Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Абрад пахаваньня памерлых - Малітвы ў доме памерлага


 

 

Абрад пахаваньня памерлых - Малітвы ў доме памерлага

Калі нехта памрэ і ягоныя (ейныя) родныя паклічуць сьвятара ў дом, той, надзеўшы епітрахіль і фелон і пакадзіўшы цела памерлага (памерлай), пачынае:

Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін.

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)

Слава... цяпер...

Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.

Госпадзе, зьмілуйся (Тройчы)

Слава... цяпер...

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.

(Тон 4). З духамі спачылых праведнікаў душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй), Збавіцелю, супакой і захавай яго (яе) ў шчасьлівым жыцьці, што ў Цябе, Чалавекалюбча.

У сялібах Тваіх, Госпадзе, дзе ўсе праведнікі спачываюць, супакой і душу слугі Твайго (Тваёй), бо Ты адзіны Чалавекалюбец.

Слава...

Ты Бог наш, які ў пекла зышоў і разьбіў аковы, што трымалі вязьняў: дай і душы слугі Твайго (Тваёй) супакой.

Цяпер...

Адзіная чыстая і бязьвінная Дзева, што нарадзіла бяз семя Бога, маліся за збаўленьне душы яго (яе).

 

Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Яшчэ молімся за супакой душы заснулага слугі Божага (заснулай слугі Божай) ..., і каб яму (ёй) былі дараваныя ягоныя (ейныя) правіны вольныя і міжвольныя.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Каб Госпад Бог пасяліў душу яго (яе), дзе праведнікі спачываюць.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Дыякан: Зьмілаваньня Божага, валадарства нябеснага і адпушчэньня грахоў яго (яе) у Хрыста, несьмяротнага Уладара і Бога нашага, просім.

Людзі: Дай яму (ёй), Госпадзе.

Дыякан: Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар (ціха): Божа духаў і ўсякага цялеснага стварэньня, што зваяваў сьмерць і д'ябла перамог, і дараваў сьвету Твайму жыцьцё, супакой душу заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй) ... у месцы сьветлым, месцы радасным, месцы спакойным, дзе няма ні болю, ні суму ні плачу; усякую правіну, зробленую ім (ёю) словам, учынкам і думкаю, Ты, як добры і Чалавекалюбны Бог, прабач яму (ёй). Бо няма жывога чалавека – і ніколі ня будзе, – які б не зграшыў: Ты адзін толькі без граху, справядлівасьць Твая – справядлівасьць навекі, і слова Тваё – праўда.

(Уголас). Бо Ты – уваскрасеньне, жыцьцё і супакой заснулага слугі Твайго (заснулай слугі Тваёй) ..., Хрысьце Божа наш, і мы Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

 

Людзі: Амін.

Дыякан: Мудрасьць.

Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.

Людзі: Слава... цяпер...

Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі.

Сьвятар: Хрыстос, праўдзівёы Бог наш, які ўваскрос з мёртвых і жывымі і мёртвымі ўладае, малітвамі ўсячыстае Свае Маці, сьвятых, слаўных і годных пахвалы Апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх сьвятых апосталаў; сьвятых, слаўных і пераможных мучанікаў; сьвятых і баганосных айцоў нашых, душу слугі свайго (сваёй) ..., які адышоў (якая адышла) ад нас, у жыльлях сьвятых хай паселіць, ва ўлоньні Абрагама хай супакоіць, і да праведнікаў залічыць; і над намі ўсімі хай зьмілуецца і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Людзі: Амін.

Сьвятар: У блаславёным сьне яго (яе), дай, Госпадзе, знайсьці вечны супакой душы памерлага слугі Твайго (памерлай слугі Тваёй) ... і ўчыні яму (ёй) вечную памяць.

Людзі: Вечная памяць, вечная памяць, вечная памяць.

Падчас сьпеву "Вечная памяць", сьвятар кропіць сьвятой вадой цела памерлага (памерлай), а таксама дамавіну звонку і ўнутры. Тады дамавіну з целам памерлага выносяць з дому ў царкву пры сьпеве:

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст