Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 16 лістапада - Сьвятога апостала і евангеліста Мацьвея


 

 

16 лістапада - Сьвятога апостала і евангеліста Мацьвея

Вячэрня

На „Госпадзе, Цябе клічу...“:

(Тон 4). Той, хто выпрабоўвае сэрцы людзей, пазнаўшы Боскім провідам твае, апостале, думкі і ад няпраўды клопатаў гэтага сьвету выбавіў цябе. Ён зрабіў цябе сусьветным сьветачам і загадаў прасьвятляць усе канцы зямлі. Ты і ўдастоіўся напісаць Ягонае Боскае евангельле. Малі Яго за збаўленьне і прасьвятленьне душаў нашых. (Двойчы)

Спрадвечнае Слова паклікала цябе ад мытні і зрабіла сваім вучнем, абяцаючы ўдзел у валадарстве. І ты, блаславёны, пакінуў ўсё, ухіліўся ад закалотаў жыцьцёвых і, не азіраючыся назад, пайшоў за Ім. Цяпер ты бачыш Яго тварам у твар. Дык малі Яго, богавідча, збавіць і прасьвятліць душы нашыя.

Прароцкі провід бачыў цябе, калі ты, быццам камень, ляжаў на шляху хітрасьцяў і спакусаў; і вось Слова, што сталася целам, прасьвятліўшы цябе промнямі Трохсонечнага Сьвятла, паклікала цябе быць сьветачам сусьветным і прапаведнікам справядлівасьці і праўды. Малі Яго забвіць і прасьвятліць душы нашыя.

Слуга боскай мудрасьці Мацьвею, калі Недасяжнае Сьвятло прыйшло дабравольна ў целе, каб разагнаць цемру няведаньня, ты, пакліканы жыцьцядайным загадам, пайшоў за Ім і стаўся распарадчыкам боскіх праўдаў і сьветачам царкоўным. Малі Хрыста збавіць і прасьвятліць душы нашыя.

Прыняўшы Суцяшальніка, які існасьцю сваёю асьвяціў цябе, ты, мудры і ўсяхвальны Мацьвею, вогненным языком спаліў спакусу і задзівіў ўсіх, хто чуў словы твае, калі ты гаварыў людзям пра веліч Ўсемагутнага. Сёньня, боганатхнёны, па ўсёй зямлі разышлося вучэньне тваё. Малі Хрыста Бога быць спагадлівым да тых, што славяць цябе.

Слава...: (тон 4). Калі Хрыстос паклікаў цябе быць вучнем нябесным, ты, богапрыемны, ахвотна пайшоў за Ім, не аглядаючыся назад і адкінуўшы ўсе зямныя клопаты. Жадаючы ўсім розумам вышэйшага валадарства, ты адмовіўся ад зямной славы, з мытніка стаўся дабравесьнікам і быў сьветачам для ўсіх, што ў цемры, паказваючы шлях да збаўленьня тым, што зблудзілі. Цяпер ты – надзейны малельнік за ўвесь сьвет і збавенны ахоўнік.

Цяпер...: (Дагматык, тон 4). Прарок Давід, які дзякуючы Табе стаўся богаайцом, у песьні Таму, хто вялікія рэчы для цябе ўчыніў, так пра Цябе прадказаў: "Каралева стала па правай руцэ Тваёй". Ён паказаў Цябе, як хадайніцу і Маці Жыцьця, бо ад Цябе захацеў прыняць цела і стацца чалавекам Хрыстос Бог, жадаючы аднавіць сатлелы прагнасьцю вобраз свой і знайсьці заблудную ў горных пропасьцях авечку, каб, узяўшы яе на плечы, прынесьці да Айца і даць ёй месца разам з нябеснымі сіламі, і збавіць, Багародзіца, сьвет у велічы і багацьці міласэрнасьці сваёй.

 

Чытаньні як на службе апостала Піліпа

Чытаньне першага пасланьня Апостала Пятра

Пётра, апостал Ісуса Хрыста, прыхадням спасярод расьцярушаньня ў Понце Галятыі, Кападокіі, Асыі, і Бітыніі, згодна з прадведаньнем Бога Айца, выбраным згодна з тым, як прадбачыў Бог Айцец, каб ім быць асьвячанымі ў Духу, стацца паслухмянымі і акропленымі крывёю Ісуса Хрыста: няхай памножыцца вам ласка і супакой. Хай будзе блаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста. Ён, у вялікай міласэрнасьці сваёй, праз уваскрасеньне з мёртвых Ісуса Хрыста, нанова нарадзіў нас да жывой надзеі, да спадчыны незьнішчальнай і чыстай, што ніколі не завяне, якая прызначаная для вас у небе. Сілаю Божаю праз веру вы ахоўваныя для збаўленьня, якое мае аб'явіцца ў апошні час. Дзеля гэтага цешцеся, хоць цяпер вам і прыходзіцца зазнаць суму з прычыны розных выпрабаваньняў. (1:1-6)

Чытаньне першага пасланьня Апостала Пятра

Мілыя мае, Хрыстос пацярпеў за вас, пакінуўшы вам прыклад, каб вы ішлі па сьлядох Ягоных; Ён не зрабіў ніякага граху і ня было ў Ім подступу. Ён, зьневажаны, не зьневажаў узаемна; церпячы мукі, не пагражаў, але перадаў Таму, хто судзіць справядліва. Ён грахі нашы ў целе сваім панёс на дрэва, каб мы, вызваліўшыся ад грахоў, жылі дзеля праўды: ранамі Ягонымі мы аздароўленыя. Бо вы былі як заблудныя авечкі, але вярнуліся сёньня да Пастыра і Ўладара душ вашых. Таксама і вы, жонкі, пакарайцеся мужам сваім, каб тыя з іх, што не пакараюцца слову, жыцьцём жонак сваіх былі здабываныя, бачачы ваша чыстае, багабойнае жыцьцё. Няхай будзе аздобаю вашаю не вонкавае заплятаньне валасоў, не залатыя ўборы, ці стройнасьць вопраткі, але нутро сэрца чалавека поўнае непарушнага супакою і лагоднага духа, што вельмі цэнна перад Богам. Гэтак аздаблялі сябе сьвятыя жанчыны, што спадзяваліся на Бога, пакараючыся сваім мужом. Гэтак і Сара пакаралася Абрагаму, называючы яго гаспадаром. Вы – дзеці яе, калі робіце дабро і не баіцеся ніякага страху. Таксама і вы, мужы, жывеце разумна, лічачыся са слабейшай жаночай істотаю, і шануючы жонак вашых, як сунасьледніц з вамі ласкі, гэта значыць жыцьця, каб не было вам перашкодаў у малітвах вашых. Нарэшце будзьце ўсе згоднымі, спачувальнымі, браталюбнымі, міласэрнымі, ветлівымі. Не аддавайце злом за зло, ці зьнявагай за зьнявагу; наадварот: бласлаўляйце, ведаючы, што вы на тое пакліканыя, каб унасьледваць блаславеньне. (2:21-3:9)

Чытаньне першага пасланьня Апостала Пятра

Мілыя мае, калі Хрыстос цярпеў за нас цялесна, то і вы ўзбройцеся той жа думкаю, што той, хто церпіць мукі ў целе, перастае грашыць, каб рэшту часу ў целе пражыць ужо не паводле людзкога пажаданьня, але згодна з Божай воляю. Бо даволі ўжо, што вы раней паводзілі сябе паводле волі паганаў, прабываючы ў нячыстасьці, пажаданьнях, у злоўжываньні віна, абжорстве, п'янстве і нягодным служэньні ідалам. Затым яны і дзівяцца, што не плывеце разам з імі па той рацэ распусты, і абмаўляюць вас. Яны здадуць справу Таму, хто хутка будзе судзіць жывых і памёрлых. Бо на тое і для мёртвых была абвешчаная добрая вестка, каб яны, падуладныя суду як людзі ў целе, жылі ў Духу. Дый усяму блізкі канец. Дык будзьце мудрымі і цьвярозымі, каб магчы трываць у малітве. Найбольш за ўсё майце шчырую любоў адзін да аднаго, бо любоў пакрывае мноства грахоў. Будзьце гасьціннымі адны да адных без нараканьняў. Як добрыя распарадчыкі разнароднае ласкі Божае, служыце адзін аднаму кожны тым дарам, які атрымаў. Калі хто мае дар мовы, хай гаворыць словы быццам Божыя; калі хто паслугоўвае, хай служыць у моцы, якую дае Бог, каб ва ўсім славіўся Бог праз Ісуса Хрыста, якому слава і сіла на вякі вякоў. Амін. (4:1-11)


Вершапесьні

(Тон 4). Трубою слоў тваіх ты, годны пахвалы, прывёў людзей да пазнаньня Бога і, адагнаўшы спакусу ад зямлі, злучыў думкі верных у адно. Цяпер ты молішся аб выбаўленьні ад тленнасьці тых, што з вераю спраўляюць пачэсную памяць тваю.

Верш. Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх, і аж да канцоў сьвету словы іх.

Хрыстос Бог наш даў табе, апостале, вогненны язык Духа Сьвятога і зрабіў цябе змагаром са спакусамі. Атрымаўшы багацьце ласкі ад Яго, малі Яго за выбаўленьне ад тленнасьці тых, што з вераю спраўляюць памяць тваю.

Верш. Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.

Зьведаўшы глыбіню Духа, ты, апостале, вынес адтуль невычэрпнае багацьце разуменьня і ласкі, і раздаў яго шчодра па-евангельску ўсім нам. А цяпер молішся, каб ад бедаў выбавіцца нам, якія з вераю спраўляем пачэсную памяць тваю.

Слава...: (тон 6). З глыбіні злога да вышыні дабрадзейнасьцяў, быццам арол высакалётны, ты слаўна ўзьняўся, Мацьвею ўсяхвальны. Ты пайшоў усьлед за Хрыстом, які пакрыў неба ласкаю сваёю і зямлю напоўніў сваім розумам. Стаўшыся Ягоным пераймальнікам, ты дабравясціў супакой, жыцьцё і збаўленьне тым, што слухаюцца Боскіх загадаў. Навучы тых, што шануюць цябе, як дагадзіць Збавіцелю.

Цяпер...: (тон 6). Творца і Збавіцель мой, Усячыстая, Госпад Ісус Хрыстос, выйшаўшы з улоньня Твайго, у мяне апрануўся і ад першага Адамавага праклёну вызваліў. Дзеля гэтага Табе, Багародзіца, як Маці Божай і Дзеве, разам з анёламі нязмоўкна ўсклікаем "Радуйся!". Радуйся, Уладарка, Заступніца, Абарона і Збаўленьне душаў нашых!

 

Адпушчальныя трапары

Трапар (тон 4): Пачуўшы кліч Госпада Хрыста, які зьявіўся на зямлі людзям на радасьць, ты ахвотна, пакінуўшы мытню, пайшоў за Ім, і стаўся выбраным апосталам і сусьветным вестуном Евангельля. Дзеля гэтага шануем памяць тваю, боганатхнёны Мацьвею. Малі міласэрнага Бога, каб Ён дараваў адпушчэньне грахоў душам нашым.

Багародзічны (тон 4). Тайна спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая, Табою, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і, пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашы.


Старонка 1 з 2 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст