Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 25 сакавіка - Дабравешчаньне Найсьвяцейшае Багародзіцы - Літургія


 

 

25 сакавіка - Дабравешчаньне Найсьвяцейшае Багародзіцы - Літургія

у дзень сьвята

1. Вячэрня з літургіяй

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 4). У шосты месяц быў пасланы арханёл да Чыстае Дзевы і, кажучы Ёй радавацца, абвясьціў, што ад Яе мае нарадзіцца Збавіцель. Прыняўшы прывітаньне, зачала Яна спрадвечнага Бога, які ў невыказны спосаб захацеў стацца чалавекам для збаўленьня душ нашых.

Незразумелымі здаліся Багародзіцы словы арханёла, калі той аб’явіў Ёй радасную вестку. Прыняўшы прывітаньне, Яна зачала Цябе, Бога спрадвечнага. Дзеля гэтага мы радасна ўсклікаем Табе: "Божа, што прыняў цела, застаўшыся тым, чым заўсёды быў, даруй сьвету Твайму супакой і душам нашым багацьце зьмілаваньня Твайго".

Вось Абяцаны сёньня аб’явіўся нам: вышэй за разуменьне, Бог злучаецца з родам людзкім, і голас арханёла адганяе спакусу. Дзева прымае радасьць, зямное стаецца небесным, і сьвет вызваляецца ад першаснага праклёну. Хай цешыцца ўсё стварэньне і хай пяе моцным голасам: "Творча і Збавіцелю наш, слава Табе!"

(Тон 1). Габрыель, вялікі дух, што Бога бачыць тварам у твар, прамяністы і збавенны, узіраецца на Трохсонечнае Сьвятло і разам з усімі нябеснымі сіламі пяе дзіўную песьню хвалы Богу, і моліць Яго дараваць душам нашым супакой і багацьце зьмілаваньня.

Вялікая тайна, анёлам раней няведамая і перад вякамі ўтоеная, табе, Габрыелю, адзінаму была давераная. І ты, прыйшоўшы ў Назарэт, абвясьціў яе адзінай Чыстай. Разам з Ёю маліся Богу, каб Ён дараваў душам нашым супакой і багацьце зьмілаваньня.

Поўны сьвятла, ты, Габрыелю слаўны, анёлаў начальніча, чыніш волю і выконваеш загады Усемагутнага. Збаўляй тых, што з любоўю шануюць цябе, і прасі няспынна Бога дараваць душам нашым супакой і багацьце зьмілаваньня.

Слава... цяпер...:

(Тон 6). Арханёл Габрыель быў пасланы з неба абвясьціць Дзеве радасную вестку Ейнага зачацьця. Прыйшоўшы ў Назарэт, ён падумаў у сабе, дзівячыся цуду: "Як гэта здарылася, што Той, каго нябёсы зьмясьціць ня могуць, родзіцца ад Дзевы; Той, хто мае за пасад неба і зямлю за падножак для ног сваіх, у дзявочым улоньні зьмяшчаецца; Той, на якога шасьцікрылыя сэрафімы і шматвокія хэрувімы зірнуць ня сьмеюць, словам адным ад Дзевы цела прыняць захацеў, сам будучы Божым Словам? Дык чаго ж я стаю і не кажу Дзеве: Радуйся, Поўная ласкі, Госпад з Табою; радуйся, Чыстая Дзева, Нявеста беззаганная; Радуйся, Маці Жыцьця! Блаславёны плод улоньня Твайго".

Уваход з евангельлем. Пракімен дня.

Чытаньне кнігі Выхаду

Калі Майсей пасьвіў авечкі цесьця свайго Етра, сьвятара мадыянскага, ён завёў аднаго разу іх далёка ў пустыню і прыйшоў да гары Божай Гарэб. Тады зьявіўся яму анёл Гасподні ў полымі агню сярод куста. Майсей бачыў, як палаў агнём куст, але не згараў. Сказаў тады Майсей: "Падыду бліжэй, каб лепш пабачыць гэтае дзівоснае зьявішча, чаму не згарае куст". Госпад Бог, убачыўшы, што Майсей падыходзіць бліжэй, каб лепш бачыць, усклікнуў моцным голасам: "Майсей, Майсей!" Той адказаў: "Вось я". Сказаў тады яму (Госпад): "Не падыходзь бліжэй! Здымі абутак з ног тваіх, бо месца, на якім стаіш – зямля сьвятая". І яшчэ сказаў Госпад: "Я – Бог айца твайго, Бог Абрагама, Бог Ісаака, і Бог Якуба". І Майсей затуліў твар свой, бо баяўся глянуць на Бога. Госпад казаў: "Досыць Я наглядзеўся на цярпеньні людзей Маіх у Ягіпце і наслухаўся іхніх нараканьняў на сваіх прыгнятальнікаў. Я ведаю добра іхні боль. Дзеля гэтага Я і зышоў, каб выратаваць іх з рук егіпцянаў і вывесьці з той зямлі ў зямлю пладавітую, прасторную, у зямлю, дзе плыве малако і мёд". (3: 1-8)


Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Бог меў мяне (мудрасьць) на пачатку шляху, перад тым, як пачаў тварыць, здавён-даўна. Спрадвеку я была ўстаноўленая, перш чым паўстала зямля. Я народжаная раней за бездань, і за крыніцы вадацечныя; раней чым былі заснаваныя горы, раней за ўзгоркі было маё нараджэньне, – калі Ён не стварыў яшчэ ні зямлі, ні палёў, ні найдрабнейшых пылінак зямных. Я з Ім была, калі Ён умацоўваў неба; калі вымяраў скляпеньне над безданьню; калі згушчаў хмары ўгары, калі ўстанаўляў крыніцы ў бездані; вызначаў межы мору, каб ягоныя воды ня выйшлі з берагоў; калі закладаў падваліны зямлі. Я была Ягонай спадарожніцаю і радасьцю з дня ў дзень, цешачыся перад Ім паўсякчасна. (8:22-30)

Малая літанія "Яшчэ і яшчэ...", з воклікам:

Бо Ты сьвяты, Божа наш, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

Сьвяты Божа... і г. д.

Далей Літургія Сьвятога Яна Залатавуснага (у Чысты Чацвер і Вялікую Суботу Літургія сьв. Базыля) па парадку.

Пракімен (Пс 95:2,1): Абвяшчайце з дня на дзень збаўленьне Бога нашага.

Верш: Сьпявайце Госпаду песьню новую; сьпявай Госпаду, уся зямля.

Чытаньне лісту сьвятога апостала Паўла да Гэбрэяў

Браты, той, хто асьвячае і тыя, што асьвячаюцца, – усе ад аднаго. Дзеля гэтага Ён не саромеецца назваць іх сваімі братамі, кажучы: "Абвяшчу імя Тваё братом маім, пасярод царквы буду славіць Цябе". І яшчэ: "Вось дзеці мае, якіх даў мне Бог". А таму што дзеці прычашчаюцца крыві і целу, так і Ён успрыняў іх, каб праз сьмерць перамагчы таго, хто мае ўладу над сьмерцю, гэта значыць д’ябла; і каб вызваліць усіх, каго страх сьмерці праз усё жыцьцё трымаў у няволі. Бо сапраўды не анёлаў бярэ да сябе, але бярэ да сябе нашчадкаў Абрагама. Таму Ён павінен быў ва ўсім стацца падобным да братоў, каб быць міласэрным і верным Найвышэйшым Сьвятаром перад Богам, каб ачысьціць грахі народу. Бо як Ён сам цярпеў і быў выпрабоўваны, дык можа тым, што выпрабоўваюцца, дапамагчы. (2:11-18)

Алілуя (Пс 71:6,17): Зыйдзе, як дождж на траву, як лівень, што арашае зямлю.

Верш: Імя Яго будзе блаславёнае давеку: пакуль сонца сьвеціць, трываць будзе імя Яго.

Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Лукі

У той час Альжбета, жонка Захара, зачала і таілася пяць месяцаў, кажучы: "Так учыніў мне Госпад, глянуўшы на мяне ласкава і зьняўшы маю ганьбу перад людзьмі".

У шосты ж месяц быў пасланы ад Бога анёл Габрыель у места галілейскае званае Назарэт да Дзевы, заручанай з мужам з дому Давідавага, імя якога было Язэп. Імя ж Дзевы было Марыя. І, увайшоўшы да Яе, анёл сказаў: "Радуйся, Поўная ласкі, Госпад з Табою! Блаславёная Ты між жанчынаў". Яна ж, калі пачула яго, сумелася ад ягоных словаў і задумалася, што б магло значыць гэтае прывітаньне. Але анёл сказаў Ёй: "Ня бойся, Марыя, бо Ты знайшла ласку ў Бога. Вось зачнеш і народзіш сына, якому дасі імя Ісус. Ён будзе вялікі і будзе называцца Сынам Найвышэйшага, а Госпад Бог дасьць Яму пасад ягонага прабацькі, Давіда. Ён будзе панаваць над домам Якуба давеку, і Ягонаму панаваньню ня будзе канца". Марыя ж сказала анёлу: "Як гэта станецца, калі я мужа ня знаю?" Адказаў на гэта анёл: "Дух Сьвяты зыдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе. Таму і Сьвятое, што народзіцца, будзе называцца Сынам Божым. Вось і Твая сваячка, Альжбета, зачала ў старасьці сына, і ўжо шосты месяц той, якую называюць няплоднаю. Бо ў Бога няма нічога немагчымага". І сказала Марыя: "Вось я, слуга Гасподняя: хай мне станецца згодна з тваім словам". І анёл адышоў ад Яе. (1:24-38)

Задастойнік: Абвяшчай, зямля, радасьць вялікую; нябёсы, хваліце Божую славу.

Хай ніякая нячыстая рука не дакранецца да Божай скарбніцы, і хай вусны верных несьціхана славяць Багародзіцу анёльскім прывітаньнем, радасна ўсклікаючы: "Радуйся, Поўная ласкі, Госпад з Табою!"

Прычасьнік (Пс 131:13): Госпад выбраў сабе Сыён, захацеў зрабіць сабе жыльлё ў ім. Алілуя, алілуя, алілуя.

2. Літургія У СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ

Трапар (тон 4). Сёньня пачатак нашага збаўленьня і спрадвечнай тайны аб’яўленьне: Сын Божы Сынам Дзевы стаецца і Габрыель ласку абвяшчае. Дзеля гэтага і мы разам з ім усклікнем Багародзіцы: "Радуйся, Поўная ласкі, Госпад з Табою".

Кандак (тон 8). Магутная Уладарка Багародзіца, мы, верныя слугі Твае, выбаўленыя Табою ад бедаў, песьні ўдзячнасьці і перамогі Табе прыносім. Ты ж, маючы сілу непераможную, ад усіх напасьцяў выратуй нас, каб нам усклікнуць Табе: "Радуйся, Дзева Маці!"

Пракімен, Апостал і г.д. глядзі вышэй.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст