Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 4).
Калі боская любоў агарнула цябе, сьвяты
ойча Антоне, ты палічыў за нішто прынады гэтага сьвету. Пакінуўшы бацькаўшчыну,
ты пасяліўся на Сьвятой гары і зазьзяў там сярод айцоў дабрадзейнасьцямі. Маліся
Хрысту, якому ты пасьвяціў сябе ад маладых гадоў, за прасьвятленьне і збаўленьне
душаў нашых.
Калі ты, сьвяты ойча, загарэўся любоўю да Хрыста, ты
адвярнуўся ад багацьцяў і прамінальнай славы гэтага сьвету. Выкапаўшы сабе
пячору, ты пасяліўся ў ёй, і вёў падзьвіжніцкае жыцьцё, быццам анёл. Дзеля
гэтага ты ўдастоіўся ад Бога славы анёльскай. Стоячы разам з імі перад пасадам
Хрыста, маліся, Антоне, за прасьвятленьне і збаўленьне душаў нашых.
Калі ты, ойча, прыняў у сэрца боскую любоў, ты ўвайшоў у
цёмную пячору, быццам у сьвятліцу. Там узбагаціўся ты ведамі, што пераўзыходзяць
розум: бачыць будучыню, быццам цяперашняе, і ўсім пра гэта адкрыта гаварыць.
Малі Хрыста, якому ты пасьвяціўся ад юнацтва, за прасьвятленьне і збаўленьне
душаў нашых.
Слава ...:
(Тон 6). Строгае жыцьцё тваё і подзьвігі заўважылі
айцы на Сьвятой гары. З Божага натхненьня яны адаслалі цябе у родны край,
кажучы: "Ідзі, сыне, каб і там людзі праз цябе пазналі Бога". Вярнуўшыся, ты,
сьвяты ойча Антоне, прасьвятліў тваю краіну і стаўся начальнікам збору манахаў,
якіх ты прывёў да Хрыста. Малі Госпада, каб ён захаваў нас усіх ад варожых
напасьцяў і даў нам збаўленьне.
Цяпер ...:
Багародзічны (тон 6).
Радуйся чыстая скарбніца
дзявоцтва; радуйся, пачэсная боская краса; радуйся, Дзева, верных збаўленьне;
радуйся, Уладарка, Дзева Маці.
Крыжабагародзічны (тон 6).
Калі Маці Твая і Дзева
ўбачыла, як беззаконныя людзі несправядліва прыбівалі Цябе да крыжа, сэрца Яе,
як прадказаў Сямён, пранізаў нясьцерпны боль.
Адпушчальны трапар
(Тон 4). Удаліўшыся ад марнотаў сьвету, ты,
згодна з евангельскай радаю, пайшоў за Хрыстом і, пажыўшы як анёл, знайшоў ціхае
прыстанішча на Афонскай гары. Адтуль, за блаславеньнем айцоў, ты прыйшоў у Кіеў
і там закончыў жыцьцё, прасьвятліўшы тваю бацькаўшчыну, паказаўшы многім шлях да
валадарства нябеснага і прывёўшы іх да Хрыста. Малі Яго цяпер, Антоне сьвяты, за
збаўленьне душаў нашых.
Кандак (тон 8).
Аддаўшы сябе Богу, якога ты з
маладосьці больш за ўсё палюбіў, ты пайшоў усьлед за Ім, а гэты прамінальны
сьвет палічыў за нішто. Ты зрабіў сабе ў зямлі пячору і ў ёй мужна змагаўся
супраць нябачнага ворага і зазьзяў быццам сонца на ўсю зямлю. Адтуль ты перайшоў
да нябесных харомаў. Сёньня, стоячы з анёламі перад пасадам Уладара, памятай аб
нас, якія шануем памяць тваю і клічам: Радуйся, Антоне, ойча наш. |