Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 3 студзеня - Перадсьвяцьце Богазьяўленьня; Прарока Малахіі, мучаніка Гардзея


 

 

3 студзеня - Перадсьвяцьце Богазьяўленьня; Прарока Малахіі, мучаніка Гардзея

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 8). Убачыўшы спаўненьне прароцтваў тваіх, дзіўлюся на іхнюю праўдзівасьць і слаўлю цябе, прарок Малахія. Голасам тваім ты прасьвятліў сьвет і прадвясьціў збавеннае прыйсьце Госпада.

Ушанаваны імем анёла, ты жыў быццам анёл на зямлі, сумясьціўшы ў сабе чысьціню цялесную з духоўнаю, Малахія блаславёны.

Ахвярую Табе, Госпадзе, прарока Твайго, як малельніка і заступніка майго; малітвамі ягонымі і просьбамі, Шчодры, у міласэрнасьці Тваёй адпусьці правіны збалелае душы, бо Ты спагадлівы і ласкавы.

(Тон 8). Мучаніку Гардзею, ты ўцёк ад змроку спакусы ў надзеі бачыць Бога. Выпрабаваны шматлікімі мучэньнямі і церпячы голад, ты ўсьведаміў сілу сваю і сам кінуўся на праціўніка.

Усяхвальны Гардзею, ты з вялікаю ўпэўненасьцю супрацівіўся мноству ворагаў і за нішто палічыў іхняе нязбожнае зборышча. Ты стаў сярод іх свабодна і абвясьціў на ўвесь голас Хрыста, Тварца і Госпада спрадвечнага, роўнага славаю з Айцом і Духам.

Калі табе адсеклі галаву, ты перайшоў ад жыцьця да жыцьця, ад сьмерці да несьмяротнасьці, і ад тленнасьці да нятленнасьці, не чакаючы прыроднага канца, але захацеўшы сам памерці. Вялікія подзьвігі твае, мучаніку Гардзею, якімі ты ўзьвялічыў Хрыста, адзінага добрасардэчнага.

Слава... цяпер...:

(Тон 4). Слаўны цуд! Той, хто хрысьціць Духам і агнём, ідзе да Ярдану хрысьціцца ад Яна; Ён ня толькі Бог, і ня просты чалавек, але ў дзьвюх прыродах адзін і той самы Сын адзінародны. Як чалавек, Ён просіць хрышчэньня ў сьмяротнага, беручы на сябе, як Бог, грахі сьвету і даючы ўсім веліч зьмілаваньня.


Вершапесьні

(Тон 6). Вось Прасьвятленьне верных, вось наша Ачышчэньне прыходзіць, каб увайсьці ў ваду, абмыць плямы чалавечай злосьці і абнавіць нашую зьнямоглую прыроду.

Верш. Дзеля гэтага згадваю Цябе ў краіне Ярданскай і Гэрмонскай.

Прадвесьнік твой, Госпаде, убачыўшы Цябе, калі Ты прыйшоў і папрасіў хрышчэньня ў яго, са страхам усклікнуў: "Як я магу хрысьціць Цябе, адзінага бязгрэшнага, Божа і Творча мой?"

Верш. Воды ўбачылі Цябе, Божа, воды ўбачылі Цябе і спалохаліся.

Перанясемся, верныя, у думках на Ярдан і ўбачым вялікі цуд: вось Творца ўсіх, які аб'явіўся на зямлі, прыходзіць хрысьціцца ў ягоных водах.

Слава... цяпер...:

(Тон 5). Хрыстос Бог прыходзіць хрысьціцца на Ярдан: у сваёй дабрыні і чалавекалюбстве Ён хоча сваім зьяўленьнем ачысьціць нас ад беззаконьняў нашых.


Адпушчальныя трапары

Трапар прарока (тон 2). Боганатхнёны прарок Малахія, ты прадвясьціў страшны дзень прыйсьця Хрыстовага, і прадказаў Ягонае зьверхніцтва над законам, кажучы: "Прыйдзе сапраўды Госпад, якога мы шукалі ў сьвятыні". Цяпер малі Яго за збаўленьне душ нашых.

Слава...:

Трапар мучаніка (тон 4). Мучанік Твой, Госпадзе, Гардзей, у цярпеньнях вянец нятленны атрымаў ад Цябе, Бога нашага. Маючы сілу Тваю, ён перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў душы нашы.

Цяпер...:

Трапар перадсьвяцьця (тон 4). Рыхтуйся, Забулён; красуйся Нэфталім; рака Ярдан, затрымайся і прымі з радасьцю Уладара, які ідзе хрысьціцца ў табе. Весяліцеся, Адам з прамаці Эваю, не хавайцеся, як некалі ў раі: убачыўшы вас голымі, Ён прыйшоў, каб апрануць вас у першую вопратку. Хрыстос зьявіўся, каб усё стварэньне абнавіць.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст