Вячэрня
На „Госпадзе, Цябе клічу...“:
(Тон 1). Дзевы са сьвечкамі праводзяць Заўсёды Дзеву і духам прадвяшчаюць тое, што мае быць: Тая, якая зьяўляецца Сьвятыняю Божаю, у красе дзявоцтва, як дзіця ў сьвятыню ўводзіцца.
Блаславёны плод сьвятога абяцаньня – Багародзіца, – сёньня явілася сьвету як вышэйшая за ўсіх. Ахоўваная Боскім Духам, яна набожна ўводзіцца ў сьвятыню Божую, спаўняючы абяцаньне бацькоў Яе.
Узгадаваная на нябесным хлебе ў сьвятыні Гасподняй, Ты, Дзева нарадзіла сьвету Хлеб Жыцьця – Слова, для якога Ты была тайна выбраная Духам Сьвятым быць беззаганнай сьвятыняй, і заручаная з Богам Айцом.
(Тон 8). Пасяліўшыся з радасьцю ў нябесным жыльлі і стоячы разам з анёламі перад пасадам Гасподнім, маліся, ойча Рыгор, за адпушчэньне грахоў тым, што на зямлі спраўляюць памяць тваю.
Малітаўным сярпом, ты, ойча Рыгор, зрэзаў церне пажаданьняў і плугам устрыманасьці ўзараў ральлю душы; пасеяўшы семя набожнасьці, ты ўзрасьціў плады аздараўленьняў для ўсіх.
Прыстаньню дабрадзейнасьцяў завем цябе, ойча сьвяты Рыгор, прыяцелем маўчаньня, захавальнікам нядрэмнасьці, прыкладам чысьціні, і малітвы жыльлём, скарбніцаю цудаў і малельнікам за тых, што шануюць цябе.
Слава... цяпер...: (тон 4). Сёньня Багародзіца, сьвятыня Божая, прыводзіцца ў сьвятыню Гасподнюю і Захар прымае Яе. Сёньня радуецца Сьвятое Сьвятых, і хоры анельскія тайна сьвяткуюць. І мы разам з Габрыелем усклікаем: "Радуйся, Поўная ласкі, з Табою Госпад, які дае Табою ўсім веліч зьмілаваньня".
Вершапесьні
(Тон 4). Сьветласьцю догмаў і красою жыцьця ты, годны памяці Прокле, упрыгожыў сьвятарства тваё і вучэньнямі тваімі прасьвятліў ўсіх. Дзеля гэтага славім цябе ў песьнях і сьвяткуем пачэсную памяць тваю.
Верш. Дарагая ў вачох Госпада сьмерць сьвятых Яго.
Ты ясна навучаў і багамудра прапаведаваў, што ўсячыстая Дзева Багародзіца нарадзіла Спрадвечнага Творцу і Ўладара, Сына і Слова Айца, які, застаўшыся нязьменным, у апошні час дабравольна стаўся чалавекам. Вучэньнем тваім ты пасароміў Нэсторыя як няшчырага і неразумнага.
Верш. Сьвятары твае апрануцца ў справядлівасьць і сьвятыя твае ў радасьці жыць будуць.
Ты, годны памяці, зачэрпаў вады вучэньня ад мудрага Богапрапаведніка, і стаўшыся ягоным пераемнікам, явіўся аселішчам набожнасьці, ўмацоўваючы праўдзіваю навукаю паству Хрыстовую, і вярнуўшы пачэсныя мошчы папярэдніка твайго, быццам царскі набытак, Царкве.
Слава... цяпер...: (тон 4). Прыйдзіце, усе верныя, усхвалім адзіную Беззаганную, аб якой прарокі прапаведавалі, і якая сёньня прыводзіцца ў сьвятыню – спрадвеку прызначаную быць Маці і ў апошні час нам аб'яўленую як Багародзіцу. Малітвамі яе, Госпадзе, даруй нам супакой і веліч зьмілаваньня.
Адпушчальныя трапары
Трапар сьвятых (тон 4). Божа айцоў нашых, Ты паступаеш з намі з Тваёй заўсёднай лагоднасьцю: не пераставай быць спагадлівым для нас, але малітвамі іх кіруй у супакоі нашым жыцьцём.
Слава... цяпер...
Трапар перадсьвяцьця (тон 4). Сёньня Ганна прадвяшчае радасьць, узрасьціўшы плод, што разганяе сум, адзіную Заўсёды Дзеву. Згодна з абяцаньнем, яна прыводзіць з радасьцю ў сьвятыню Гасподнюю Тую, якая мае быць чыстаю Маці і сьвятыняю Бога Слова.
|