Вячэрня
На „Госпадзе, Цябе клічу...“:
(Тон 1). Радуемся сёньня, верныя, уславім у песьнях і псалмах Госпада і аддамо пашану Найчыстай Дзеве, сьвятой і жыцьцяноснай скарбніцы, што зьмясьціла незьмяшчальнае Слова. Сёньня Яна, – яшчэ зусім дзіцятка, – прыводзіцца да Госпада, і сьвятар Захар радасна вітае Яе, як боскае жыльлё.
Сёньня адухоўленая Сьвятыня сьвятое славы – Хрыста Бога нашага, – адзіная блаславёная і чыстая сярод жанчынаў, прыводзіцца ў законную сьвятыню, каб жыць у сьвятым месцы. Якім і Ганна цешацца разам з Ёю, а хоры дзеваў славяць у псалмах Госпада і аддаюць пашану Маці Яго.
Ты, Дзева Маці Божая, – Прапаведаваньне прарокаў, апосталаў Слава, Пахвала мучанікаў і ўсяго роду людзкога Абнаўленьне: Табою мы прымірыліся з Богам. Сёньня, сьвяткуючы Твой уваход у сьвятыню, збаўляемся Тваімі, Усячыстая, малітвамі і разам з анёлам усклікаем Табе: "Радуйся!"
(Тон 2). Ты, ойча сьвяты, быццам галінка жыцьцядайнага вінаградніка, Духам узрасьціў гронку догмаў, з якой пацяклі рэкі Боскага пазнаньня, што цешаць сэрцы ўсіх набожных, якія шануюць цябе, блаславёны баганосны Клімэнце.
Як вучань вярхоўнага Пятра, ты, ойча ўсяхвальны, на камені веры збудаваў сваё жыцьцё і сам быў, быццам непахісная скала. Цьвёрдасьцю слоў тваіх ты разбурыў будынак шматбожжа і збудаваў сьвятыню ў гонар Тройцы сьвятой, дзеля якой ты, блаславёны, змагаўся і атрымаў вянец мучаніка.
Быццам сьветлае сонца, ты, ойча, зазьзяў з захаду і, прасьвятліўшы зямлю сьвятлом догмаў і ранамі тваімі, дайшоў да ўсходніх краінаў. Пасьля сьмерці, што была быццам захад сонца, ты, блаславёны Клімэнце, зазьзяў зноў у Хрысьце і, асьветлены шчодра Ягоным зьзяньнем, застаешся вечна зьеднаны з Ім.
Слава.... цяпер....
(Тон 8). Пасьля Твайго цудоўнага нараджэньня, Богу пасьвячаная Нявеста і Ўладарка, Ты прыйшла ў сьвятыню Гасподнюю, каб, будучы асьвячанай, быць узгадаванай у сьвятым сьвятых. Тады Габрыель быў пасланы да Цябе, Беззаганная, прыносячы ежу. Усе нябесныя сілы дізву даліся, бачачы, як Дух Сьвяты пасяліўся ў Табе. Дык цяпер, Усячыстая і Бязьвінная, праслаўленая ў небе і на зямлі Маці Божая, збаўляй род наш.
Вершапесьні
(Тон 5). Неба і зямля сёньня цешацца, убачыўшы Неба духоўнае, – адзіную і беззаганную Дзеву, – што прыводзіцца ў Божы дом, каб быць узгадаванай у набожнасьці. Захар у зьдзіўленьні ўсклікнуў: "Брама Гасподняя, адчыняю Табе браму сьвятыні, бо знаю і веру, што збаўленьне Ізраіля ўжо блізка, і ад Цябе народзіцца Бог-Слова, які дае сьвету веліч зьмілаваньня".
Верш. Прывядуцца Ўладару дзевы ўсьлед за ёю, дружкі яе прывядуцца Яму.
Ганна сьвятая, якой праз ласку дадзеная была Чыстая Дзева, прыводзіць Яе з радасьцю ў сьвятыню Гасподнюю, паклікаўшы дзеваў, каб ішлі перад Ёю са сьветачамі. Яна кажа: "Ідзі, дзіця, будзь дарам і духмяным прынашэньнем для Таго, хто даў Цябе мне; увайдзі ў непраходнае месца і навучыся тайніцаў Божых, каб быць жыльлём Ісуса, які дае сьвету веліч зьмілаваньня".
Верш. Прывядуцца яны з радасьцю і вясельлем, і ўвойдуць у сьвятыню Гасподнюю.
Богазьмяшчальная Сьвятыня – Дзева ўсесьвятая, – уваходзіць у сьвятыню Божую, і дзевы са сьветачамі суправаджаюць Яе. Цешацца набожныя бацькі Якім і Ганна, бо яны нарадзілі Тую, што мела быць Маці Творцы. Цяпер Яна будзе жыць у сьвятыні Божай і прымаць спажыву ад анёлаў. Яна – Усебеззаганная Маці Хрыста, які дае сьвету багацьце зьмілаваньня.
Слава... цяпер...
(Тон 6). Сёньня, верныя, спраўляем урачыста сьвята і набожна славім Божае дзіця, Дзеву і Багародзіцу, выбраную з усіх пакаленьняў быць жыльлём Уладара ўсіх Хрыста і Бога. Вось Яна прыводзіцца ў сьвятыню Гасподнюю. Дзевы, ідзіце з пашанаю са сьветачамі перад Заўсёды Дзеваю; маткі, пакінце сум і радасна ідзіце за Маці Бога нашага і Хадайніцай радасьці для ўсяго сьвету. Мы ж усе разам з анёлам ўсклікнем "Радуйся" Абрадаванай, якая няспынна моліцца за душы нашыя.
Адпушчальныя трапары
Трапар сьвятых (тон 4). Божа айцоў нашых, Ты паступаеш з намі з Тваёй заўсёднай лагоднасьцю: не пераставай быць спагадлівым для нас, але малітвамі іх кіруй у супакоі нашым жыцьцём.
Слава... цяпер...
Трапар сьвята (тон 4). Сёньня правобраз Божае спагады і абвяшчэньне збаўленьня людзям: Дзева яўна ў Дом Божы ўваходзіць і Хрыста ўсім прадвяшчае. Усклікнем жа ёй на ўвесь голас: "Радуйся, провіду Божага спаўненьне".
|