Усё, як у дзень сьвята, за выняткам чытаньняў і ліцьці на
вячэрні, а таксама Апостала і Евангельля на Літургіі.
Служба Нічыпару (гл. ніжэй) пяецца 10 лютага.
У Вялікі Пост, калі няма адданьня сьвята, на
"Госпадзе, Цябе клічу", бярэм належныя песьні з Трыядзі і наступныя Мучаніка
Нічыпара:
(Тон 2). Паслухмяны законам Таго, хто дзеля нас на
зямлі прыняў цела, і пацярпеўшы мучэньні і пакуты, ты, захаваў сутнае закону і
прарокаў – любоў да бліжняга. Таму, скончыўшы беззаганна шлях гэтага жыцьця, ты,
Нічыпар Багаблаславёны, знаходзішся цяпер у прысутнасьці Крыніцы любові.
Схіліўшы галаву перад Богам, перад якім ўсе згінаюць калені,
ты, слаўны мучанік, праз адсячэньне галавы і разлучэньне з гэтым целам, злучыўся
чыстым розумам з Галавою ўсіх Хрыстом. Прабываючы цяпер ў Ягоным сьвятле, прасі
Яго, Нічыпар, прасьвятліць усіх, што славяць цябе.
Струменямі крыві тваёй, пралітай за Хрыста, ты, мудры і
блаславёны, асьвяціў зямлю, духам усьцешыў бесьцялесныя духоўныя сілы і
мучанікаў мноства прасьвятліў, зьяднаўшыся з імі, як адважны вой і непераможны
мучанік, які моліцца Богу за ўсіх нас.
(Тон 6). Пакутнік Нічыпар, ты ўсім паказаў яўна,
што хто ня любіць бліжняга, ня можа любіць Уладара. Ахоплены Боскім жаданьнем,
ты душу сваю паклаў, вызнаўшы веру ў Хрыста. Будучы цяпер разам з Ім, маліся за
збаўленьне душаў нашых.
Багародзічны (тон 6).
Паранены разбойнікамі, ляжу бездапаможны на ростанях жыцьця і прашу міласьці.
Адзіная чыстая Дзева Маці, наведай мяне хутка, вылі на мае невылечныя раны віно
і алей, і зрабі мяне цэлым, каб мне належна з любоўю славіць веліч Тваю.
Або:
Крыжабагародзічны (тон 6). Меч, як сказаў Сямён,
прабіў сэрца Тваё, Усячыстая Уладарка, калі Ты ўбачыла, як Таго, хто невыказна
зазьзяў з Цябе словам, беззаконныя людзі ўзьнесьлі на крыж, прыбіўшы цьвікамі
рукі і ногі, далі піць яму воцат і жоўць, прабілі кап'ём бок. Плачучы
па-матчынаму, Ты ўсклікнула: "Што гэта, Сыне мой, за новая тайніца?" |