Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.
Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)
Слава... цяпер...
Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава... цяпер...
Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Трапар (тон 6). Зышлі з неба ласку Тваю, Жыцьцядаўца, і асьвяці гэтую ваду, і дай, каб яна сталася ачышчэньнем ад усяго благога. (Тройчы)
Сьвятар: Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Сьвятар чытае наступную малітву над вадою:
Божа ўсяхвальны, Ойча Госпада нашага Ісуса Хрыста, Ты адзіны творыш цуды, якім няма ліку; Твой голас загучаў над вялікімі водамі, і тыя, учуўшы, у страху зварухнуліся, і загулі бездані; шляхі Твае праляглі па моры, і сьцяжыны Твае нябачнымі сьлядамі па водах. Ты хростам Сына Твайго уцелаўлёнага, зыходам на Яго ўсесьвятога Духа ў выглядзе голуба і Тваім айцоўскім голасам асьвяціў воды Ярдану. Цябе сёньня мы, нягодныя слугі Твае, пакорна молім і просім: зышлі ласку ўсесьвятога Твайго Духа на гэтую ваду, і нябесным Тваім блаславеньнем блаславі, ачысьці і асьвяці яе, даруй ёй ласку і блаславеньне Ярданскае, і сілу ачышчаць усё благое, ацаляць усялякую немач, і адганяць нячыстых духаў і ўсе іхнія подступы. Сілаю, дзеяньнем і ласкаю ўсесьвятога Духа дай ёй моц для ўсіх слугаў Тваіх, што з вераю п'юць і прымаюць яе і акрапляюцца ёю, адпускаць грахі, спыняць грэшныя пажаданьні і адганяць усякае зло, памнажаць дабрадзейнасьці, аздараўляць хваробы, асьвячаць і бласлаўляць дамы і ўсялякія месцы, абараняць ад згубнага паветра і атрымліваць Тваю ласку. Бо Ты ёсьць той, хто бласлаўляе і асявячае ўсё, Божа наш, і Табе славу аддаем, разам з адзінародным Тваім Сынам і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Сьвятар: Мір усім.
Людзі: І твайму духу.
Сьвятар: Галовы вашыя Госпаду схіліце.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Прыхілі, Госпадзе, вуха Тваё і пачуй мяне, Ты, што воды Ярданскія зьяўленьнем Хрыста Твайго асьвяціў, і блаславі ўсіх нас, што схіляем галовы на знак паслушэнства Табе, і зрабі нас годнымі прыняць гэтую ваду, якую Ты маеш асьвяціць, каб яна была нам для ацаленьня душаў і целаў.
Бо Ты асьвячэньне наша, і Табе славу аддаем, разам з адзінародным Тваім Сынам і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Сьвятар, узяўшы крыж, укладае яго ў ваду і робіць знак крыжа, сьпяваючы:
(Тон 1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой, даруй супакой сьвятой Тваёй Царкве і перамогу над усімі нягодамі, і захавай верны Твой народ сілаю Твайго Крыжа.
Гэта паўтараецца тройчы. Тады:
Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.
Людзі: Слава... цяпер...
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) Ойча, блаславі.
Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сілаю пачэснага і жыватворчага крыжа, малітвамі сьвятога ... (імя сьвятога дня і патрона царквы), і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.
Людзі: Амін.
|