Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 6 лютага - Пасьвяцьце Сустрэчы і сьвятога Вакулы, біскупа Сьмірнскага


 

 

6 лютага - Пасьвяцьце Сустрэчы і сьвятога Вакулы, біскупа Сьмірнскага

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

(Першыя 3 песьні са службы 3 лютага):

(Тон 1). Дзева Маці прыносіць у сьвятыню Творцу ўсяго і Збавіцеля нашага. Прыняўшы Яго, стары Сямён радасна ўсклікнуў: "Цяпер адпускаеш слугу Твайго, добры Уладару, у супакоі, як Ты сам захацеў".

Сямён узяў ад Дзевы на рукі Таго, хто нарадзіўся спрадвеку, і ўсклікнуў: "Я бачыў, Збавіцелю, зьзяньне славы Твае па ўсёй зямлі. Цяпер, добры Уладару, адпусьці слугу Твайго ў супакоі, бо сёньня я ўбачыў Цябе".

Сямён прыняў на рукі Збаўцу, што ў апошні час нарадзіўся дзеля збаўленьня людзей, і радасна ўсклікнуў: "Я бачыў Сьвятло народаў і славу Ізраіля. Цяпер загадай вызваліць мяне ад усяго зямнога згодна з абяцаньнем Тваім".

Далей наступныя:

(Тон 6). Ты, ойча сьвятаначальніку, зазьзяў сьвятлом асьвячальных дабрадзейнасьцяў, і сам быў сьветачам, што загарэўся таемна ў Божай царкве і асьвятліў яе вучэньнямі сваімі.

Дух Сьвяты асьвяціў цябе, сьвяты Вакула, і праз цябе дае тым, што з вераю прыходзяць да цябе, сьвятасьць, прасьвятленьне і збаўленьне.

Прапаведуючы найвышэйшую дабрыню Бога нашага, ты, мудры, бласлаўляеш ласкаю людзей і, як добры сьвятар, прыводзіш іх да Збавіцеля.

Слава ... цяпер ...:.

(Тон 5). Дасьледуйце пісаньні, як сказаў Хрыстос Бог наш у Евангельлі, бо ў іх знойдзеце напісанае аб Тым, хто нарадзіўся, быў пакладзены ў ясьлях і малаком кормлены. Ён і абрэзаньне прыняў, а Сямён насіў Яго на руках сваіх ня ўяўна, і не як прывід, але як сапраўды Таго, хто зьявіўся сьвету. Дык усклікнем Яму: "Спрадвечны Божа, слава Табе!"


У вялікі Пост:

Слава ... цяпер ...:

Багародзічны (тон 4). Пакажы мне, Уладарка, ласку Тваю, бо гіну, адхілі напады ворагаў і ўмацуй мяне на камені дабрадзейнасьцяў, каб мне рабіць запаветы Сына Твайго і Бога нашага і атрымаць адпушчэньне ў судны дзень.

Або:

Крыжабагародзіны. Убачыўшы, як Цябе, Чалавекалюбны Хрысьце, расьпялі і кап'ём прабілі бок Твой, Усячыстая з плачам усклікнула: "Што гэта, Сыне мой? Як гэта няўдзячныя людзі заплацілі Табе за дабро, якое Ты ім зрабіў? Не пакінь мяне бязьдзетнаю, любы мой. Дзіўлюся, Дабрасардэчны, Твайму дабравольнаму ўкрыжаваньню".


Вершапесьні

(Тон 2). Усячыстая Дзева, несучы як дзіцятка Творцу і Уладара, уваходзіць у сьвятыню.

Верш. Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі, паводле слова Твайго.

Прымі, Сямёне, Госпада Славы, бо вось Ён прыходзіць, як было прадвешчана Духам Сьвятым.

Верш. Сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго.

Сёньня, добры Божа, вочы мае бачылі тое, што Ты мне абяцаў; дык цяпер, Чалавекалюбча, вызвалі хутка мяне, слугу Твайго.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 5). Спрадвечны стаўся дзіцяткам, і вось Маці Дзева прыносіць Яго ў сьвятыню, каб выканаць закон; Сямён бярэ яго на рукі і кажа: "Сёньня, Сьвяты, паводле слова Твайго, адпускаеш слугу Твайго ў супакоі, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё".


Адпушчальныя трапары

Трапар сьвятога (тон 4). Правілам веры і прыкладам лагоднасьці, настаўнікам устрыманасьці ты быў на справе для статку твайго; дзеля гэтага ты дасягнуў вышыняў пакораю, здабыў багацьці ўбогасьцю. Ойча сьвятаначальніку Вакула, малі Хрыста Бога, каб Ён збавіў душы нашыя.

Трапар сьвята (тон 1). Радуйся, поўная ласкі Багародзіца Дзева, бо з Цябе зазьзяла Сонца праведнасьці, Хрыстос Бог наш, які прасьвятляе тых, што ў цемры. Весяліся і ты, праведны стары, успрыняўшы на рукі свае Вызваліцеля душаў нашых, які дае нам уваскрасеньне.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст