнуў: "Сёньня адпускаеш у супакоі слугу Твайго, бо я ўбачыў Цябе, Уладару".

(Тон 4). Відзеньнямі і ўчынкамі ты, мудры Сідар, узьнёсься да Бога і ўчыніў жыцьцё тваё дасканалым. Ты палюбіў вечнае, пажадаўшы яго ўсім нутром тваім, і таму асягнуў блаславёную мэту і трохсонечнае зьзяньне.

Вадаспадам ласкі і слоўным дажджом ты напаўняеш усіх мудрых у Богу; дакрануўшыся вуснамі да чашы вышэйшае мудрасьці, ты, годны подзіву, чэрпаў з яе шчодра, быццам з крыніцы, рассыпаў усюды промні вучэньняў, навучаючы і настаўляючы ўсіх.

Утаймаваўшы прыродныя схільнасьці ўстрыманасьцю і жыцьцядайным умярцьвленьнем, і пашырыўшы далягляды душы, ты, сьвяты ойча, стаўся скарбніцаю Духа, крыніцаю боганатхнёных вучэньняў і селішчам невыказнае мудрасьці.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 2). Сёньня Сямён прымае на рукі свае Госпада Славы, якога раней на Сынайскай гары бачыў у хмары Майсей, калі Той даваў яму табліцы Закону. Ён той, які гаварыў праз прарокаў, Ён – Творца Закону. Ён той, якога Давід прадвясьціў – страшны для ўсіх і багаты на міласэрнасьць.


У вялікі Пост:

Слава ... цяпер ...:

Багародзічны (тон 4). Маючы Цябе памочніцай, Усячыстая, што прабываеш у няспыннай малітве да Госпада, прашу Цябе: адхілі ад мяне, Дзева, напасьці, спыні хваляваньні душы маёй, узнімі мой розум, каб мне належна ўславіць Цябе.

Або:

Крыжабагародзіны. Убачыўшы, як Ты, Ягнё і Пастыр, вісіш на дрэве, Усчыстая па-матчынаму заплакала і ўсклікнула: "Сыне мой любы, як гэта павесілі цябе, Даўгацярплівы, на дрэве крыжовым? Як беззаконныя прыбілі цьвікамі рукі і ногі Твае, Слова; і як Ты, Уладару кроў сваю праліў?"


Вершапесьні: тыя самыя, што 1 лютага:

(Тон 2). Успрымі, Сямёне, Госпада славы, бо вось Ён прыходзіць, як было прадвешчана табе Духам Сьвятым.

Верш. Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі, паводле слова Твайго.

Усячыстая Дзева ўваходзіць у сьвятыню, несучы на руках, як немаўля, Уладара і Творцу ўсіх.

Верш. Сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго.

Вялікая і страшная тайна, дзівосная на выгляд: Той, хто трымае ў абдымках сваіх усё і ўзгадоўвае немаўлят, як немаўля на руках прыносіцца.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 2). Сьвятая Дзева прыносіць Сьвятога ў сьвятыню да сьвятара; Сямён, працягнуўшы рукі, прымае Яго і радасна ўсклікае: "Цяпер адпускаеш, Уладару Госпадзе, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго".


Адпушчальныя трапары

Трапар сьвятога (тон 8). У табе, ойча, верна захаваўся вобраз Божы: узяўшы крыж, ты пайшоў усьлед за Хрыстом і на справе навучаў не клапаціцца аб целе, бо яно прамінае, але дбаць пра душу, рэч несьмяротную. Дзеля гэтага разам з анёламі радуецца, сьвяты Сідару, дух твой.

Трапар сьвята (тон 1). Радуйся, поўная ласкі Багародзіца Дзева, бо з Цябе зазьзяла Сонца праведнасьці, Хрыстос Бог наш, які прасьвятляе тых, што ў цемры. Весяліся і ты, праведны стары, успрыняўшы на рукі свае Вызваліцеля душаў нашых, які дае нам уваскрасеньне.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст