Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Нядзеля 13-19 ліпеня - Нядзеля сьвятых Айцоў першых шасьці Сабораў


 

 

Нядзеля 13-19 ліпеня - Нядзеля сьвятых Айцоў першых шасьці Сабораў

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...": сем песьняў нядзельнык належнага тону і тры Айцоў:

(Тон 6). Перад заранкай Ты, Спрадвечны, нарадзіўся ад Айца без маці; і хоць Арый дзёрзка называе Цябе стварэньнем, а не Богам – бяздумна зьмешваючы Тварца з творамі Яго і рыхтуючы сабе нязгасны агонь, – Сабор у Нікеі прагаласіў Цябе Сынам Божым, роўнадастойным з Айцом і Духам.

Разадраную Хрыстовую вопратку, пашарпаную зубамі зьвяроў, вы, пачэсныя айцы, мудра сшылі зноў, ня могучы бачыць Яго непакрытым – як некалі Сім і Яфет бацьку, – і гэтым пасаромілі Арыя і аднадумцаў яго.

Македаніянаў і нэстарыянаў, эўтыхіянаў і дыяскарыянаў, апалінарыянаў, савеліянаў і севірыянаў – ваўкоў лютых у авечай шкуры, – вы, як сапраўдныя пастыры, адагналі ад Збавіцелевага стада, садраўшы з іх авечую маску. Дзеля гэтага шануем вас.

Слава ...

(Тон 6). Уславім сёньня баганосных айцоў, тайныя трубы Духа, што пасярод царквы засьпявалі стройную песьню багаслоўя пра адзіную і неразьдзельную прыродай і боствам Тройцу; будучы пераможцамі Арыя і абаронцамі верных, яны моляцца безустанку Госпаду за збаўленьне душ нашых.

Цяпер ...

Дагматык належнага тону.


Чытаньне кнігі Быцьця (14:14-20):

Аўрам, пачуўшы, што ягоны сваяк Лот патрапіў у палон, узяў з сабою трыста васемнаццаць найбольш дасьведчаных хатніх сваіх і кінуўся ў пагоню аж да Дана. Уночы, падзяліўшы людзей сваіх на загоны, ён напаў на ворагаў і разьбіў іх, а потым гнаўся за імі аж да Хобы, што на захад ад Дамаску. Такім чынам ён адабраў усю маёмасьць і вярнуў назад Лота з яго дабром, жонкамі і слугамі. Калі Аўрам вяртаўся з перамогі над Кедар-Лёамерам і царамі, што былі з ім, цар Садомскі выйшаў яму насустрач да даліны Шавэ, гэта значыць Каралеўскай. I Малхісадэк, цар Салімскі, вынес хлеб і віно – бо ён быў сьвятаром Бога Усявышняга, – і блаславіў Аўрама, кажучы: "Хай Бог Усявышні, Тварэц неба і зямлі, блаславіць цябе, Аўраме; і хай будзе блаславёны Бог Усявышні, які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае".

Чытаньне кнігі Другога Закону (1:8-17):

У той час сказаў Майсей сыном Ізраілевым: "Вось даю вам зямлю – ідзеце, вазьмеце яе сабе ў спадчыну, якую Госпад кляўся даць айцом вашым Абрагаму, Ізааку і Якубу, і нашчадкам іх. У той час я сказаў вам: я не змагу адзін узяць на сябе вашыя цяжкасьці. Госпад Бог ваш размножыў вас – сёньня вас, як зорак у небе. I няхай Госпад, Бог айцоў вашых, размножыць вас яшчэ ў тысячу разоў і блаславіць вас, як абяцаў. Але як жа мне аднаму насіць вашыя цяжкасьці, вашы клопаты і непаладкі? Дык абярыце сабе спаміж каленаў вашых мужоў разумных, паважных і дасьведчаных, і я пастаўлю іх вам начальнікамі. I вы мне адказалі: добрую рэч хочаш зрабіць. Дык вось я ўзяў старшыняў з каленаў вашых, мужоў мудрых, паважных і дасьведчаных, і паставіў іх тысячаначальнікамі, сотнікамі, пяцідзесятнікамі і дзесятнікамі, каб былі кіраўнікамі ў каленах вашых. У той самы час я даў такі наказ судзьдзям вашым: Выслухоўвайце братоў вашых, судзеце справядліва справу кожнага, з братам яго ці з чужынцам. Калі судзіце, не глядзеце на аблічча, выслухоўвайце аднолькава малога і вялікага, ня бойцеся нікога, бо суд Божы ёсьць".

