КАНОНЫ
Песьня 1
Канон 1 (тон 4).
Ірмас. Хоры Ізраільцянаў прайшлі сухімі нагамі водную глыбіню
Чырвонага мора; і, бачыўшы, як варожыя вершнікі і іхнія начальнікі тапіліся ў
ёй, з радасьцю запяялі: "Сьпявайма Богу нашаму, бо Ён праславіўся!".
Гаворачы прыяцелям сваім словы жыцьця пра Валадарства Божае,
Хрыстос сказаў: "Калі Я зазьзяю недаступным сьвятлом, даведаецеся, што Айцец ува
Мне, і радасна ўсклікнеце: "Сьпявайма Богу нашаму, бо Ён праславіўся!".
"Прыяцелі і вучні мае, вы апранецеся ў сілу народаў, і
багацьце іхняе будзе вашай пахвалою, бо калі Я зьяўлюся сьвятлейшы за сонца, вы
напоўніцеся славаю і радасна ўсклікніце: Сьпявайма Богу нашаму, бо Ён
праславіўся!".
Сёньня Хрыстос зазьзяў на гары Табор, як абяцаў, паказаўшы
цьмяна вучням Боскую славу сваю; і яны, напоўніўшыся боскім зьзяньнем, радасна
ўсклікнулі: "Сьпявайма Богу нашаму, бо Ён праславіўся!"
Канон 2 (тон 8).
Ірмас. Перайшоўшы мора быццам сушу, і пазьбегнуўшы ягіпскага зла,
Ізраільцянін усклікнуў: "Збавіцелю Богу нашаму пяём!".
Некалі прарок Майсей каля Чырвонага мора бачыў славу Божую ў
выглядзе хмары і вогненнага стаўпа, і ўсклікнуў: "Сьпявайма Збавіцелю і Богу
нашаму!".
Схаваны за Боскай рукою, быццам за скалою, Майсей багавідзец
убачыў Нябачнага і ўсклікнуў: "Сьпявайма Збавіцелю і Богу нашаму!".
Ты зьявіўся Майсею на Гары Закону і на Таборы: першы раз
цьмяна, а цяпер у зьзяньні недаступнага Боства Твайго.
Катавасія (тон 8). Зрабіўшы на вадзе сваім кіем
знак Крыжа, Майсей разьдзяліў Чырвонае мора і вызначыў просты шлях для праходу
Ізраіля. Тады ён зрабіў другі раз знак на вадзе і злучыў яе ў адно, патапіўшы
калясьніцы фараона. Дзеля гэтага пяём Хрысту Богу нашаму, бо Ён праславіўся.
Песьня 3
Канон 1 (тон 4).
Ірмас. Лук дужых явіўся бясьсільным, а
слабыя падперазаліся моцаю. Дзеля гэтага сэрца маё ўмацавалася ў Госпадзе.
Ты, Хрысьце, аднавіў пацямнелую прыроду Адама, апрануўшыся ў
яе, і абагавіў яе ў перамяненьні Тваім.
Некалі Хрыстос, пад выглядам вогненнага стаўпа і хмары, вёў
Ізраіля па пустыні, а сёньня Ён зазьзяў невыказнай сьветласьцю на гары Табор.
Канон 2 (тон 8).
Ірмас. Госпадзе, Творча нябеснага кругу і
Заснавальніку царквы, мэта жаданьняў і ўмацаваньне верных, умацуй мяне ў любові
Тваёй, адзіны Чалавекалюбча.
Слава, што некалі ацяніла Каўчэг Запавету і гаварыла да
Майсея, была вобразам Твайго, Госпадзе, перамяненьня, што, быццам маланка,
зазьзяла ў невыказны спосаб на Таборскай гары.
Выбраныя апосталы ўзышлі з Табою, Адзінароднае Слова
Ўсявышняга, на гару Табор, і Майсей з Ільлёю былі там як слугі Божыя, адзіны
Чалавекалюбча.
Будучы дасканалым Богам, Ты стаўся дасканалым чалавекам,
зьяднаўшы ў Тваёй асобе людзкую прыроду з Боствам. Майсей і Ільля бачылі Цябе ў
дзьвюх прыродах на гары Табор.
