Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ...":
(Тон 6). Ад юнацтва ты пасьвяціў сябе Госпаду, Яго
адзінага жадаў і пайшоў сьледам за Ім. Ачысьціўшы сябе ад усялякай нячыстасьці,
ты ўзбагаціў сябе Боскай ласкаю, атрымаў дар ацаляць немачы і рабіць слаўныя
цуды. Як мучанік, ты застаўся непахісным сілаю Таго, хто прынёс сябе ў ахвяру на
крыжы. Малі Яго цяпер няспынна за душы нашыя.
Калі тваё блаславёнае і непераможнае цела было прабітае
цьвікамі, ты, пакутніку Харалампе, захаваў непахіснымі душу і розум, і гарэў
жаданьнем Боскай любові, што давала табе сілу пераносіць пакуты. Пакутнік
слаўны, саўдзельнік мукаў Хрыста, не пераставай маліць Яго за душы нашыя.
Ты атрымаў у спадчыну сьветлую радасьць, непрамінальную славу
і вечнае шчасьце за цярпеньні свае, сьвятару сьвяты, пачэсны мучаніку, мужны
змагару, які патапіў варожыя сілы крывёю сваёю і Боскаю ласкаю і малітваю
мёртвых ажыўляў. Маліся цяпер няспынна за душы нашыя.
Калі няма Посту, сьпяваюцца таксама песьні мучаніку Нічыпару
(з 9 лютага):
(Тон 2). Паслухмяны законам Таго, хто дзеля нас на
зямлі прыняў цела, і пацярпеўшы мучэньні і пакуты, ты, захаваў сутнае закону і
прарокаў – любоў да бліжняга. Таму, скончыўшы беззаганна шлях гэтага жыцьця, ты,
Нічыпар Багаблаславёны, знаходзішся цяпер у прысутнасьці Крыніцы любові.
Схіліўшы галаву перад Богам, перад якім ўсе згінаюць калені,
ты, слаўны мучанік, праз адсячэньне галавы і разлучэньне з гэтым целам, злучыўся
чыстым розумам з Галавою ўсіх Хрыстом. Прабываючы цяпер ў Ягоным сьвятле, прасі
Яго, Нічыпар, прасьвятліць усіх, што славяць цябе.
Струменямі крыві тваёй, пралітай за Хрыста, ты, мудры і
блаславёны, асьвяціў зямлю, духам усьцешыў бесьцялесныя духоўныя сілы і
мучанікаў мноства прасьвятліў, зьяднаўшыся з імі, як адважны вой і непераможны
мучанік, які моліцца Богу за ўсіх нас.
Слава ... цяпер ...:
Багародзічны (тон 6).
Паранены разбойнікамі, ляжу бездапаможны на ростанях жыцьця і прашу міласьці.
Адзіная чыстая Дзева Маці, наведай мяне хутка, вылі на мае невылечныя раны віно
і алей, і зрабі мяне цэлым, каб мне належна з любоўю славіць веліч Тваю.
Або:
Крыжабагародзічны (тон 6). Меч, як сказаў Сямён,
прабіў сэрца Тваё, Усячыстая Уладарка, калі Ты ўбачыла, як Таго, хто невыказна
зазьзяў з Цябе словам, беззаконныя людзі ўзьнесьлі на крыж, прыбіўшы цьвікамі
рукі і ногі, далі піць яму воцат і жоўць, прабілі кап'ём бок. Плачучы
па-матчынаму, Ты ўсклікнула: "Што гэта, Сыне мой, за новая тайніца?" |