Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ...":
(Тон 4). Дух Сьвяты паказаў цябе адважным
мучанікам і непераможным змагаром. Ты пасароміў напасьніка мудрасьцю слоў тваіх
і цярплівасьцю. Дзеля гэтага ты, вялікамучанік Тодар, атрымаў вянец перамогі і
быў залічаны да нябесных хораў.
Ты, шчодры, быў стаўпом дабрадзейнасьці, з агідай
адвярнуўшыся ад ідальскіх ахвярнікаў; як беззаганнае ягнё, ты быў ведзены на
ахвяру Таму, хто сам сябе прынёс у ахвяру і ўславў сьвятую тваю памяць, і
дараваў сьвету цябе, Тадар, як скарбніцу цудаў.
Слава мучанікаў Тодар, калі цябе ўзьнесьлі на крыжы,
зьдзіралі табе скуру, расьцягвалі на дрэве, сяклі мячом і аддавалі на рознага
роду мукі, ты застаўся непахісным і непераможным сілаю Таго, хто быў прыбіты да
крыжа.
(Тон 8). Жыцьцём сваім ты, вестуне Божы, быў
падобны да анёлаў, з якімі ты размаўляў. Прасьвятліўшы і ачысьціўшы розум, ты
атрымаў адкрыцьцё вялікіх тайніцаў, цудоўныя вобразы, прасьвятленьне прароцкае і
абнаўленьне духоўнае. Маліся за збаўленьне душаў нашых.
Жывучы быццам анёл на зямлі, ты быў суразмоўцам анёлаў,
назіральнікам сусьветных відзеньняў і сьветачам, што прасьвятляе розум. Кажучы
словамі псалміста, ты быў пладавітым аліўным дрэвам, што дае набожным алей
дабрадзейнасьцяў. Маліся за збаўленьне душаў нашых.
Як сапраўдны прарок Божы, упрыгожаны вянцом дабрадзейнасьцяў,
ты бачыў невыказную славу і цешыўся ў спадзяваньні вечнай асалоды. Маліся,
богапрыемны прароча, за збаўленьне душаў тых, што славяць цябе.
Слава ...:
(Тон 8). Усхвалім дастойна вялікамучаніка Тодара,
сусьветнага заступніка, спадкаемца блаславёных дабротаў нябесных, імя якога
азначае "Дар Божы", бо ён няспынна моліцца Хрысту Богу за збаўленьне душаў
нашых.
Цяпер ...:
(Тон 8). Той, каго носяць хэрувімы і славяць
сэрафімы, сёньня прыносіцца згодна з законам у Божую сьвятыню і сядае на
старэчых руках, быццам на пасадзе; ад Язэпа Ён прымае ў дары пару туркавак, –
вобраз беззаганае Царквы і новаабранага народу спасярод паганаў, – і два голубы
маладыя, як начальнік Старога і Новага запаветаў. Сямён, бачыўшы спаўненьне
абяцаньня, дадзенага яму, бласлаўляе Дзеву Марыю Багародзіцу і прадказвае Ёй
цярпеньні, што чакаюць Яе. Ён просіць у Госпада адпушчэньня, кажучы: "Цяпер
адпусьці мяне, Уладару, згодна з дадзеным мне раней абяцаньнем, бо я ўбачыў
Цябе, спрадвечнае Сьвятло, Збавіцеля і Госпада людзей, што носяць імя Хрыста".
Багародзічны (тон 8).
Топячыся ў бездані правінаў, да ціхага прыстанішча ўсячыстай малітвы Тваёй,
Багародзіца, прыходжу і клічу: "Збаў мяне, працягнуўшы магутную руку слузе
Твайму, Усебеззаганная".
Або:
Крыжабагародзічны (тон 8). Убачыўшы ўзьнесенае на
крыжы Ягнё, Усебеззаганная Дзева з плачам усклікнула: "Дзіця маё любае, што гэта
за новае і дзіўнае зьявішча? Як гэта Ты, што трымаеш усё ў руцэ Тваёй, вісіш,
прыбіты целам да дрэва?"
Вершапесьні
(Тон 2). Адчыніся, набесная брама, бо вось
Хрыстос, як дзіцятка, прыносіцца Дзеваю Маці ў сьвятыню Богу і Айцу.
Верш. Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў
супакоі, паводле слова Твайго.
Хрыстос аб'яўляецца Ісаі ў выглядзе вугаля, які сёньня,
быццам кляшчамі, рукамі Багародзіцы даецца старому сьвятару.
Верш. Сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу
Ізраіля, люду Твайго.
Трымаючы са страхам і радасьцю на руках сваіх Уладара, Сямён
просіць вызваліць яго ад гэтага жыцьця і славіць Багародзіцу.
Слава ...:
(Тон 5). Сёньня зазьзяла ярчэй за заранку пачэсная
памяць вялікамучаніка Хрыстовага, прасьвятляючы нябачна сэрцы верных і
разганяючы хмары душаў дзеяньнем і сілаю Сьвятога Духа. Дык усклікнем яму,
мучанікалюбцы: "Радуйся, Тодар блаславёны, бо ты паказаў сябе ласкаю Богам
дадзенаю для верных, чынячы мноства цудаў для тых, што прыходзяць да цябе. Не
пераставай маліць Хрыста, каб нам, якія спраўляем пачэсную памяць тваю, атрымаць
вечныя даброты".
Цяпер ...:
(Тон 5). Спрадвечны стаўся дзіцяткам, і вось Маці
Дзева прыносіць Яго ў сьвятыню, каб выканаць закон; Сямён бярэ яго на рукі і
кажа: "Сёньня, Сьвяты, паводле слова Твайго, адпускаеш слугу Твайго ў супакоі,
бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё".
Адпушчальныя трапары
Трапар Тодара (тон 4). У сапраўдным змаганьні, ты,
мучанік Тодар, быў ваяводаю нябеснага Уладара; узброіўшыся мудра ў зброю веры,
ты перамог войскі дэманаў і стаўся пераможным мучанікам. Дзеля гэтага мы з вераю
цябе заўсёды славім.
Трапар прарока (тон 2). Прарока Твайго Захара,
Госпадзе, памяць спраўляючы, праз яго молім Цябе: збаў душы нашыя.
Трапар сьвята (тон 1). Радуйся, поўная ласкі
Багародзіца Дзева, бо з Цябе зазьзяла Сонца праведнасьці, Хрыстос Бог наш, які
прасьвятляе тых, што ў цемры. Весяліся і ты, праведны стары, успрыняўшы на рукі
свае Вызваліцеля душаў нашых, які дае нам уваскрасеньне. |