На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 8): Закончыўшы душакарысны саракадзённы пост,
просім Цябе, Чалавекалюбча, дай нам бачыць тыдзень Мукаў Тваіх, каб нам славіць
веліч Тваю і невыказны провід, суладна сьпяваючы: "Госпадзе, слава Табе!"
(Двойчы)
Мучанікі Гасподнія, просім вас, маліце Бога нашага і
выпрасіце душам нашым багацьце дабротаў і ачышчэньне ад шматлікіх правінаў.
(Тон 6): Перад тым, як Ты сам меўся дабравольна
пасяліцца ў магіле, Ты захацеў бачыць магілу Лазара і спытаўся: "Дзе яго
паклалі?" Пачуўшы ў адказ тое, што было ўжо вядомае Табе, Ты загадаў таму, каго
Ты любіў: "Лазар, выйдзі вон!" І Лазар, які ляжаў без дыханьня, паслухаў Цябе,
Збавіцеля душаў нашых, які даў яму дыханьне.
Ты, Госпадзе, Колас жыцьця, прыйшоў на магілу Лазара, які быў
ужо мёртвы чатыры дні і, заплакаўшы, вярнуў яго да жыцьця. Так загадам Тваім
сьмерць была спутаная, а пахавальныя палотны разьвязаныя. Грамада вучняў
напоўнілася радасьцю і аднадушна ўславіла Цябе, усклікаючы: "Блаславёны Ты,
Збавіцелю, зьмілуйся над намі!"
Голас Твой, Госпадзе, разбурыў сьмерці ўладу, і магутнае
слова Тваё ўзьняло з магілы чатырохдзённага мёртвага. Лазар стаўся першым плодам
збавеннага новага жыцьця. Усё магчыма Табе, Госпадзе і Ўладару ўсіх, дык дай
слугам Тваім ачышчэньне і веліч зьмілаваньня.
Каб упэўніць вучняў у Тваім уваскрасеньні, Ты, Госпадзе,
прыйшоў на магілу Лазара і паклікаў яго; і вось пекла было палоненае і
адпусьціла чатырохдзённага мёртвага, які ўсклікнуў: "Блаславёны Ты, Госпадзе;
слава Табе!"
Ты, Госпадзе, прыйшоў з вучнямі ў Бэтанію, каб Лазара
ўваскрасіць. Заплакаўшы над магілаю, згодна з людзкой прыродаю,Ты як Бог
уваскрасіў яго, хоць ён ужо быў мёртвы чатыры дні. І ён усклікнуў Табе,
Збавіцелю: "Блаславёны Ты, Госпадзе, слава Табе!"
Слава ...
(Тон 8): Стаўшы перад магілай Лазара, Ты,
Збавіцелю, паклікаў мёртвага і ўзьняў яго, быццам ад сну. І вось ён скінуў
тленнасьць сілаю нятленнасьці, і на Твой загад выйшаў, спавіты ў пахавальныя
палотны. Ты, Чалавекалюбча, можаш усё, усе людзі служаць Табе і ўсё слухаецца
Цябе. Збавіцелю наш, слава Табе!
Цяпер ...
(Тон 8): Скончыўшы саракадзённы душакарысны пост,
усклікнем: "Радуйся, горад Бэтанія, бацькаўшчына Лазара; радуйцеся, Марта і
Марыя, сёстры ягоныя: бо заўтра прыходзіць Хрыстос словам ажывіць памерлага
брата". Пачуўшы голас Ягоны, ненасытнае пекла задрыжэла ў страху і, голасна
застагнаўшы, выпусьціла Лазара, абвязанага палотнамі. Калі гэбрэі ўбачаць гэты
цуд, яны зьдзівяцца і выйдуць насустрач Яму з вербамі і галінкамі дрэў. І
дзеткі, хоць бацькі іхнія будуць глядзець са злоснай зайздрасьцю, будуць славіць
Яго і клікаць: "Блаславёны той, хто ідзе ў імя Гасподняе, Уладар Ізраіля!"
Пракімен (Пс. 124):
Дапамога нашая ў імя Госпада, які стварыў неба і зямлю.
Верш: Той, хто жыве ў Ерусаліме, не пахісьнецца
давеку.
Чытаньне кнігі Роду
Калі Якуб скончыў даваць наказы сынам сваім, ён лёг на
пасьцель і, аддаўшы духа, адышоў да сваіх продкаў. Язэп прыпаў да цела бацькі
свайго і, заплакаўшы, цалаваў яго. А пасьля загадаў Язэп слугам сваім, лекарам,
забальсамаваць бацьку ягонага; і яны забальсамавалі Ізраіля. Сорак дзён пайшло
на тое, каб яго забальсамаваць; і жыхары Ягіпту плакалі па ім семдзесят дзён.
Калі ж мінулі дні жалобы, зьвярнуўся Язэп да вяльможаў фараонавых з просьбай:
"Калі я знайшоў ласку ў вас, скажыце аба мне фараону: Перад сьмерцю бацька мой
абавязаў мяне прысягай, кажучы: пахавай мяне ў магіле, якую я прыгатаваў сабе ў
зямлі Ханаанскай. Дык цяпер пайду пахаваць бацьку майго, а пасьля вярнуся".
Далажылі фараону просьбу Язэпаву. І кажа фараон Язэпу: "Ідзі, пахавай бацьку
твайго, так як ты кляўся". І Язэп пайшоў пахаваць бацьку свайго, а з ім пайшлі
слугі фараона, старэйшыя ўрадоўцы дому яго і начальнікі зямлі ягіпскае, а
таксама ўся сям'я Язэпа, браты яго, і ўсе хатнія бацькі ягонага. Толькі дзеці,
авечкі і статкі жывёлы засталіся ў зямлі Гашэн. Ехалі з ім таксама людзі на
конях і калясьніцах, творачы вялікую сьвіту. Прыйшоўшы на зямлю Горан-Гатаад па
той бок Ярдану, яны наладзілі вялікае і ўрачыстае пахаваньне бацьку свайму.
Абрад пахаваньня трываў сем дзён. Жыхары ханаанскай зямлі бачылі жалобныя абрады
ў Горан-Атаад і казалі: "Вялікая жалоба ў егіпцянаў". Дзеля гэтага мясцовасьць
па той бок Ярдану атрымала назву "Плач егіпцянаў". Такім чынам сыны (Якуба)
зрабілі, як ім загадаў бацька: прынесьлі (цела) яго ў Ханаан і
пахавалі ў пячоры ў полі Макпель, якое купіў Абрагам ад Эфрона Хетыта для
пахаваньня памерлых. Яно было недалёка ад Мамбрэ.
Пасьля пахаваньня бацькі Язэп вярнуўся ў Ягіпет, а з ім браты
ягоныя і ўсе, што пайшлі разам з ім пахаваць ягонага бацьку. Браты ягоныя,
здаючы сабе справу з таго, што бацька іх ужо не жыве, думалі: "Напэўна Язэп
узьненавідзіць нас і будзе мсьціцца за крыўду, якую мы яму ўчынілі". І паслалі
яны сказаць Язэпу: "Бацька твой перад сьмерцю даў такі наказ: Скажыце Язэпу:
Адпусьці братом тваім іх віну і грэх, бо яны ўчынілі крыўду табе. Але ты цяпер
прабач з ласкі тваёй слугам Бога бацькі твайго". Язэп, калі яму гэта сказалі,
заплакаў. Тады прыйшлі да яго браты і, упаўшы перад ім, сказалі: "Вось мы слугі
твае". Але Язэп сказаў ім: "Ня бойцеся, бо не я кірую, але Бог. Вы некалі
задумалі зло супраць мяне, але Бог абярнуў усё на дабро, каб зрабіць так, як
ёсьць сёньня: збавіць жыцьцё многіх людзей. Дык ня бойцеся: я пракармлю вас і
дзяцей вашых". Так ён пацяшаў іх і гутарыў з імі сардэчна.
Язэп жыў у Ягіпце, ён і сям'я бацькі яго. Дажыў ён да ста
дзесяці гадоў, дачакаўся праўнукаў ад Яфрэма. Таксама дзеці Махіра і Манасіі
нарадзіліся пры жыцьці Язэпа. Наканец Язэп сказаў братом сваім: "Я паміраю, але
Бог напэўна пакажа вам сваю спагадлівасьць і выведзе вас з гэтай краіны ў зямлю,
якую ўрачыста абяцаў даць Абрагаму, Ісааку і Якубу". Пасьля гэтага ўзяў Язэп у
сыноў Ізраіля наступнае абяцаньне: "Калі Бог наведае вас, забярыце з сабою мае
косьці". І памёр Язэп, маючы сто дзесяць гадоў, а яны забальсамавалі ягонае цела
і паклалі ў дамавіну ў Ягіпце. (49:33-50:26)
Пракімен (Пс. 124):
Тыя, што спадзяюцца на Госпада, быццам гара Сыён, не пахіснуцца давеку.
Верш: Госпад ня дасьць, каб жэзл нязбожных кіраваў
лёсам праведных.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Адчыняй вусны твае за нямых, у абароне годных спагады. Судзі
праведна, чыні справядлівасьць беднаму і ўбогаму. Хто знойдзе дабрадзейную
жонку? Цана ёй вышэй за пэрлы. Сэрца мужа ўпэўненае ў ёй, і ён не застаецца без
здабытку. Яна робіць яму дабро, а ня зло, праз усе дні жыцьця яго. Дастае воўну
і лён, ахвотна працуе рукамі сваімі. Быццам купецкі карабель, здалёку здабывае
ежу. Устае яшчэ ноччу, раздае ежу ў доме сваім, а слугам абавязкі. Думае пра
зямлю, купляе яе; рукамі сваімі садзіць вінаграднік; падпярэзвае сілаю паясьніцу
сваю, узмацняе рукі свае. Бачная карысьць з ейнае працы: ліхтар яе ня гасьне
сярод ночы. Працягвае рукі да кужалю, пальцы яе бяруць верацяно. Адчыняе далонь
убогаму, руку сваю падае таму, хто ў патрэбе. Сям'я яе не баіцца сьцюжы, бо ўся
апранута ў падвойную (цёплую) вопратку. Яна тчэ кілімы; вопратка яе –
бісер і пурпура. Муж яе вядомы ў варотах, калі сядзе разам са старэйшымі краіны.
Яна тчэ палатно, прадае яго, паясы дастаўляе купцу. Годнасьць і краса – вопратка
яе, весела глядзіць яна ў будучыню. Мудрасьць адчыняе яе вусны, лагоднае
навучаньне на языку ў яе. Яна наглядае за гаспадаркай у доме сваім, не спажывае
хлеба ленасьці. Дзеці ўстаюць і бласлаўляюць яе, а муж хваліць яе: "Шмат ёсьць
жанчынаў працавітых, але ты перавышаеш іх усіх!" Прыгажосьць зманлівая і краса
пераходная: жонка багабойная годная пахвалы. Дайце ёй ад плоду рук яе: хай
праслаўляюць усе ўчынкі яе ў варотах. (31:8-31)
Далей Літургія раней асьвячаных Дароў.
|