Вячэрня
На „Госпадзе, Цябе клічу...“:
Сьвята (тон 1). Крыж узносіцца, і дэманы
праганяюцца, разбойнік адчыняе дзьверы раю, сьмерць гіне і пусьцее, Хрыстос
узьвялічваецца. Дык весяліцеся, усе, што на зямлі, бо праклён адмяняецца.
Прыйдзіце, усе багалюбцы, каб узьвялічыць разам з
узьнясеньнем Крыжа адзінага Збавіцеля і Госпада, клічучы: „Госпадзе, што быў
расьпяты на крыжовым дрэве, не пагардзі намі, якія молімся Табе“.
Майсей некалі, перамяніўшы горыч вады ў слодыч і збавіўшы
Ізраіля, даў нам правобраз Крыжа; мы ж, верныя, маем яго заўжды тайна ў сэрцах
нашых і збаўляемся сілаю яго.
Мучаніцаў (тон 4). Дзевы сёстры, злучаныя законамі
прыроды, умацаваныя любоўю Тварца, вераю путы спакусы разарвалі і нямоглага
ворага мужна нагамі патапталі; упрыгожыўшыся сьветлымі вянкамі перамогі,
радуюцца цяпер у духоўным хораме Жаніха.
Вера ўсяхвальная, Любоў слаўная, і Надзея багамудрая,
сьветлыя аднайменьніцы дабрадзейнасьцяў, у мучэньнях перамаглі ворага, які
некалі прамаці нашу хітрасьцю спакусіў; і, абагавіўшыся, атрымалі за жыльлё рай,
дзе моляцца за ўсіх нас.
Не спалохаўшыся агню і розных мукаў і сьмерці, усепачэсныя
дзевы, парасткі Сафіі – Вера, Надзея і Любоў, – шукалі з вераю дабрыню
найпрыгожага Жаніха і ўпрыгожыліся шматлікімі ранамі, і з ім зьядналіся. Дзеля
іх, Госпадзе, захавай нас ад злога.
Слава... цяпер...
(Тон 1). Сёньня ўзвышаецца дрэва праўдзівага
жыцьця, пасаджанае на месцы чэрапу, дзе спрадвечны Ўладар учыніў збаўленьне
пасярод зямлі. Яно асьвячае ўсе куткі сьвету. І вось абнаўляецца сьвятыня
Ўваскрасеньня. Анёлы ў небе радуюцца, і цешацца людзі на зямлі, клічуць і кажуць
сьледам за Давідам: „Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і падайце ніцма перад
падножжам Ягоным, бо Ён сьвяты і дае сьвету веліч зьмілаваньня!“
Вершапесьні
(Тон 2). Боскай вадою і крывёю Тваёю, Слова,
Царква, быццам нявеста, сьветла ўпрыгожваецца, славячы Крыж Твой.
Верш: Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і
пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты.
Крыжу з кап'ём, цьвікамі і з усім, чым цела Хрыстова было
прыбітае, паклонімся.
Верш: Бог – Уладар наш спрадвеку: Ён учыніў
збаўленьне пасярод зямлі.
Калі Майсей перамог Амалека, Ён крыжом узьняў рукі свае і даў
гэтым вобраз чыстых Хрыстовых мукаў.
Слава... цяпер...
(Тон 1). Патрыярх Якуб даў вобраз Крыжа Твайго,
Хрысьце, калі блаславіў унукаў, усклаўшы на іхнія галовы накрыж рукі свае. Мы ж
сёньня, Збавіцелю, узносім крыж і клічам: „Дай перамогу над усімі нягодамі
Царкве Тваёй і захавай яе ў супакоі!“
Адпушчальныя трапары
(Тон 4). Царква сьвяткуе і цешыцца, прымаючы з
радасьцю маці і дачок яе. Аднайменніца мудрасьці, яна нарадзіла трох дачок,
аднайменных з трымя багаслоўскімі дабрадзейнасьцямі, і бачыла, як яны, быццам
мудрыя дзевы, сталіся нявестамі Жаніха Бога Слова. З ёю і мы духоўна радуемся,
спраўляючы памяць іх, і клічам: „Змагаркі Тройцы, Вера, Надзея і Любоў, у веры,
надзеі і любові ўмацуйце нас!“
Слава...цяпер...
Крыжа (тон 1).
Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Даруй супакой сьвятой
Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю
Твайго Крыжа. |