Літургія
Трапар сьвята (тон 4). Сёньня правобраз Божае спагады і абвяшчэньне збаўленьня людзям: Дзева яўна ў Дом Божы ўваходзіць і Хрыста ўсім прадвяшчае. Усклікнем жа ёй на ўвесь голас: "Радуйся, провіду Божага спаўненьне".
Трапар Кацярыны (тон 4). Дабрадзейнасьцямі, быццам промнямі сонечнымі, ты прасьвятліла паганскіх мудрацоў, і для тых, што поначы ходзяць, ты была месяцам ясным, што цемру няверы разганяе, Богам пакліканая нявеста Кацярына блаславёная. Прывёўшы царыцу да веры і выкрыўшы лютасьць мучыцеля, ты, поўная жаданьня, увайшла ў хорам нябесны да цудоўнага Жаніха Хрыста, каб атрымаць ад Яго вянец перамогі. Стоячы цяпер перад Ім разам з анёламі, маліся за ўсіх нас, якія сьвяткуем памяць тваю.
Трапар Мяркурыя (тон 4). Мучанік Твой, Госпадзе, Мяркуры, у цярпеньнях вянец нятленны атрымаў ад Цябе, Бога нашага. Маючы сілу Тваю, ён перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў душы нашыя.
Кандак Кацярыны (тон 4). Усе вы, што любіце аддаваць пашану мучанікам, прыйдзіце, каб уславіць у песьнях аднадушна Кацярыну мудрую. На трызьне паганскай яна прапаведавала Хрыста, зьмяю патаптала і ўтаймавала хітрую мудрасьць красамоўцаў.
Слава...
Кандак Мяркурыя Смаленскага (тон 4). Непераможнага змагара, родам з Рыму, што стаўся сынам Смаленска, будучы пасланым туды Багародзіцаю на абарону яму, слаўнага Мяркурыя ў песьнях уславім, сьвяткуючы памяць ягоную і просячы яго быць абаронцам краіны нашай.
Цяпер...
Кандак (тон 4). Чыстая сьвятыня Збавіцеля, шматкаштоўны хорам і Дзева, асьвячаная скарбніца Божай славы ўводзіцца сёньня ў дом Гасподні, прыносячы з сабою ласку Божага Духа. Анёлы Божыя славяць Яе ў песьнях, усклікаючы: "Вось жыльлё нябеснае!" |