Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » VI тыдзень посту - панядзелак - увечары


 

 

VI тыдзень посту - панядзелак - увечары

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 6): Шматлікімі правінамі і асалодамі жыцьцёвымі я, няшчасны, параніў хворую душу маю, Уладару; цяпер ляжу на пасьцелі ленасьці і клічу: "Прыйдзі, наведай мяне, Міласэрны, даруй мне здароўе і міласьць; не пакінь мяне, каб мне не заснуць сьмяротным сном і каб вораг, які ўсё стараецца зьвесьці мяне ў глыбіню апраметную, ня цешыўся з гібелі маёй".

Бяздумна пазайздросьціўшы, Госпадзе, неміласэрнаму багачу, весялюся і таплюся ў асалодах і пажадлівасьцях і, бачачы мой згаладалы і паранены пажаданьнямі розум, што, быццам Лазар, ляжыць перад дзьвярамі каяньня, абыякава праходжу міма. За гэта ўсё я заслужыў на агонь пякельны, але Ты, шматміласэрны Ўладару, выбаў мяне ад яго.

(Тон 5): Ходзячы па тым баку Ярдану, Ты, Госпадзе, прадказаў, што хвароба Лазара не будзе яму на сьмерць, але на славу Табе, Богу нашаму, і на доказ велічы і магутнасьці ўчынкаў Тваіх: бо Ты, Чалавекалюбча, перамог сьмерць у вялікай міласэрнасьці Тваёй.

Тры песьні і багародзічны з мінэі.


Пракімен (Пс. 106): Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо міласэрнасьць яго вечна трывае.

Верш: Хай скажуць збаўленыя Госпадам, што Ён добры, што міласэрнасьць Яго вечна трывае.


Чытаньне кнігі Роду

Калі Ісаак састарэўся і зрок ягоны прытупіўся так, што ня мог бачыць, ён паклікаў Ісава, свайго старэйшага сына і сказаў: "Сыне мой!" А калі той адгукнуўся: "Я тут!", Ісаак сказаў: "Я ўжо стары і ў кожную хвіліну магу памерці. Вазьмі свае паляўнічыя снасьці, твой калчан і лук, ідзі ў поле, упалюй мне дзічыну, звары для мяне смачную страву так, як я люблю, і прынясі яе мне: няхай зьем яе, каб блаславіла цябе душа мая перад сьмерцю". Рабэка чула, што гаварыў Ісаак Ісаву, сыну свайму. І калі Ісаў пайшоў у поле, каб упаляваць дзічыну для бацькі, Рабэка сказала Якубу, любаму сыну свайму: "Я чула, як твой бацька казаў Ісаву, брату твайму: Прынясі дзічыну і звары мне смачную страву, каб я зьеў і блаславіў цябе ў імя Госпада перад тым, чым памерці. Цяпер, сыне мой, паслухай, што я табе скажу. Ідзі, вазьмі з чарады двое казьлятаў добрых, а я звару з іх смачную страву для твайго бацькі так, як ён любіць. Тады занясеш яе твайму бацьку, каб ён зьеў і блаславіў цябе перад сьмерцю". Але Якуб адказаў Рабэцы: "Ісаў, брат мой, валасаты, а я гладзенькі. Калі бацька захоча дакрануцца да мяне, будзе выглядаць, быццам я жарты строю з яго, і таму магу навесьці на сябе праклён, а не блаславенства". Тады кажа яму ягоная маці: "На мне будзе твой праклён, сыне мой! Ты толькі слухай мяне і ідзі прынясі мне (казьлят)". Ён пайшоў і прынёс іх сваёй маці; а яна зварыла смачную страву, як любіў ягоны бацька. І ўзяла Рабэка найлепшую вопратку Ісава, што была ў хаце, і апранула ў яе Якуба, свайго малодшага сына, а казьлінымі шкурамі абклала ягоныя рукі і гладкую шыю. Тады дала яна Якубу, сыну свайму, смачную страву, якую зварыла, і хлеб. І ён пайшоў да свайго бацькі і кажа: "Ойча мой!" А той адгукнуўся: "Я тут. Хто ты, сыне мой?" Тады Якуб кажа бацьку: "Я Ісаў, твой першародны. Я зрабіў так, як ты мне загадаў. Падыміся, сядзь і зьеш упаляваную мною дзічыну, каб блаславіла мяне душа твая". А Ісаак кажа сыну: "Нешта хутка ты, сыне, знайшоў яе". А той адказаў: "Госпад Бог твой так зрабіў мне". Тады Ісаак сказаў Якубу: "Падыдзі бліжэй да мяне, каб мне дакрануцца і ўпэўніцца, што ты сапраўды Ісаў, сын мой". Якуб падышоў да Ісаака, а той дакрануўся да яго і сказаў: "Голас Якуба, а рукі Ісава". І так не пазнаў ён Якуба, бо рукі яго былі валасатыя, як рукі Ісава. І блаславіў яго. Потым спытаўся: "Ці сапраўды ты мой сын Ісаў?" А той адказаў: "Так, гэта я". Тады сказаў (Ісаак): "Дай, хай зьем дзічыны сына майго, каб мая душа блаславіла цябе". І той даў яму, і ён еў; прынёс яму віна, і ён выпіў. Тады кажа яму Ісаак, бацька ягоны: "Падыдзі бліжэй і пацалуй мяне, сыне мой". І ён падышоў і пацалаваў яго. І пачуў Ісаак запах вопраткі ягонай і блаславіў яго, кажучы: "Гэта запах сына майго, як запах поля, якое блаславіў Госпад. Няхай Бог дасьць табе расу з неба і зямлю ўрадлівую, удосталь пшаніцы і віна. Няхай народы служаць табе і пакаленьні пакланяюцца перад табою. Будзеш валадарыць над братамі тваімі, і сыны маці тваёй паклоняцца табе. Пракляты хай будзе той, хто цябе праклінае, і блаславёны, хто цябе бласлаўляе".

Толькі Ісаак скончыў бласлаўляць Якуба, і Якуб адышоў ад Ісаака, бацькі свайго, як вярнуўся з паляваньня Ісаў, брат ягоны. Ён таксама зварыў смачную страву, прынёс бацьку свайму і кажа: "Хай бацька падымецца і зьесьць дзічыны сына свайго, каб душа яго блаславіла мяне". Тады Ісаак, ягоны бацька, спытаў: "Хто ты?" Ён адказаў: "Я сын твой першародны Ісаў". Жахнуўся Ісаак і, устрывожаны, пытае: "Хто ж тады быў той, што ўпаляваў дзічыну, прынёс мне, і я зьеў перад тым, чым ты прыйшоў, і блаславіў яго, так што маё блаславенства пры ім застаецца?" Калі Ісаў пачуў словы бацькі свайго, ён усклікнуў моцна жаласным голасам і сказаў свайму бацьку: "Блаславі і мяне, ойча мой!" А той сказаў: "Прыйшоў твой брат і подступам забраў тваё блаславенства". Тады Ісаў сказаў: "Недарма далі імя яму Якуб. Два разы ён ашукаў мяне: пазбавіў мяне майго першародства, а цяпер забраў маё блаславенства!" На гэтыя словы Ісаак адказаў Ісаву: "Я паставіў яго тваім уладаром, і даў яму ўсіх братоў яго за слугаў; хлебам і віном забясьпечыў яго. Што магу зрабіць для цябе, мой сыне?" Тады Ісаў кажа бацьку свайму: "Няўжо ж у цябе, бацька, толькі адно блаславенства? Блаславі і мяне, бацька мой!" І заплакаў Ісаў голасна. Тады бацька ягоны Ісаак даў яму такі адказ: "Ня будзе ўрадлівай краіна, у якой будзеш жыць, бо ня будзе там расы з неба. Жыць будзеш з мяча твайго і будзеш слугою брата твайго. Але прыйдзе час, калі станеш свабодны і скінеш ярмо з шыі тваёй". І Ісаў узьненавідзеў Якуба за блаславенства, якое яму даў ягоны бацька. (27:1-41)


Пракімен (Пс. 107): Узьнясіся на нябёсы, Божа, і хай па ўсёй зямлі разыдзецца слава Твая.

Верш: Гатовае сэрца маё, Божа, гатовае сэрца маё.


Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Хто захоўвае прыказаньні, зьберагае жыцьцё; хто ня дбае аб дарогах сваіх, памрэ. Хто чыніць дабро беднаму, дае пазыку Госпаду, і Той яго ўзнагародзіць за ягонае дабрадзейства. Карай сына твайго, пакуль ёсьць надзея, але ня бі яго да сьмерці. Гняўлівы будзе пакараны: калі яго пашкадуеш, павялічыш няшчасьце. Слухай рады і прымай навучаньне, каб быць мудрым у будучыні. Шмат намераў у сэрцы людзкім, але воля Гасподняя зьдзейсьніцца. Прывабнасьць чалавека – ягоная дабрыня; лепш бедны, як хлус. Страх Гасподні вядзе да жыцьця: напоўнены ім кладзецца спакойны (і зло не сустрэне яго): Лянівы руку сваю апускае ў міску, але цяжка яму яе да роту данесьці. Калі ўдарыш насьмешніка, то і прастадушны стане разумнейшым; калі напомніш разумнага – яму веды прыбудзе. (19:16-25)


Вершапесьні

(Тон 4): Ад ліхвярства, што абкрадае душу, вызваль нас, Збавіцелю, і пасялі нас разам з убогім Лазарам ва ўлоньні Абрагама: бо Ты, Божа, багаты на міласэрнасьць, дзеля нас дабравольна стаўся бедным, і ад тленнасьці да нятленнасьці перавёў нас у міласэрнасьці і чалавекалюбстве Тваім. (Двойчы)

Ты, што прымаеш цярпеньні мучанікаў сьвятых, і ад нас прымі, Чалавекалюбча, песьню хвалы, і малітвамі іх даруй нам веліч зьмілаваньня Твайго.

Багародзічны: Выбаў нас ад бед нашых, Маці Хрыста Бога, што нарадзіла Творцу ўсіх, каб нам усім клікаць:"Радуйся, адзіная Заступніца душ нашых!"


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст