Вячэрня
На „Госпадзе, Цябе клічу...“:
(Тон 8). Ойча Тодар, ты справядліва быў названы айцом, бо, атрымаўшы дараваньні, што пераўзыходзяць розум, дабрасумленна раздаў іх тым, што маюць патрэбу ў іх; памножыўшы свой талент, ты пачуў Боскі голас, які клікаў цябе ў хорам Уладара ўсіх, дзе цяпер жывеш.
Ойча айцоў Тодар, ты прывёў мноства манахаў да Хрыста і, як Ягоны пераймальнік, быў прычынаю іхняга збаўленьня; поўнасьцю годны званьня духоўнага настаўніка, ты прасьвятліў усіх зьяньнем твайго навучаньня, стаўшы вуснамі Госпада, як кажа прарок. Цяпер, будучы разам з Ім, не забывай пра нас.
Багацьце ласкі Духа пацякло з вуснаў тваіх, быццам з крыніцы, Тодар мудры, дзеяч сьвятых справаў: ты быў абаронцам набожнасьці, магутным прапаведнікам праўды, стаўпом і ўмацаваньнем праўдзівае веры, дасканалым правілам манаскага жыцьця.
Слава...: (тон 6). Пачэсны Ойча Тодар, ты юнаком пайшоў за тваім Уладаром, і, не збаяўшыся цяжкасьцяў, явіўся ўсім прыкладам збаўленьня. Цяпер ты прасьвятляеш Царкву Хрыстовую вечна зьзяньнем сваёй душы. Навучаныя табою, мы, дзеці твае, належна цябе шануем.
Цяпер...: Багародзічны. Хто Цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева, хто ня будзе славіць, Чыстая, мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку зазьзяў ад Айца, ад Цябе, прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Праўдзівы Бог, Ён стаўся праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве асобы, але ў дзьвюх нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і Блаславёная, даць зьмілаваньне душам нашым.
Крыжабагародзічны. Калі беззаконныя людзі неправедна прыбілі Цябе, Збавіцелю, да крыжовага дрэва, сэрца Чыстае Дзевы і Маці Твае было болем працятае, як прадказаў праведны Сямён.
Вершапесьні
(Тон 6). Адклаўшы копаты гэтага сьвету, ты, Багамудры Тодар, палічыў за нішто гонар і багацьце бацькоўскага дому і юнаком пайшоў за сваім сваяком Платонам; разам з ім і братамі сваімі Язэпам і Аўхімам вы пасяліліся ў месьце Сакудыён, дзе пачалі ваш узыход на неба.
Верш. Чым адплачу Госпаду за ўсе дабрадзействы Яго!
Адкінуўшы ўсю жыцьцёвую пыху, ты адрокся ад гэтага сьвету, блаславёны Тодар, стаў манахам і пачаў жыць, паслугоўваючы ўсім, вучачыся пакоры, кожны дзень выпрабоўваючы душу сваю і здабываючы пакаяньнем збаўленьне.
Верш. Дарагая ў вачох Госпада сьмерць сьвятых яго.
Узьнёсшы думкі свае да Госпада, з расчуленай душой у няспыннай малітве і подзьвігах, ты быў прыкладам дабрадзейнасьці для тых, што шукаюць яе. Таму Ўсядобры Госпад ахінуў цябе, Тодар, ласкаю сьвятарства, каб ты, быццам сьветач, не хаваўся пад покрывам, але на сьвечніку Царквы зьзьяў для збаўленьня ўсіх.
Слава...: (тон 6). Па ўсёй зямлі разышлася вестка пра твае ўчынкі, ойча сьвяты; таму і на небе ты атрымаў узнагароду за твае высілкі. Ты зьнішчыў варожую сілу і дасягнуў хораў анёльскіх, чыё жыцьцё ты пераймаў на зямлі. Маючы сьмеласьць у Хрыста Бога, прасі яго, каб ён даў супакой душам нашым.
Цяпер...: Багародзічны. Уздымаю вочы сэрца майго да Цябе, Уладарка, не пагардзі маімі горкімі сьлязьмі, і ў час, калі Твой Сын будзе судзіць сьвет, будзь мне Памочніцай і Заступніцай.
Крыжабагародзічны. Убачыўшы Цябе, Хрысьце, расьпятага на Крыжы, Маці Твая ўсклікнула: "Што за страшную тайну бачу я, Сыне мой? Як гэта Ты, што даеш жыцьцё ўсім, паміраеш, вісячы на дрэве?"
Адпушчальны трапар.
(Тон 8). Правай веры настаўнік, набожнасьці прыклад і чысьціні, сьветач сусьветны, Богам натхнёная манахаў аздоба, Тодару мудры, навукаю тваёю ты ўсіх прасьвятліў, жалейка духоўная. Малі Хрыста Бога за збаўленьне душаў нашых. |