Чытаньне кнігі Другога Закону (10:14-21):

У той час сказаў Майсей сыном Ізраілевым: "Неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што напаўняе яе, належаць Госпаду Богу твайму. Толькі да айцоў вашых прыхіліўся Госпад і палюбіў іх, і выбраў іх і іхняе патомства сярод іншых народаў – аж па сёньняшні дзень. Дык абрэжце сэрцы вашыя, і няхай шыі вашыя ня будуць цьвёрдымі. Бо Госпад Бог ваш – Бог над багамі і ўладар над уладарамі, Бог вялікі, магутны і страшны, які не зважае на асобу і не прымае падарункаў; Ён чыніць справядлівасьць сіраце і ўдаве, мілуе чужынца, даючы яму хлеб і вопратку. Вы таксама любеце чужынцаў, бо самі былі чужынцамі ў зямлі Ягіпскай. Госпада Бога твайго бойся, Яго трымайся, Яму служы і імем Ягоным кляніся. Ён – твая слава, Ен Бог твой, што ўчыніў для цябе вялікія і страшныя рэчы, якія ты бачыў на ўласныя вочы".


Вершапесьні: нядзельныя належнага тону.

Слава ...:

(Тон 4). Сёньня ўся грамада верных набожна сьвяткуе пачэсную памяць баганосных айцоў, што з усіх куткоў сьвету сабраліся ў Нікеі. Яны багамудра абверглі нязбожную навуку Арыя і саборна адлучылі яго ад Паўсюднай Царквы. У Вызнаньні Веры яны дакладна і праўдзіва навучылі нас верыць у адзінасутнага і спрадвечнага Сына Божага. Дзеля гэтага мы, ідучы за іхнім боскім навучаньнем, з непахіснай вераю пакланяемся разам з Айцом Сыну і Духу ўсесьвятому, у еднасьці Боства Тройцы адзінасутнай.

Цяпер ...:

(Тон 4). Глянь прыхільна на маленьні слуг тваіх, Усячыстая, і адхілі ад нас цяжкія напасьці, выбаўляючы нас ад усякага смутку, бо ў табе адзінай маем цьвёрдую і пэўную абарону, і на тваё заступніцтва спадзяемся. Дык ня дай нам пасаромецца, Уладарка, калі мы зьвяртаемся да цябе, але адгукніся хутка на просьбы тых, што ў веры клічуць: Радуйся, Уладарка, дапамога, радасьць, ахова і збаўленьне душ нашых.


Адпушчальныя трапары

Трапар нядзельны належнага тону

Слава ...

Трапар Айцоў (тон 8). Ты бесканечна слаўны, Хрысьце Божа наш, бо Ты ўстанавіў айцоў нашых сьветачамі на зямлі, і цераз іх прывёў нас да веры праўдзівай. Усеміласьцівы Госпадзе, слава Табе.

Цяпер ...

Багародзічны (тон 8). Ты, што дзеля нас нарадзіўся ад Дзевы і на крыжы пацярпеў, сьмерцю зьнічыўшы сьмерць і паказаўшыся Богам ва ўваскрасеньні Тваім, не пагардзь творамі рук Тваіх, пакажы чалавекалюбства Тваё, Міласэрны, прымі малітвы за нас Багародзіцы, якая нарадзіла Цябе, і збаў, Збавіцелю добры наш, людзей бездапаможных.


Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст