Вячэрня
На „Госпадзе, Цябе клічу...“:
(Тон 6). Усклаўшы ўсю надзею на нябёсы, сьвятыя набылі сабе незьнішчальны скарб: дарам атрымалі, дарам і даюць нямоглым лекаваньні. Згодна з евангельскай радаю золата і срэбра сабе не набылі, людзям і жывёле дабро рабілі і, будучы ва ўсім паслухмянымі Хрысту, цяпер сьмела моляцца за душы нашыя.
Палічыўшы за нішто тленнае зямное дабро, два сьвятыя аднадумныя і аднадушныя лекары явіліся ў целе, быццам анёлы нябесныя. Яны прыносяць аблягчэньне ў цярпеньнях, дарам прыходзяць з дапамогаю тым, хто ў патрэбе. Дык ушануем іх годна ў гэтае іхняе сьвята, бо яны сьмела моляцца Хрысту за душы нашыя.
Селішчы Тройцы, пара сьвятая, Кузьма і Дзямян багамудрыя, з жыцьцядайнае крыніцы струменяць воды ацаленьняў, прыносяць палёгку тым, што церпяць і адганяюць немачы ад людзей. Збавенны прытулак усіх, што прыходзяць да іх, яны моляць няспынна Хрыста за збаўленьне душаў нашых.
Слава...
Бясконцую ласку атрымалі сьвятыя ад Хрыста. Таму і цяпер яны Боскаю сілаю дзеюць цуды, і нават іхнія імёны даюць ацаленьні тым, што клічуць іх з вераю. Малітвамі іх, Госпадзе, у чалавекалюбстве Тваім, вызваль нас ад душэўных і цялесных немачаў.
Цяпер...
Багародзічны. Багародзіца, Ты – існая вінаградная лаза, што ўзрасьціла нам плод жыцьця. Просім Цябе, Уладарка: разам са сьвятымі апосталамі маліся за збаўленьне душаў нашых.
Крыжабагародзічны. Чыстая Дзева і беззаганная Ўладарка, убачыўшы Сына свайго на крыжы, па-матчынаму заплакала і ўсклікнула: "Дзіця маё любае, што гэта за новае і дзіўнае зьявішча. Як гэта грамада нязбожных аддала Цябе на суд Пілату і асудзіла на сьмерць Жыцьцё ўсіх? Слаўлю Тваю, Слова, невыказную спагадлівасьць".
Вершапесьні актойха.
Слава...
(Тон 6). Маючы заўсёды Хрыста, які дзейніае ў вас, сьвятыя бескарысьлівыя лекары, вы робіце цуды на сьвеце, лечыце нядужых, чэрпаючы з крыніцы ацаленьняў, што ніколі не мяльчэе, але кожны дзень напаўняецца, і застаецца невычэрпнай. Як мы вас назавем? Цудоўнымі лекарамі душаў і целаў, што сунімаеце боль, дарам лечыце ўсіх, атрымаўшы дар ад Хрыста Збаўцы, які дае ўсім веліч зьмілаваньня.
Цяпер...
Багародзічны. Ніхто з тых, што прыходзяць да Цябе, Найсьвятая Дзева, не адыходзіць пасаромлены, але просіць ласкі і атрымлівае дары згодна з просьбаю.
Крыжабагародзічны. Убачыўшуы Цябе, Хрысьце, укрыжаванага, Маці Твая ўсклікнула: "Што гэта за дзіўную тайніцу бачу я, Сыне Мой? Як гэта Ты, што даеш усім жыцьцё, паміраеш у целе, павешаны на крыжы?"
Адпушчальны трапар.
(Тон 8). Сьвятыя і бескарысьлівыя лекары і цудатворцы, Кузьма і Дзямяне, ацаліце немачы нашыя: дарам атрымалі, дарам і давайце. |