Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 23 лістапада - Пасьвяцьце Ўводзінаў і між сьвятымі айцоў нашых Амфілёха і Рыгора


 

 

23 лістапада - Пасьвяцьце Ўводзінаў і між сьвятымі айцоў нашых Амфілёха і Рыгора

Вячэрня

 

На „Госпадзе, Цябе клічу...“:

(Тон 4). Ты, ойча блаславёны, самалюбныя нахілы і самаўладны нораў утаймаваў, мудра і справядліва ўзважыўшы ўсё і аддаўшы перавагу лепшаму над горшым. Таму ты, боганатхнёны сьвятаначальнік, удастоіўся бачыць і пазнаць Бога.

Ты, сьвяты ойча, правасьцю догмаў тваіх і багаслоўем разарваў сеці ілжывых настаўнікаў і зьнішчыў пасткі іх. Захаваўшы сьвятую веру, ты пазьбегнуў разладу і замяшаньняў, і прапаведаваў ў Тройцы адзінага Бога.

Ты прывёў да розуму зямнога ўладара і дакараў непакорнага сына яго, кажучы, што Айцец нябесны абураецца на тых, якія не пакланяюцца Сыну, народжанаму ў невыказны спосаб ад Яго спаконвеку.

(Тон 8). Сьвяты ойча Рыгор, ты ад дзяцінства пасьвяціў сябе Богу ўсемагутнаму і Творцу ўсяго. Асьветлены Ім, ты бясьпечна перайшоў ноч пажадлівасьцяў і зазьзяў сьвятлом ацаленьняў і ласкаю цудаў, лечачы немачы і адганяючы спакусы злых духаў.

Ойча дзівосны Рыгор, ты зьзяў сьветласьцю розуму твайго і чысьцінёю жыцьця. Узьняты на крылах бесстраснасьці, ты дасягнуў месца невыказнай красы, дзе молішся заўжды за нас, якія шануем і славім цябе.

Ойча айцоў блаславёны Рыгор, ты – правіла сьвятарства, прыклад дабрадзейнасьцяў, манахаў сіла, умацаваньне царквы, дарадчык любові, пасад пачуцьцяў высакародных, крыніца цудаў, язык вогненны, вусны салодкаслоўныя, посуд Боскага Духа.

Слава... цяпер...: (тон 4). Прыйдзіце, верныя, усхвалім адзіную Беззаганную, якая была прадказаная прарокамі і сёньня прыводзіцца ў сьвятыню. Яна спрадвеку прызначаная быць Маці, а ў апошні час явілася нам як Багародзіца. Малітвамі яе, Госпадзе, даруй нам Твой супакой і веліч зьмілаваньня.

 

Вершапесьні

(Тон 1). Хай прывядуцца – як кажа Давід, – Уладару дзевы ў сьвятыню Гасподнюю, усьлед за Табою, Дзева, з запаленымі сьвечкамі, радасна сьпяваючы і праводзячы ў сьвятое сьвятых Цябе, чыстая і сьвятая скарбніца Божая.

Верш. Прывядуцца Ўладару дзевы ўсьлед за ёю, дружкі яе прывядуцца Яму.

Хай дзьверы сьвятыні будуць адчыненыя, і дом Гасподні падрыхтаваны, каб прыняць з радасьцю Адзіную, вышэйшую за неба, і ўславіць Хрыста Збавіцеля.

Верш. Прывядуцца яны з радасьцю і вясельлем, і ўвойдуць у сьвятыню Гасподнюю.

Хай адчыняцца дзьверы Божай сьвятыні і прымуць Нябесную Браму. Хай радуецца ўвесь род людзкі і цешацца анёлы, сьвяткуючы ўваход Божае Маці.

Слава... цяпер...: (тон 5). Настала пачэснае сьвята, радасны дзень: Тая, што была дзеваю перад родамі, і пасьля родаў дзеваю засталася, прыводзіцца ў сьвятыню Гасподнюю. Радуецца бацька Прадвесьніка стары Захар і весела ўсклікае: "Заступніца сумных і тых, што ў патрэбе, прыходзіць у сьвятыню, сама ўся сьвятая, каб асьвяціцца і быць жыльлём Уладара ўсіх". Хай цешыцца прабацька Якім, хай радуецца Ганна, бо яны прывялі Богу, як трохгадовае дзіцятка, беззаганную Ўладарку. Маткі, цешцеся разам з імі, дзевы і няплодныя, сьвяткуйце, бо прадказаная Ўладарка адчыніла нам нябеснае валадарства. Дык радуйцеся, людзі, і весяліцеся.

 

Адпушчальныя трапары

Трапар сьвятых (Тон 4). Божа айцоў нашых, Ты паступаеш з намі з Тваёй заўсёднай лагоднасьцю: не пераставай быць спагадлівым для нас, але малітвамі іх кіруй у супакоі нашым жыцьцём.

Слава... цяпер...

Трапар (тон 4). Сёньня правобраз Божае спагады і абвяшчэньне збаўленьня людзям: Дзева яўна ў Дом Божы ўваходзіць і Хрыста ўсім прадвяшчае. Усклікнем жа ёй на ўвесь голас: "Радуйся, провіду Божага спаўненьне".


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст