На "Госпадзе, Цябе клічу...":
сем песьняў нядзельных з актойху 2 тону, пасьля – тры
наступныя:
(Тон 2). Жанчыны-міраносіцы прыйшлі на досьвітку з
духмянымі алейкамі да магілы Гасподняй і знайшлі тое, на што не спадзяваліся.
Яны здумеліся, калі ўбачылі адвалены камень, і казалі адна адной: "Дзе пячаці
магільныя, дзе Пілатава варта і ўся ахова?" Калі яны так дзівіліся, вось
зьявіўся ім анёл, поўны сьветласьці, і сказаў ім: "Чаму з плачам шукаеце Жывога,
які ажывіў род людзкі? Хрыстос Бог наш устаў з мёртвых як усемагутны і дараваў
усім нятленнасьць і вечнае жыцьцё, прасьвятленьне і багацьце зьмілаваньня
свайго".
Чаму, вучаніцы, зьмешваеце міра са сьлязамі? Гляньце: вось
камень адвалены і магіла пустая; Жыцьцё перамагло тленнасьць – сьведчаць пра
гэта пячаці і вартаўнікі, што паснулі. Божым целам сьмяротнае збаўляецца, а
пекла галосіць. Дык ідзіце і з радасьцю абвясьціце апосталам: "Хрыстос –
першынец з мёртвых, – умярцьвіў сьмерць і чакае вас у Галілеі".
Міраносіцы прыйшлі зранку да магілы і, прыпаўшы, шукалі Цябе,
Хрысьце, каб памазаць усячыстае цела Тваё. Пачуўшы вестку ад анёла, яны з
радасьцю сказалі апосталам, што ўваскрос Уладар нашага збаўленьня. Ён паланіў
сьмерць і даў сьвету вечнае жыцьцё і багацьце зьмілаваньня свайго.
Слава...
(Тон 6). Жанчыны-міраносіцы прыйшлі да магілы
Тваёй; яны агледзелі магільныя пячаці і, не знайшоўшы ўсячыстага цела Твайго, з
плачам адышлі і казалі: "Хто ўкраў нашую надзею? Хто схаваў мёртвага, голага і
памазанага алейкамі, адзінае суцяшэньне Маці сваёй? Як гэта памёр Той, што
мёртвых ажыўляў; як пахаваны быў Той, хто паланіў пекла? Устань, Збавіцелю, у
сіле на трэці дзень, як Ты прадказаў, і збаў душы нашыя".
Цяпер...
Дагматык (тон 2). Цень Закону мінуў з прыйсьцем
ласкі: як некалі куст, ахоплены агнём, не згараў, так і Ты, Дзева, пасьля родаў
Дзеваю засталася; замест слупа вогненнага Сонца праведнае зазьзяла; замест
Майсея – Хрыстос, Збавіцель душ нашых.
Ліцьця
(Тон 1). "Жанчыны міраносіцы, навошта вы прыйшлі
да магілы, чаму шукаеце Жывога сярод мёртвых? Усьцешцеся, бо Госпад уваскрос!" –
анёл усклікнуў.
Жанчыны са страхам прыйшлі да магілы, каб памазаць духмянымі
алейкамі цела Тваё. Не знайшоўшы яго, яны ўстрывожыліся, бо ня ведалі, што Ты
ўваскрос. Але анёл зьявіўся ім і сказаў: "Хрыстос уваскрос, даруючы нам веліч
міласэрнасьці".
Марыя Магдалена з другой Марыяй прыйшлі на магілу, шукаючы
Госпада, і ўбачылі сьветлага, быццам маланка, анёла, які сядзеў на камені і
сказаў ім: "Чаму шукаеце Жывога сярод мёртвых? Ён уваскрос, як прадказаў;
убачыце яго ў Галілеі". Дык і мы ўсклікнем Яму: "Госпадзе, які ўваскрос з
мёртвых, слава Табе!".
Слава...
(Тон 6). Прасі, Язэпе, цела Хрыста і пакладзі Яго
ў новай магіле: бо Яму належыць выйсьці з магілы, быццам з хораму. Госпадзе, які
скрышыў уладу сьмерці і адчыніў людзям дзьверы райскія, слава Табе!
Цяпер...
(Тон 6). Творца і Збавіцель мой, Усячыстая, Госпад
Хрыстос, выйшаўшы з улоньня Твайго, у мяне апрануўся і ад першага Адамавага
праклёну вызваліў. Дзеля гэтага Табе, Багародзіца, як Маці Божай і Дзеве, разам
з анёламі нязмоўкна ўсклікаем "Радуйся!" Радуйся, Уладарка, Заступніца, Абарона
і Збаўленьне душаў нашых.
Вершапесьні
(Тон 2). Уваскрасеньне Тваё, Хрысьце Спасе,
прасьвятліла ўвесь сусьвет, і Ты паклікаў да Сябе ўсё стварэньне. Усемагутны
Госпадзе, слава Табе. Далей велікодныя песьні з іхнімі
прысьпевамі.
Верш: Хай уваскрэсьне Бог і разьбягуцца ворагі
Яго, і хай уцякуць ад Яго ўсе ненавісьнікі Яго.
Пасха сьветлая нам сёньня зьявілася, Пасха новая, сьвятая,
Пасха тайная, Пасха ўсяслаўная, Пасха – Хрыстос Збавіцель, Пасха чыстая, Пасха
вялікая, Пасха верных, Пасха, што дзьверы райскія нам адчыняе, Пасха –
асьвячэньне ўсіх верных.
Верш: Хай зьнікнуць так, як зьнікае дым, і як тае
воск ад агню.
Ідзеце, жанчыны-дабравесьніцы, і, што бачылі, Сыёну скажыце:
Прымі ад нас радасную вестку пра ўваскрасеньне Хрыстовае; весяліся, сьвяткуй і
радуйся, Ерусаліме, бачачы Ўладара Хрыста, які, быццам жаніх, з магілы
выходзіць.
Верш: Так хай згінуць грэшнікі ад аблічча Божага,
а праведнікі хай узрадуюцца.
Жанчыны-міраносіцы, што прыйшлі на досьвітку да магілы
Жыцьцядаўца, знайшлі анёла, які сядзеў на камені, і той абвясьціў ім, кажучы:
Чаму шукаеце Жывога сярод мёртвых, чаму плачаце па Несьмяротным, быццам Ён
сьмяротны? Ідзеце, занясіце добрую вестку вучням Яго.
Верш: Вось дзень, што Госпад стварыў, дзень
радасьці і вясельля для ўсіх нас.
Пасха красная, Пасха Гасподняя, Пасха; Пасха ўсяслаўная
сёньня зазьзяла нам. Пасха – радасна адзін аднаго абдымем! О, Пасха –
вызваленьне ад суму, бо сёньня з магілы, быццам з хораму, зазьзяў Хрыстос, і
жанчынаў напоўніў радасьцю, кажучы ім: Нясеце добрую вестку апосталам.
Слава...
Стыхіра з вячэрні Вялікай Пятніцы (тон 5). Цябе,
які апранаешся ў сьвятло, быццам у вопратку, Язэп разам з Нікодымам зьняў з
крыжа і, убачыўшы Цябе голага і непахаванага, заплакаў ад глыбіні сэрца і
сказаў: "Гора мне, наймілейшы Ісусе! Убачыўшы Цябе на крыжы павешанга, сонца
памеркла, зямля ў страху ўскалыхнулася, і заслона царкоўная разарвалася. Вось
гляджу цяпер на Цябе, які дзеля мяне дабравольна прыняў сьмерць: як я Цябе
пахаваю, Божа мой, якім палатном спаўю Цябе? Якімі рукамі дакрануся да
нятленнага цела Твайго, і якія песьні пяяць буду на адыход Твой, Усядобры?
Узьвялічваю цярпеньні Твае, слаўлю пахаваньне, а з ім і ўваскра- сеньне Тваё, і
клічу: Госпадзе, слава Табе!"
Цяпер...
Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся ўрачыстасьцю і адзін
аднаго абдымем; скажам "Браты" і тым, што ненавідзяць нас, прабачыўшы ўсё дзеля
ўваскрасеньня; і ўсклікнем вось так:
Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым,
што ў магілах, жыцьцё дараваў.
Адпушчальныя трапары
Нядзельны (тон 2). Калі Ты зышоў да сьмерці,
Жыцьцё несьмяротнае, Ты зьнішчыў пекла зьзяньнем боскасьці Тваёй; калі ж Ты і
памерлых з апраметнай уваскрасіў, усе сілы нябесныя ўсклікнулі: "Жыцьцядаўча
Хрысьце Божа наш, слава Табе!"
Слава...
(Тон 2). Высакародны Язэп зьняў з дрэва ўсячыстае
цела Тваё і, спавіўшы яго ў чыстае палатно з духмянасьцямі, у магіле новай
паклаў.
Цяпер...
Анёл зьявіўся ля магілы жанчынам-міраносіцам і ўсклікнуў:
"Алейкі мёртвым патрэбныя, Хрыстос жа тленнасьці не зазнаў. Дык усклікніце:
Уваскрос Хрыстос, даючы сьвету багацьце свайго зьмілаваньня". |