Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 7 лютага - Пасьвяцьце Сустрэчы і сьвятых Партэна і Лукі


 

 

7 лютага - Пасьвяцьце Сустрэчы і сьвятых Партэна і Лукі

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

(Тон 1). Аднайменьнік дзявоцтва, Лампсакійскі сьветач, сьветлая заранка цудаў, Партэн вялікі кліча ўсіх памяцьцю сваёю на сьвята духоўнае, каб славіць Збавіцеля Хрыста.

Ад дзяцінства ты, блаславёны, насіў у сабе Бога, дэманскія сілы спапяліў агнём малітваў сваіх, мудра кіраваў лампсакійскім статкам і, разбурыўшы ідальскія ахвярнікі, абнавіў сябе Богу.

Цуды твае сьведчаць аб табе, сьвятаначальніку: выкінутая мёртвая рыба ажыла, няплодная ніва і вінаграднік прынесьлі плён, даўгачаканы дождж, згодна з абяцаньнем тваім, шчодра зышоў на зямлю. Маліся цяпер за наша збаўленьне.

(Тон 6). Юнаком ты, слаўны, пайшоў сьледам за Госпадам: пакінуўшы бацькоўскі дом і любоў да сьвету, пасяліўся ў пустыні, дзе праводзіў час у пасьце і малітве, палаючы духам да канца; раздаўшы маёмасьць убогім, ты купіў каштоўную пэрлу – Хрыста і, здаволіўшыся, супачыў.

Ты, ойча слаўны, цярпеў дакоры за Госпада, жаданьнем якога ты быў паранены; ты меў за нішто красу сьвету і нават аддаліўся ад маці, каб, палюбіўшы багамольства, стацца манахам; але Бог у чалавекалюбстве сваім пачуў малітву маці і вярнуў ёй цябе.

Ты правёў жыцьцё ў сьвятасьці, чынячы вялікія і слаўныя цуды. Бог даў табе залог будучай узнагароды за твае высілкі – вянца нятленнага і вечнай славы, – калі Ён прыйдзе як судзьдзя. Малі Яго, Лука цудоўны, за вызваленьне ад усялякіх цяжкасьцяў усіх, хто славіць цябе.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 6). Хрысьце Божа, што сёньня захацеў усьсесьці на старэчых руках, быццам на хэрувімскай калясьніцы, вызвалі ад мукаў грахоўных і нас, якія клічам Цябе, і збаў нас, бо Ты добры і Чалавекалюбец.


У Вялікі Пост:

Багародзічны (тон 6). Паранены разбойнікамі, ляжу бездапаможны на ростанях жыцьця і прашу міласьці. Адзіная чыстая Дзева Маці, наведай мяне хутка, вылі на мае невылечныя раны віно і алей, і зрабі мяне цэлым, каб мне належна з любоўю славіць веліч Тваю.

Або:

Крыжабагародзічны (тон 6). Меч, як сказаў Сямён, прабіў сэрца Тваё, Усячыстая Уладарка, калі Ты ўбачыла, як Таго, хто невыказна зазьзяў з Цябе словам, беззаконныя людзі ўзьнесьлі на крыж, прыбіўшы цьвікамі рукі і ногі, далі піць яму воцат і жоўць, прабілі кап'ём бок. Плачучы па-матчынаму Ты ўсклікнула: "Што гэта, Сыне мой, за новая тайніца?"


Вершапесьні:

3 песьні тыя самыя, што 5 лютага:

(Тон 6). Прымі на рукі твае, Сямёне, Творцу ўсяго, падымі, стары, Хрыста, якога Дзева-Нявеста нарадзіла бяз семя на радасьць роду нашаму.

Верш. Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі, паводле слова Твайго.

Творцу Закону і Бога, перад кім дрыжаць мноствы анёлаў, прыйдзіце, усхвалім, людзі, як адзінага Дабрачынца і Заканадаўца, і Збаўцу душаў нашых.

Верш. Сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго.

Сёньня, Уладару, вызваляеш ад цялесных путаў слугу Твайго, як абяцаў, бо я бачыў Цябе, Хрысьце, Сьвятло спрадвечнае, што зазьзяла для прасьвятленьня народаў і Ізраіля.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 6). Хай адчыніцца брама нябесная, бо вось спрадвечнае Слова Айца, застаючыся нязьменным Богам, бярэ пачатак у часе. Як саракадзённае дзіця, Ён прыносіцца Маці-Дзеваю ў законную сьвятыню. Стары Сямён бярэ Яго на рукі свае, кажучы: "Адпусьці цяпер слугу Твайго, Уладару, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё. Ты прыйшоў на гэты сьвет збавіць род людзкі". Госпадзе, слава Табе!


Адпушчальныя трапары

Трапар сьвятых (тон 4). Божа айцоў нашых, Ты паступаеш з намі з Тваёй заўсёднай лагоднасьцю: не пераставай быць спагадлівым для нас, але малітвамі іх кіруй у супакоі нашым жыцьцём

Трапар сьвята (тон 1). Радуйся, поўная ласкі Багародзіца Дзева, бо з Цябе зазьзяла Сонца праведнасьці, Хрыстос Бог наш, які прасьвятляе тых, што ў цемры. Весяліся і ты, праведны стары, успрыняўшы на рукі свае Вызваліцеля душаў нашых, які дае нам уваскрасеньне.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст