Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 19 верасьня - Пасьвяцьце Ўзвышэньня і сьвятых мучанікаў Трахіма, Сабата і Дарымедонта


 

 

19 верасьня - Пасьвяцьце Ўзвышэньня і сьвятых мучанікаў Трахіма, Сабата і Дарымедонта

Вячэрня

На „Госпадзе, Цябе клічу...“:

Сьвята (тон 4). Крыж усесьвяты, неадольная перамога, сёньня выходзіць з зямлі і яўляецца ўсім, і ўзбагачае сусьвет зьзяньнем дабрыні. Дзеля гэтага славім добры провід Хрыста Бога нашага, які захацеў расьпяцца на ім.

Некалі ўгоднік Майсей, багавідзец і прарок Божы, прадвяшчэньнем Крыжа перамагаў чужынцаў-ворагаў; сёньня ж Крыж, узьнесены рукамі сьвятара, адганяе дэманаў і ворагаў Царквы і выкрывае нязбожных дзёрзкасьць.

Крыж Твой, Збавіцелю наш, – неадольная сіла для нас, хрысьціянаў, бо ён перамагае мноствы нязбожных ворагаў і дае супакой Царкве Тваёй, Хрысьце. Цалуючы яго сёньня, молім Цябе, Чалавекалюбча, даць нам удзел разам са сьвятымі Тваімі.

Мучанікаў (тон 8). Ты, мучаніку Трахіме, хацеў спажываць несьмяротную ежу і накарміўся болем мукаў цялесных. Упрыгожаны сьведчаньнем, ты перайшоў з радасьцю ад тленнасьці да нятленнага жыцьця. Малітвамі тваімі выпрасі, блаславёны, велічы зьмілаваньня для ўсіх нас.

Сабат слаўны перацярпеў многія мукі, і сёньня сьвяткуе радасна ў нябесных хорамах. Атрымаўшы належную ўзнагароду за свае подзьвігі, ён быў залічаны да хораў анельскіх. Малітвамі яго, Хрысьце, даруй людзям Тваім багацьце зьмілаваньня Твайго.

Ты, Дарымадонце, адкінуў рады нязбожных, умацаваў розум свой боскімі радамі і мужна перанёс выпрабаваньні мукаў. Атрымаўшы заплату пераможцы, ты пануеш разам з Хрыстом і молішся за ўсіх нас.

Слава... цяпер...

(Тон 4). Пакажам сёньня радасьць урачыстымі песьнямі і, са сьветлымі тварамі, звонкім голасам запяём: „Ты, Хрысьце, дзеля нас прыняў прысуд, апляваньні і раны, быў апрануты ў акрываўленую вопратку і ўзьняты на крыж“. Калі Цябе сонца і месяц пабачылі, яны ня далі сьвятла, і зямля ў жаху скаланулася, і заслона ў сьвятыні разарвалася надвое. Дай нам сёньня Твой сьвяты Крыж, каб ён нам быў абаронаю, што праганяе дэманаў; каб усе мы, цалуючы яго, клікалі: „Збаў нас, Крыжу, сілаю тваёю; асьвяці нас, Крыжу, тваёю сьветласьцю, і умацуй нас тваім узвышэньнем, бо ты дараваў Сьвятло і збаўленьне душам нашым“.

Вершапесьні

(Тон 2). Боскай вадою і крывёю Тваёю, Слова, Царква, быццам нявеста, сьветла ўпрыгожваецца, славячы Крыж Твой.

Верш: Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножжу Ягонаму, бо Ён сьвяты.

Крыжу з кап'ём, цьвікамі і з усім, чым цела Хрыстова было прыбітае, паклонімся.

Верш: Бог – Уладар наш спрадвеку: Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.

Калі Майсей перамог Амалека, Ён крыжом узьняў рукі свае і даў гэтым вобраз чыстых Хрыстовых мукаў.

Слава... цяпер...

(Тон 5). Споўніліся словы прарокаў Тваіх, Божа, Ісаі і Давіда, якія казалі: „Прыйдуць, Госпадзе, народы ўсе і паклоняцца Табе“. Бо вось людзі напоўніліся ласкаюТваёю ў сьвятыні Тваёй у Ерусаліме. Дык, Добры Божа, які пацярпеў укрыжаваньне дзеля нас і ўваскрасеньнем Тваім дараваў вечнае жыцьцё, захавай і збаў нас.

Адпушчальныя трапары

Мучанікаў (тон 7). Бог, праслаўлены ў Тройцы, тройцу мучанікаў уславіў – Трахіма, Сабата і Дарымадонта, – якія ўверылі ў Яго і перамаглі ворага. Малітвамі іх, Хрысьце Божа, зьмілуйся над намі.

Слава... цяпер...

Крыжа (тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст