Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » VI тыдзень посту - серада - увечары


 

 

VI тыдзень посту - серада - увечары

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 5): Багаты на грэшныя пажаданьні, апрануты ў вопратку крывадушнасьці, знаходжу радасьць у непаўстрыманасьці да злога, празмернай неміласэрнасьці і пагардзе да майго розуму, што, хворы ад маёй абыякавасьці, ляжыць перад дзьвярамі пакаяньня і церпіць голад добрага. Але Ты, Госпадзе, зрабі мяне падобным да Лазара, бедным на грахі, каб у час патрэбы мне не апынуцца ў нязгасным агні з высахлым языком, ня ў змозе нават палец памочыць у вадзе; але пасялі мяне ва ўлоньні Абрагама ў чалавекалюбстве Тваім.

У бязьмежнай любові вы, сьвятыя мучанікі, ня выракліся Хрыста: пацярпеўшы розныя мукі і раны, вы перамаглі дзёрзкасьць мучыцеляў і, захаваўшы чыстай і непашкоджанай веру, пераставіліся да неба. Цяпер, маючы ласку ў Бога, прасіце Яго дараваць нам веліч зьмілаваньня.

Ходзячы па тым баку Ярдану, Ты, Ісусе, казаў тым, што былі з Табою: "Прыяцель мой Лазар памёр і сёньня аддаецца на пахаваньне; цешуся за вас, прыяцелі мае, бо вы ўбачыце, што Я, хоць і явіўся вам як чалавек, ведаю ўсё як нязьменны Бог. Ідзем ажывіць яго, каб сьмерць адчула нашую перамогу і яе поўнае зьнішчэньне. Яўна раблю гэта, даючы сьвету веліч зьмілаваньня".

Будзем пераймаць Марту і Марыю, пашлем да Госпада добрыя ўчынкі, быццам малітвы, каб Ён прыйшоў і ўваскрасіў наш розум, які ляжыць без чуцьця мёртвы ў магіле ленасьці, не адчуваючы страху Гасподняга і ня маючы ўчынкаў, што вядуць да жыцьця. Усклікнем: "Глянь на нас, Госпадзе і, як некалі прыяцеля Твайго Лазара ажывіў, так цяпер ажыві ўсіх нас, даючы нам веліч зьмілаваньня".

(Тон 6): Лазар, які ўжо два дні ляжыць у магіле, бачыць страшныя рэчы: незьлічонае мноства памерлых ад пачатку сьвету ў палоне пекла. Родныя плачуць горка, гледзячы на ягоную магілу. А Хрыстос ідзе ажывіць прыяцеля свайго, і ўстанавіць зноў суладзьдзе. Блаславёны Ты, Збавіцелю, слава Табе.

Тры песьні і багародзічны з мінэі.


Пракімен (Пс. 114): Буду рабіць прыемнае Госпаду ў краіне жывых.

Верш: Люблю Госпада, які пачуў голас малітвы маёй.


Чытаньне кнігі Роду

Браты Язэпа прынесьлі ў дом ягоны дары, якія мелі з сабою і, трымаючы іх у руках, пакланіліся яму. А ён, спытаўшыся аб здароўі, сказаў: "Ці стары бацька ваш, аб якім вы мне гаварылі, здаровы? Ці жыве ён яшчэ?" Яны адказалі: "Здаровы слуга твой, наш бацька", і, схіліўшы галовы, пакланіліся да зямлі. А ён падняў вочы, убачыў Беніяміна, сына маці сваёй, і спытаўся: "Ці гэта ваш наймалодшы брат, аб якім вы мне гаварылі?" І дадаў: "Хай Бог будзе спагадлівы табе, сыне мой!" Потым хутка выйшаў, бо від брата моцна ўсхваляваў яго, і сьлёзы паплылі з ягоных вачэй; ён пайшоў у сьвятліцу і там заплакаў. Памыўшы твар, ён выйшаў зноў, стараючыся панаваць над сабою. І, ня могучы стрымаць свайго хваляваньня перад усімі, сказаў: "Хай усе выйдуць". А калі ўжо нікога не было, ён даў сябе пазнаць братом сваім. Заплакаўшы голасна, так што чулі яго егіпцяне і хатнія фараона, ён сказаў братом сваім: "Я Язэп! Ці бацька мой жывы яшчэ?" Браты ягоныя не маглі нічога адказаць, бо вельмі спалохаліся. Але ён сказаў ім: "Падыдзіце бліжэй". Калі яны падышлі бліжэй, ён кажа ім зноў: "Я Язэп, брат ваш; я той, каго вы прадалі ў Ягіпет. Але не сумуйце цяпер і не дакарайце сябе, што прадалі мяне. Бо каб зьберагчы вас пры жыцьці, Бог паслаў мяне сюды перад вамі. Вось ужо два гады трывае голад у той краіне, і яшчэ пяць гадоў ня будзе ні воркі ні жніва. Бог паслаў мяне перад вамі, каб зьберагчы на зямлі рэшту вас і ўратаваць вашае жыцьцё. Дык ня вы мяне сюды паслалі, а Бог. Ён зрабіў мяне дарадчыкам фараона, распарадчыкам у ягоным доме і начальнікам над усім Ягіптам. Ідзіце хутка да майго бацькі і скажыце яму: Бог зрабіў мяне начальнікам усяго Ягіпту. Прыходзь безадкладна, будзеш жыць на зямлі Гошэн, будзеш блізка мяне, ты і твае сыны, унукі, статкі, і ўвесь твой набытак. Я буду карміць цябе, бо голад будзе яшчэ трываць пяць гадоў. Вось вы бачыце на ўласныя вочы, і Бэніямін, брат ваш, бачыць, што гэта я гавару да вас. Раскажыце бацьку майму аб высокай маёй годнасьці ў Ягіпце і аб усім, што бачылі. І, не адкладаючы, прывядзіце да мяне майго бацьку". Пасьля гэтага кінуўся на шыю Бэніяміну, брату свайму, і расплакаўся. Бэніямін таксама плакаў, абдымаючы шыю яго. І плакаў Язэп, абдымаючы і цалуючы братоў сваіх. А потым браты размаўлялі з ім. І разышлася вестка ў палацы фараона, што прыйшлі браты Язэпа. (43:26-31; 45:1-16)


Пракімен (Пс. 115): Малітвы мае Госпаду прынясу перад усімі людзьмі Яго.

Верш: Веру, таму і гавару: я вельмі прыгнечаны.


Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Хто сьцеражэ вусны свае і язык, ахоўвае жыцьцё ад суму. Нахабны зазнайка – блюзьнерца ім – сьмерць для яго, бо рукі ня хочуць працаваць. Скнара кожны дзень жадае нечага хціва; праведнік мілуе і дае, не шкадуючы. Ахвяра нязбожных агідная, тым больш калі прыносіцца з благім намерам. Хлусьлівы сьведка згіне; той, хто ўмее слухаць, умее і гаварыць. Несумленны мае самаўпэўнены выгляд; праведны зважае на свае ўчынкі. Няма мудрасьці ні розуму, ні добрай рады супраць Госпада. Каня сядлаюць на дзень бітвы, але перамога залежыць ад Госпада. Добрае імя лепшае за багацьце; добрая слава даражэйшая за золата і срэбра. Багаты і бедны сустракаюцца: абодвух стварыў Госпад. Разважны бачыць зло і хаваецца; недасьведчаныя ідуць і пападаюць у бяду. Плод пакоры – страх Гасподні, багацьце, пашана і жыцьцё. (21:23-22:4)

Далей Літургія раней асьвячаных Дароў.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст