Літургія
Трапар сьвята (тон 4). Сёньня правобраз Божае спагады і абвяшчэньне збаўленьня людзям: Дзева яўна ў Дом Божы ўваходзіць і Хрыста ўсім прадвяшчае. Усклікнем жа ёй на ўвесь голас: "Радуйся, провіду Божага спаўненьне".
Трапар сьвятых (тон 4). Божа айцоў нашых, Ты паступаеш з намі з Тваёй заўсёднай лагоднасьцю: не пераставай быць спагадлівым для нас, але малітвамі іх кіруй у супакоі нашым жыцьцём.
Кандак сьвятога Клімэнта (тон 2). Боскага сьвятога вінаградніка парастак, малітвамі тваімі ты выдзяляеш слодыч мудрасьці, пачэсны ойча наш. Дзеля гэтага мы табе, быццам з пурпуры вытканую, духоўную песьню хвалы прыносім. Клімэнце сьвяты, збаўляй слуг тваіх.
Кандак (тон 4). Чыстая сьвятыня Збавіцеля, шматкаштоўны хорам і Дзева, асьвячаная скарбніца Божай славы ўводзіцца сёньня ў дом Гасподні, прыносячы з сабою ласку Божага Духа. Анёлы Божыя славяць Яе ў песьнях, усклікаючы: "Вось жыльлё нябеснае!"
Пракімен (Лк. 1:46-47). Душа мая абвяшчае веліч Госпада, і мой дух узрадаваўся ў Богу Збаўцы маім.
Верш. Бо Ён глянуў на пакорнасьць служкі сваёй: ад гэтага часу шчасьлівай называць мяне будуць усе пакаленьні.
Алілуя (Пс. 44:11,13). Слухай, дачка, глянь і прыхілі вуха тваё.
Верш. Вяльможы людзкія будуць шукаць ласкі ў цябе.
Задастойнік. Анёлы, убачыўшы ўваход Усячыстае, дзіву даліся, як гэта Дзева ўвайшла ў Сьвятое сьвятых.
Хай ніякая нячыстая рука не дакранецца да Божай скарбніцы, і хай вусны верных несьціхана славяць Багародзіцу анельскім прывітаньнем, радасна ўсклікаючы: "Ты, Дзева чыстая, сапраўды вышэй за ўсе стварэньні".
Прычасьнік. Чашу збаўленьня прыму, буду клікаць імя Гасподняе. Алілуя, алілуя, алілуя. |