Катавасія. Кій Аарона быў вобразам тайны:
зацьвіўшы, ён паказаў, хто павінен быць сьвятаром. Гэтаксама ў раней няплоднай
Царкве зацьвіло дрэва крыжовае, напаўняючы сілаю і ўмацоўваючы яе.
Сядальная песьня (тон 4).
Ты, Ісусе, перамяніўся на гары Табор у прысутнасьці мудрых Майсея і Ільлі. Якуб,
Пётра і Ян, якія былі таксама там, сказалі Табе: "Добра нам тут: зробім тры
скініі – адну Майсею, адну Ільлі і адну Табе". Уладару Хрысьце, што паказаў ім
зьзяньне славы Тваёй, прасьвятлі душы нашыя.
Песьня 4
Канон 1 (тон 4).
Ірмас. Я пачуў, Хрысьце Божа, пра Твой
слаўны провід, як Ты нарадзіўся ад Дзевы, каб вызваліць ад маны тых, што
клічуць: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!".
Ты, Хрысьце Божа, даў пісаны закон на Сынайскай гары,
зьявіўшыся ў вогненнай змрочнай хмары, сярод ветру і буры. Слава сіле Тваёй,
Госпадзе!
Як доказ Твайго слаўнага провіду, Ты, спрадвечны Хрысьце Божа
наш, што сядзіш на хмары, быццам на калясніцы, у невыказны спосаб зазьзяў на
Таборскай гары.
Тыя, з кім Ты, Хрысьце Ўладару наш, некалі гаварыў у
вогненнай хмары, у змроку і ў лагодным ветрыку, стаялі і размаўлялі з Табою як
слугі. Слава сіле Тваёй, Госпадзе!
Майсей бачыў Цябе ў незгаральным кусьце, ахопленым полымем, а
Ільля быў узьняты на неба на вогненнай калясьніцы. Яны прадвясьцілі Тваю
крыжовую сьмерць, і былі побач з Табою на Таборскай гары.
Канон 2 (тон 8).
Ірмас. Убачыўшы зьзяньне боскасьці, што
прамянілася ад Цябе, прарокі і апосталы ўсклікнулі: "Слава сіле Тваёй,
Госпадзе!".
Ты, Госпадзе, захаваў непашкоджаным куст, ахоплены агнём, і
явіўся Майсею ў зьзяньні боскасьці, калі ён сьпяваў: "Слава сіле Тваёй,
Госпадзе!".
Бачнае сонца пацямнела ад промняў боства Твайго, Ісусе мой,
калі ўбачыла Тваё перамяненьне на Таборскай гары. Слава сіле Тваёй, Госпадзе!
Ты, Госпадзе, адзіны ў дзьвюх дасканалых прыродах, явіўся
Майсею, Ільлі і апосталам як духоўны агонь, што ня паліць цялеснай існасьці.
Катавасія. Я пачуў тайну провіду Твайго, Госпадзе,
разважаў над Тваімі дзеяньнямі і ўславіў Боскасьць Тваю.
Песьня 5
Канон 1 (тон 4).
Ірмас. Ты адзьдзяліў сьвятло ад цемры, каб
Твае творы маглі ў сьвятле славіць Цябе, іхняга Творцу. Прасьвятлі і наш шлях
зьзяньнем сьветласьці Тваёй.
Горы схіліліся перад абліччам Тваім, сонца паклала сьветлыя
промні свае пад ногі Твае, калі Ты, Хрысьце, захацеў пермяніць нашу людзкую
прыроду.
"Гляньце на Збавіцеля Хрыста, Бога нашага, якога мы раней
прадказалі!" – усклікнулі вучням Майсей з Ільлёю на сьвятой Таборскай гары.
Нязьменная Боская існасьць, злучаная з людзкой прыродаю,
зазьзяла ў невыказны спосаб, паказаўшы вучням крыху сьветласьці нярэчыўнага
Боства.
Убачыўшы, як Ты, Хрысьце, вечнае зьзяньне Айца, прасьвятліўся
ў славе, апосталы ўсклікнулі: "Прасьвятлі і наш шлях зьзяньнем сьветласьці
Тваёй!".
Канон 2 (тон 8).
Ірмас. Незаходнае сьвятло, чаму Ты адкінуў
мяне ад аблічча Твайго? Чаму варожая цемра агарнула мяне, няшчаснага? Вярні мяне
і накіруй шлях мой да сьвятла запаветаў Тваіх, малюся Табе.
Ніякія красамоўныя вусны ня ў стане ўславіць Твае магутныя
ўчынкі. Ты, Госпад і Ўладар жыцьця і сьмерці, паклікаў да сябе на гару Табор
Майсея і Ільлю, каб яны засьведчылі Тваю Боскасьць.
Ты, Хрысьце, нябачнымі рукамі стварыў чалавека на вобраз
Твой; а цяпер Ты паказаў ягоную першасную красу, явіўшы яе ня ў вобразе, але ў
Тваёй існасьці, як Бог і чалавек.
У еднасьці без зьліцьця Ты паказаў на гары Табор гарачы
вугаль Боскасьці, што паліць грахі і прасьвятляе душы, задзівіўшы Майсея і
Ільлю, і старэйшых вучняў Тваіх.
Катавасія. Табою, тройчы сьвятое Дрэва, на якім
быў расьпяты Хрыстос, Уладар і Госпад, быў пераможаны той, хто дрэвам спакусіў
чалавека. Ён патрапіў у пастку, калі Бог быў прыбіты целам да цябе, даючы сьвету
веліч зьмілаваньня.
Песьня 6
Канон 1 (тон 4).
Ірмас. У час суму я паклікаў Госпада, і Бог
збаўленьня майго пачуў мяне.
Хрыстос Збавіцель прасьвятліў нас усіх зьзяньнем сьветласьці
сваёй, ясьнейшай за сонца, на Таборскай гары.
Узышоўшы на Таборскаю гару, Ты, Хрысьце, перамяніўся і,
зацьміўшы ўсякую ману, прасьвятліў нас.
На гары Табор вучні Твае, Хрысьце, пазналі Цябе як Бога і,
сумеўшыся, укленчылі перад Табою.
Канон 2 (тон 8).
Ірмас. Ачысьці мяне, Збавіцелю, ад шматлікіх
беззаконьняў маіх, і з бездані зла ўздымі мяне, малюся Табе. Цябе клічу, Ты ж
пачуй мяне, Божа збаўленьня майго!
Што за вялікі і страшны цуд бачым сёньня! Бачнае сонца
сьвеціць на небе, а на зямлі на гары Таборскай зазьзяла незраўнанае Сонца
Праведнасьці.
"Цень Закону мінуў, занямогшы, бо Хрыстос-Праўда зьявіўся
ўсім" – усклікнуў Майсей, убачыўшы Боства Тваё на Таборскай гары.
Вогненны стоўп быў для Майсея вобразам перамяненьня Хрыста, а
хмара, што ацяніла Таборскую гару, прадвяшчала яўна ласку Духа.
Катавасія. Ёна ў нутры кіта працягнуў крыжом рукі
свае, даючы вобраз збавенных мукаў; выкінуты адтуль пасьля трох дзён, ён
прадвяшчаў цудоўнае ўваскрасеньне Хрыста Бога нашага, які быў укрыжаваны ў целе
і прасьвятліў сьвет уваскрасеньнем сваім на трэці дзень.
Кандак (тон 7).
Перамяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, і вучні Твае ўбачылі славу Тваю, наколькі
ім магчыма было, каб пасьля, убачыўшы Цябе ўкрыжаванага, маглі зразумець
дабравольныя Твае цярпеньні і сьвету аб'явіць, што Ты сапраўды зьзяньне Айца.
Ікас. Уставайце, лянівыя думкі душы маёй, што
цягнеце мяне долу, узьніміцеся да вышыні Боскага ўзыходу. Пойдзем да Пётры і
братоў Забэдэявых, і разам з імі ўзыдзем на Табораскую гару, каб нам увайсці ў
славу Бога нашага і пачуць голас з вышыні, што аб'яўляе зьзяньне Айца.
Песьня 7
Канон 1 (тон 4).
Ірмас. У Бабілёне некалі сыны Абрагама
патапталі агонь у печы, пяючы: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!".
Асьветленыя зьзяньнем недаступнай славы, апосталы на
Таборскай гары ўсклікнулі Хрысту: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!".
Апосталы, пад уражаньнем Боскага голасу, зьзяньня славы
Тваёй, Хрысьце, і роснай хмары, усклікнулі: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!"
Пётра ўбачыў, як Ты, Хрысьце, зазьзяў на Таборскай гары
недаступным сьвятлом, і ўсклікнуў: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!"
Сыны Забэдэявы, што былі з Табою, Жыцьцядаўча Хрысьце, калі
Ты ўвесь прасьвятліўся, загрымелі: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!".
Канон 2 (тон 8).
Ірмас. Юнакі гэбрэйскія ў печы сьмела
патапталі полымя і перамянілі агонь на расу, клічучы: "Блаславёны Ты, Госпадзе
Божа, праз усе вякі!".
Нябачнае сталася бачным для апосталаў: на Таборскай Гары яно
зазьзяла ім у целе, і яны ўсклікнулі: "Блаславёны Ты, Госпадзе Божа, праз усе
вякі!".
На Таборскай гары апосталы жахнуліся, дзівячыся красе
Валадарства Божага, і ўсклікнулі: "Блаславёны Ты, Госпадзе Божа, праз усе
вякі!".
Нечуванае стаецца чутным: голас Айца ясна сьведыць, што Сын,
які нарадзіўся без айца ад Дзевы, – Бог і чалавек праз усе вякі.
Не праз успрыняцьце Ты стаўся Сынам Усявышняга, бо Ты ім існа
быў раней за ўсе вякі. Застаўшыся нязьменным, Ты прыйшоў, каб быць з намі, якія
клічам: "Блаславёны Ты, Госпадзе Божа, праз усе вякі!".
Катавасія. Бязглузды загад злоснага мучыцеля,
поўны пагрозаў і боганенавісных блюзьнерстваў, прывёў людзей у зман; але тры
юнакі не спалохаліся зьверскай лютасьці, ані агню, што паліў усё: стоячы сярод
полымя, асьвежаныя росным ветрам, яны пяялі: "Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа
айцоў нашых!".
Песьня 8.
Канон 1 (тон 4).
Ірмас. У Бабілёне юнакі, распаленыя
руплівасьцю Божаю, сьмела адкінулі пагрозы мучыцеля і агонь; укінутыя ў полымя,
асьвежаныя расою, яны пяялі: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".
Хрыстос, які воляю сваёю трымае ўсё, чыстымі нагамі сваімі
ўзышоў на Таборскую гару. Там аблічча Ягонае зазьзяла сьвятлей за сонца, і ў
зьзяньні ягоным стаялі выбраныя прадстаўнікі Закону і Ласкі, пяючы: "Усе творы
Гасподнія, блаславіце Госпада!".
Калі бясконцае незаходнае Сьвятло, зьзяньне Айца, што
прасьвятляе ўсё стварэньне, зьявілася ў недаступнай славе на Таборскай гары, яно
абагавіла людзей, якія запяялі: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".
Стоячы з пашанаю на Таборскай гары, Майсей і Ільля ясна
ўбачылі вобраз Боскай асобы Хрыста ў зьзяньні славы Айца, і запяялі: "Усе творы
Гасподнія, блаславіце Госпада!".
Некалі твар Майсея зьзяў славаю, бо ён цьмяна бачыў Бога. А
Хрыстос пакрывае сябе зьзяньнем славы быццам вопраткаю. Як Творца сьвятла, Ён
прасьвятляе тых, што пяюць: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".
На гары Табор вучні, гледзячы на Хрыста, які быў агорнуты
сьветлай хмараю, палі ніцма на зямлю і з розумам прасьветленым запяялі песьню
Яму разам з Айцом і Духам: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".
Канон 2 (тон 8).
Ірмас. Хальдэйскі мучыцель загадаў распаліць
печ у сем разоў мацней звычайнага, каб спаліць набожных юнакоў; убачыўшы, што
яны былі збаўленыя сілаю з вышыні, ён усклікнуў: "Юнакі, блаславіце; сьвятары,
хваліце; людзі, узьвялічвайце Госпада праз усе вякі!".
Вучні Твае, Уладару пачуўшы сьведчаньне Айца, і ня ў стане
перанесьці сьветласьці Твару Твайго, зьзяньне якога чалавеку немагчыма бачыць, у
старху палі ніцма на зямлю і запяялі: "Юнакі, блаславіце; сьвятары, хваліце;
людзі, узьвялічвайце Госпада праз усе вякі!".
Госпадзе, Уладару ўладараў і Цару цароў, Ты жывеш у
недаступным сьвятле. Табе вучні Твае ў страху ўсклікнулі: "Юнакі, блаславіце;
сьвятары, хваліце; людзі, узьвялічвайце Госпада праз усе вякі!".
Ты, Хрысьце, – Цар неба і Госпад зямлі, і маеш уладу над
усімі ў апраметнай; дзеля гэтага перад Табою сталі ад зямлі апосталы; ад неба –
Ільля Тэсьбіцянін, і ад мёртвых – Майсей, пяючы суладна: "Людзі, узьвялічвайце
Яго праз усе вякі!".
Выбраныя апосталы Твае, Чалавекалюбча, пакінулі марныя
клопаты на зямлі і пайшлі ўсьлед за Табою да вышэйшага боскага жыцьця. Дзеля
гэтага яны ўдастоіліся бачыць Боскасьць Тваю і запяялі: "Людзі, узьвялічвайце
Яго праз усе вякі!".
Катавасія. Блаславіце, юнакі, роўныя лікам з
Тройцай, Творцу Бога Айца, і Слова, што зышло на зямлю і перамяніла агонь на
расу; і ўзьвялічвайце над усім Духа ўсесьвятога, які дае ўсім жыцьцё, праз усе
вякі.
Песьня 9
"Больш годную пашаны ..." не сьпяваецца.
Прыпеў. Блаславі, душа мая, Госпада, які
перамяніўся на Таборскай гары.
Канон 1 (тон 4).
Ірмас. Тваё сынараджэньне нятленным было:
Бог выйшаў з улоньня Твайго і, зьявіўшыся на зямлі як чалавек, пажыў сярод
людзей. Дзеля гэтага мы ўсе, Багародзіца, Цябе ўзьвялічваем.
Вучні, прасьветленыя промнямі дзіўнага зьзяньня, сумеліся і,
глянуўшы адзін на аднаго, упалі ніцма на зямлю і пакланіліся Табе, Ўладару ўсіх.
Голас Божы пачуўся з хмары, абвяшчаючы цуд: Айцец Сьвятла
ўсклікнуў апосталам: "Гэта Сын Мой любы. Яго слухайце".
Слугі Слова бачылі на гары Табор страшныя і дзіўныя рэчы і,
пачуўшы голас Айца, усклікнулі: "Гэта пячатка Айца, Збавіцель наш!".
Нязьменны вобраз Таго, хто ёсьць, пячатка непарушная, Сыне і
Слова, Мудрасьць і Сіла, Правая Рука і Моц Найвышэйшага, Цябе славім разам з
Айцом і Духам.
Канон 2 (тон 8).
Ірмас. Усё стварэньне сумелася, пачуўшы пра
нечуваную Божую спагадлівасьць: як гэта Найвышэйшы дабравольна панізіўся,
прыняўшы цела, і стаўся чалавекам у дзявочым улоньні. Дзеля гэтага мы, верныя,
Усячыстую Багародзіцу ўзьвялічваем.
Каб паказаць, як у час Твайго другога прыйсьця Ты зьявішся як
Бог Найвышэйшы сярод багоў, на Таборскай гары Ты прасьвятліў невыказным
зьзяньнем апосталаў, Майсея і Ільлю. Дзеля гэтага мы ўсе ўзьвялічваем Цябе,
Хрысьце.
Прыйдзіце, паслухайце мяне, людзі: ідучы на сьвятую і
нябесную гару, станем у духу ў горадзе Бога жывога, і вачыма розуму глянем на
духоўнае Боства Айца і Духа, што зьзяе ў адзінародным Сыне.
Ты паланіў мяне жаданьнем Цябе, Збавіцелю, і перамяніў мяне
Тваёй Боскай любоўю. Спалі мае грахі полымем духоўным, і ўчыні мяне дастойным
насыціцца Тваёй стравай, каб мне радасна ўзьвялічваць Твае два прыйсьці, добры
Госпадзе.
Катавасія. Багародзіца,Ты – таемны рай, бо Ты без
высілку ўзрасьціла нам Хрыста, які пасадзіў пасярод зямлі жыцьцядайнае дрэва
крыжовае. Бачачы яго сёньня ўзьнесеным, пакланяемся яму і Цябе славім.
Другая катавасія. Сёньня сьмерць, што прыйшла да
чалавека, калі ён пакаштаваў плоду з забароненага дрэва, адмяняецца дрэвам
крыжовым. Праклён маці Эвы, што цяжыў над усім родам людзкім, здымаецца плодам
Чыстай Багародзіцы, якую ўсе сілы нябесныя ўзьвялічваюць.
Экзапастрыляр (тон 2).
Сьвятло нязьменнае, Слова спрадвечнага Айца! Сёньня ў сьветласьці Тваёй, што
аб'явілася на Таборскай гары, мы ўбачылі Сьвятло – Айца, і Сьвятло – Духа, што
прасьвятляе ўсё стварэньне. (Тройчы)
Пахвальныя псалмы
(Тон 4). Перад, тым, як быць адданым на
ўкрыжаваньне і пакуты, Ты, Госпадзе, узяў выбраных Тваіх апосталаў на гару
Табор, каб паказаць ім славу Тваю. Калі яны ўбачылі, як Ты перамяніўся і зазьзяў
ясьней за сонца, яны ўпалі ніцма на зямлю і ўсклікнулі: "Сапраўды Ты –
спрадвечнае Сьвятло і Зьзяньне Айца, і, хоць Ты дабравольна прыняў цела,
застаешся нязьменным Богам". (Двойчы)
Спрадвечны Божа-Слова, Ты апранаешся ў сьвятло быццам у
вопратку. Перамяніўшыся перад вучнямі Тваімі, Ты зазьзяў ясьней за сонца. Майсей
і Ільля стаялі побач, паказваючы, што Ты – Госпад жывых і мёртвых. Яны ўславілі
Твой невыказны провід, міласэрнасьць і спагадлівасьць, якою Ты збавіў сьвет, што
гінуў ад граху.
Ты, Госпадзе, што нарадзіўся з дзявочай хмары і стаўся
чалавекам, перамяніўся на гары Табор: сьветлая хмара агарнула Цябе і голас Айца
ясна засьведчыў вучням, што Ты – Сын Ягоны любы, бо Ты адзінасутны з Ім і
роўнадастойны. Убачыўшы гэта, Пётра ў зьдзіўленьні сказаў: "Добра нам тут". Ня
ведаў ён, што казаў, Дабрадзею наш міласэрны.
Слава ... цяпер ...:
(Тон 8). Хрыстос узяў з сабою Пётру, Якуба і Яна
на высокую гару і перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае зазьзяла, быццам сонца,
а вопратка сталася белай як сьвятло. Зьявіліся таксама Майсей і Ільля, і
размаўлялі з Ім. І вось сьветлая хмара пакрыла іх, і з хмары быў чутны голас,
які казаў: "Гэта Сын Мой любы, якога Я ўспадабаў: Яго слухайце!".
Пасьля Вялікага ўслаўленьня:
Трапар сьвята (тон 7).
Перамяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, паказаўшы вучням Тваім, наколькі яны маглі
ўспрыняць, славу Тваю. Хай і для нас зазьзяе сьветласьць Твая вечная малітвамі
Багародзіцы. Сьветладаўча, Слава Табе!
|