Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 5 лютага - Пасьвяцьце Сустрэчы і сьвятой мучаніцы Агаты


 

 

5 лютага - Пасьвяцьце Сустрэчы і сьвятой мучаніцы Агаты

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

(Першыя 3 вершапесьні з 3 лютага):

(Тон 1). Сьвяткуем сёньня збавенную ласку невыказнага Богазьяўленьня, бо вось Хрыстос Бог, які, застаўшыся нязьменным, нарадзіўся ад Дзевы, прыносіцца Маці сваёю сёньня ў сьвятыню Богу і Айцу; і Сямён, прыняўшы, рукамі абняў Яго.

У прароках раней Ты бачны быў, Ісусе, наколькі гэта магчымым было; сёньня ж, Хрысьце-Слова Божае, Ты зьявіўся ў целе ад Дзевы Марыі і даў збаўленьне Тваё ўсім нашчадкам Адама ў чалавекалюбстве Тваім.

Ты, Хрысьце, які некалі на Сынайскай гары закон устанавіў, сёньня ў горадзе Сыёне выканаў законныя пастановы: Багародзіца з цэлапальнымі ахвярамі, і Сямён на руках сваіх уносяць Цябе як дзіцятка ў сьвятыню, згодна з Тваім жаданьнем.

Далей наступныя:

(Тон 4). Ты, Агата, нявеста Божая, захавала цела нятленным для Хрыста, жаніха твайго; упрыгожаная дабрадзейнасьцю дзявоцтва і прасьветленая зьзяньнем мучаніцтва, ты ўвайшла ў хорам Божы. Дзеля гэтага мы ўсе сьвяткуем тваю ўрачыстасьць і славім Збавіцеля, які ўславіў цябе.

Ты пацярпела адцінаньне грудзей, нясьцерпны жар агню і разьдзіраньне цела; вачыма сэрца ты бачыла вечную блаславёную ўзнагароду і вянец незьвядальны, што дараваў табе Хрыстос, за якога пацярпела ты, слаўная шматпакутная мучаніца.

Ты стрымала нясьцерпнае бушаваньне агню малітвамі сваімі, добраіменная мучаніца, і збавіла горад, у якім аддаецца пашана пачэсным мошчам тваім, з якіх цякуць рэкі ацаленьняў праз Сьвятога Духа; бо тваімі цярпеньнямі ты, усяхвальная, упакорыла ворага і атрымала пераможны вянец.

Слава ...:

(Тон 8). У цярпеньнях сваіх ты, слаўная Агата і мучаніца Хрыста Бога, упадобнілася Майсею. Той некалі людзям даў напісаны Богам на каменных табліцах закон, які ён атрымаў на гары. Цяпер анёл з неба прынёс на магілу тваю табліцу, на якой напісана было пра розум твой моцны і намер непахісны, гонар ад Бога і збаўленьне бацькаўшчыны.

Цяпер ...:

(Тон 8). Той, каго носяць хэрувімы і славяць сэрафімы, сёньня прыносіцца згодна з законам у Божую сьвятыню і сядае на старэчых руках, быццам на пасадзе; ад Язэпа Ён прымае ў дары пару туркавак, – вобраз беззаганае Царквы і новаабранага народу спасярод паганаў, – і два голубы маладыя, як начальнік Старога і Новага запаветаў. Сямён, бачыўшы спаўненьне абяцаньня, дадзенага яму, бласлаўляе Дзеву Марыю Багародзіцу і прадказвае Ёй цярпеньні, што чакаюць Яе. Ён просіць у Госпада адпушчэньня, кажучы: "Цяпер адпусьці мяне, Уладару, згодна з дадзеным мне раней абяцаньнем, бо я ўбачыў Цябе, спрадвечнае Сьвятло, Збавіцеля і Госпада людзей, што носяць імя Хрыста".


У вялікі Пост:

Слава ... цяпер ...:

Багародзічны (тон 4). Пакажы мне, Уладарка, ласку Тваю, бо гіну, адхілі напады ворагаў і ўмацуй мяне на камені дабрадзейнасьцяў, каб мне рабіць запаветы Сына Твайго і Бога нашага і атрымаць адпушчэньне ў судны дзень.

або:

Крыжабагародзіны. Убачыўшы, як Цябе, Чалавекалюбны Хрысьце, расьпялі і кап'ём прабілі бок Твой, Усячыстая з плачам усклікнула: "Што гэта, Сыне мой? Як гэта няўдзячныя людзі заплацілі Табе за дабро, якое Ты ім зрабіў? Не пакінь мяне бязьдзетнаю, любы мой. Дзіўлюся, Дабрасардэчны, Твайму дабравольнаму ўкрыжаваньню".


Вершапесьні

(Тон 6). Прымі на рукі твае, Сямёне, Творцу ўсяго, падымі, стары, Хрыста, якога Дзева-Нявеста нарадзіла бяз семя на радасьць роду нашаму.

Верш. Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі, паводле слова Твайго.

Творцу Закону і Бога, перад кім дрыжаць мноствы анёлаў, прыйдзіце, усхвалім, людзі, як адзінага Дабрачынца і Заканадаўца, і Збаўцу душаў нашых.

Верш. Сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго.

Сёньня, Уладару, вызваляеш ад цялесных путаў слугу Твайго, як абяцаў, бо я бачыў Цябе, Хрысьце, Сьвятло спрадвечнае, што зазьзяла для прасьвятленьня народаў і Ізраіля.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 2). Сёньня Сямён прымае на рукі свае Госпада Славы, якога раней на Сынайскай гары бачыў у хмары Майсей, калі Той даваў яму табліцы Закону. Ён той, які гаварыў праз прарокаў, Ён – Творца Закону. Ён той, якога Давід прадвясьціў – страшны для ўсіх і багаты на міласэрнасьць.


Адпушчальныя трапары

Трапар мучаніцы (тон 4). Ягнё Тваё, Ісусе, Агата, кліча моцным голасам: "Цябе, Жаніх мой, люблю і, Цябе шукаючы, мукі перанашу, і расьпінаюся з Табою, і пахаваньне прымаю ў хрышчэньні Тваім, і цярплю за Цябе, каб панаваць з Табою, і паміраю за Цябе, каб з Табою жыць; Ты ж прымі мяне, як ахвяру чыстую, што з любоўю прыносіцца Табе". Малітвамі яе, Міласэрны, збаў душы нашыя.

Трапар сьвята (тон 1). Радуйся, поўная ласкі Багародзіца Дзева, бо з Цябе зазьзяла Сонца праведнасьці, Хрыстос Бог наш, які прасьвятляе тых, што ў цемры. Весяліся і ты, праведны стары, успрыняўшы на рукі свае Вызваліцеля душаў нашых, які дае нам уваскрасеньне.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст