Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Нядзеля міраносіцаў - ютрань


 

 

Нядзеля міраносіцаў - ютрань

На "Госпад – Бог...": трапары як на вячэрні (гл. вышэй)


Сядальныя песьні 1. Даўшы паставіць пячаці на магільным камені, Ты даў нам камень веры ва ўваскрасеньні Тваім. Госпадзе, слава Табе.

Верш. Устань, Госпадзе, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.

Не пакінуўшы ўлоньня Айца, Ты дзеля нашага збаўленьня быў пахаваны і ўваскрос. Госпадзе, слава Табе!

Слава... цяпер...

Вышэй за розум усяслаўныя тайны Твае, Багародзіца: зьбярогшы чысьціню і захаваўшы дзявоцтва, Ты несумненна сталася Маці, нарадзіўшы Бога праўдзівага. Малі Яго за збаўленьне душаў нашых.


Сядальныя песьні 2. Міраносіцы прыйшлі рана да магілы і, убачыўшы яе пустою, пабеглі і сказалі апосталам: "Усемагутны перамог сьмерць і вызваліў з путаў тых, што былі ў пекле. Дык прапаведуйце сьмела, што Госпад Бог уваскрос і дараваў сьвету багацьце свайго зьмілаваньня".

Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.

Міраносіцы падрыхтавалі міра для пахаваньня Твайго і рана тайком прыйшлі да магілы. Яны баяліся юдэйскай злосьці і чакалі знайсьці моцную варту. Але іхняя прыродная слабасьць перамагла сілу, а іхні добры намер быў прыемны Богу. І вось яны ўсклінулі: "Устань, Госпадзе, дапамажы нам, і збаў нас дзеля славы імя Твайго!"

Слава... цяпер...

Ты годная ўсякай пахвалы, Багародзіца Дзева, мы славім Цябе; крыжом Сына Твайго пекла зруйнаванае было, сьмерць умярцьвлёная, мы, памёрлыя, усталі і жыцьця ўдастоіліся, рай атрымалі – даўнюю асалоду. Дзеля гэтага, дзякуючы, славім Яго, як усяўладнага Хрыста Бога нашага і адзінага міласэрнага.


Далей усё з ютрані нядзельнай 2 тону. Евангельле ранішняе ўваскроснае трэцяе.


Канон

Песьня 1. Ірмас. Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся, людзі: Пасха Гасподняя, Пасха! Бо вось ад сьмерці да жыцьця і ад зямлі на неба Хрыстос Бог узьняў нас, якія пяём песьню перамогі.

Ачысьцім нашыя пачуцьці, каб нам убачыць Хрыста ў невымоўным зьзяньні ўваскрасеньня, і пачуць, як Ён кажа: Радуйцеся ўсе, што пяеце песьню перамогі.

Нябёсы хай дастойна весяляцца, і хай радуецца зямля, хай увесь сьвет, бачны і нябачны, сьвяткуе, бо ўваскрос Хрыстос, наша радасьць вечная.


Песьня 3. Ірмас. Хадзеце, будзем піць пітво новае, не з каменя бясплоднага цудам атрыманае, але тое, што б'е жывой крыніцай з магілы Хрыста, які нас умацоўвае.

Сёньня мы напоўніліся сьвятлом – неба, зямля і апраметная. Хай усё стварэньне сьвяткуе ўваскрасеньне Хрыста, які нас умацоўвае.

Учора я быў пахаваны з Табою, Хрысьце – сёньня Ты ўваскрос і я ўстаў; учора я быў укрыжаваны з Табою – услаў мяне сёньня ў валадарстве Тваім.


Кандак Велікодны (тон 8): Хоць Ты, Несьмяротны, і зышоў у магілу, Ты зьнішчыў пекла ўладу і ўваскрос пераможна, Хрысьце Божа, жанчынам міраносіцам кажучы "Радуйцеся", і Тваім апосталам супакой даруючы, Ты, што даеш памёрлым уваскрасеньне.

Ікас. Устаўшы да сьвітаньня, жанчыны выйшлі шукаць, быццам дня, Сонца, што было раней за сонца і зайшло ў магілу, і казалі адна адной: "Хадзем, сяброўкі, памажам духмянымі алейкамі ў магіле жыцьцядайнае цела Таго, хто ўваскрасіў памёрлага Адама; пойдзем хутка і, як некалі мудрацы, прынясем у дар духмянае міра Таму, хто ляжыць, спавіты не ў пялёны, але ў пахавальнае палатно; заплачам і ўсклікнем: Устань, Уладару, Ты, што даеш памёрлым уваскрасеньне!"


Сядальная песьня міраносіцаў (тон 2). Жанчыны, Збавіцелю, прыносяць алейкі да магілы Тваёй і душы іхнія поўняцца радасьцю ад словаў анёла. Яны ідуць прапаведаваць усім Бога, і ўсклікаюць вучням: "Сапраўды Жыцьцё ўсіх уваскросла з магілы!"

Слава... цяпер...

Хор вучняў Тваіх разам з жанчынамі-міраносіцамі цешыцца: яны спраўляюць агульнае сьвята ў гонар і на славу Твайго ўваскрасеньня. З імі разам і мы ўсклікаем Табе, чалавекалюбны Госпадзе: "Дай людзям Тваім веліч зьмілаваньня!"


Песьня 4. Ірмас. На боскай варце Богам натхнёны Авакум хай стане разам з намі і пакажа анёла прамяністага, які нам кажа: Сёньня збаўленьне сьвету, бо ўваскрос Хрыстос усемагутны.

Хрыстос уваскрос з мёртвых!

Хрыстос зьявіўся нам, як сьмяротны чалавек, з дзявочага ўлоньня; Ён наша Пасха, што, як ягнё бязьвіннае, граху ня ведае; як Бог праўдзівы, Ён дасканалы.

Быццам аднагадовае ягнятка, Хрыстос – наш блаславёны вянец і Пасха ачышчальная – быў дабравольна прынесены ў ахвяру за ўсіх, і вось з магілы зазьзяла нам Сонца справядлівасьці.

Богаайцец Давід радасна танцаваў перад каўчэгам Запавету, што быў правобразам; мы ж, сьвяты народ Божы і сьведкі зьдзейсьненага, радуемся ў Богу, бо ўваскрос Хрыстос усемагутны.


Песьня 5. Ірмас. Устанем рана да сьвітаньня і, замест духмянасьцяў, песьню Ўладару прынясем, і ўбачым Хрыста, Сонца справядлівасьці, што асьвятляе ўсім жыцьцё.

Убачыўшы бязьмежную міласэрнасьць Тваю, Хрысьце, усе, зьвязаныя путамі пякельнымі, вясёлымі крокамі пасьпяшылі да сьвятла і ўславілі Пасху вечную.

Са сьвечкамі ў рукох выйдзем насустрач Хрысту, які, быццам жаніх, з магілы выходзіць, і разам са сьвяточным натоўпам уславім Пасху Божую, збавенную.


Песьня 6. Ірмас. Ты, Хрысьце, зышоў у глыбіні падземныя і разьбіў вечныя путы, што трымалі вязьняў, і на трэці дзень, быццам Ёна з нутра кіта, устаў з магілы.

Захаваўшы цэлымі пячаці, Ты, Хрысьце, што не парушыў дзявоцтва нараджэньнем Тваім, уваскрос з магілы і адчыніў нам райскія вароты.

Спасе мой, жывая і несьмяротная ахвяра, Ты як Бог дабравольна прынёс сябе ў ахвяру Айцу і, уваскросшы з магілы, узьняў з сабою праайца Адама і ўвесь род людзкі.


Кандак міраносіцаў (тон 2). Сказаўшы міраносіцам "Радуйцеся" – Ты суняў плач прамаці Эвы ўваскрасеньнем Тваім, Хрысьце Божа, і апосталам Тваім загадаў прапаведаваць: "Збаўца ўваскрос з магілы".

Ікас. Па дарозе да магілы Тваёй, Збавіцелю, міраносіцы казалі адна адной: "Хто нам адваліць камень ад магілы?" І вось, глянуўшы, убачылі, што ён быў адвалены. Уражаныя выглядам сьветлага анёла, яны спалохаліся і хацелі ўцякаць, але юнак усклікнуў ім: "Ня бойцеся! Той, каго вы шукаеце, уваскрос; хадзеце і гляньце на месца, дзе ляжаў Ісус. Сьпяшайцеся да Ягоных вучняў і аб'явіце ім: "Збавіцель уваскрос з магілы".


Песьня 7. Ірмас. Той, хто выбавіў юнакоў з агню, стаўшыся чалавекам, церпіць, як сьмяротны, і цярпеньнем сваім сьмяротнае апранае ў красу несьмяротнасьці – адзіны найблаславёны Бог Айцоў і ўсемагутны.

Багамудрыя жанчыны-міраносіцы з духмянымі алейкамі пасьпяшылі сьледам за Табою і, шукаючы са сьлязьмі памёрлага, радасна пакланіліся Богу, і Пасху тайную вучням Тваім, Хрысьце, абвясьцілі.

Сьвяткуем сьмерці сьмерць, пекла зьнішчэньне і новага, вечнага жыцьця пачатак і, радуючыся, славім Прычыну ўсяго, што здарылася, адзінага блаславёнага Бога Айцоў і ўсяслаўнага.

Сапраўды сьвятая і ўрачыстая гэтая збавенная ноч, і прамяністая прадвесьніца сьветлага дня ўваскрасеньня, у які Спрадвечнае Сьвятло цялесна ўсім з магілы зазьзяла.


Песьня 8. Ірмас. Гэты асаблівы і сьвяты дзень, адзіны з усіх суботаў, уладарны і гасподні, сьвята над сьвятамі і ўрачыстасьць над урачыстасьцямі: у гэты дзень бласлаўляем Хрыста на ўсе вякі.

Хадзіце, у гэты ўрачысты дзень Уваскрасеньня, пакаштуем новага плоду вінаграднага, радасьці Божай і валадарства Хрыстовага і ўславім Яго на ўсе вякі.

Глянь навокал, Сыёне, і бач: вось прыйшлі да цябе, быццам боскія сьветачы, з захаду і поўначы, з поўдня і ўсходу дзеці твае, бласлаўляючы Хрыста на ўсе вякі.

Усесьвятая Тройца, Божа наш, слава Табе!

Ойча ўсемагутны, і Сыне, і Духу, адзіная ў трох асобах існасьць, надпрыродная і найвышэйшая Боскасьць, у Цябе мы ахрысьціліся і Цябе бласлаўляем на ўсе вякі.


"Больш годную пашаны за хэрувімаў..." не сьпяваецца.


Песьня 9. Ірмас. Сьвяціся, сьвяціся, Новы Ерусаліме, бо слава Гасподняя зазьзяла над табой. Радуйся сёньня і весяліся, Сыёне. Ты ж, Чыстая, красуйся, Багародзіца, бо Той, каго Ты нарадзіла, з мёртвых устаў.

О Боскае, о любае, о найсьвятое слова Тваё: Ты, Хрысьце, абяцаў быць з намі да канца сьвету. Мы ж, што жывем з гэтай надзеяю, радуемся.

Ты, Хрысьце, наша вялікая і сьвятая Пасха, Слова Божае, Мудрасьць і Сіла. Дай нам больш дасканала зьяднацца з Табою ў незаходны дзень валадарства Твайго.

Анёл усклікнуў Поўнай ласкі: Чыстая Дзева, радуйся! І зноў кажу: Радуйся, бо Твой Сын уваскрос на трэці дзень з магілы і мёртвых узьняў з сабою. Людзі, весяліцеся!

Канон міраносіцаў (тон 2). Ірмас. Тую, якая надпрыродна зачала ва ўлоньні целам Слова, што зазьзяла спрадвеку ад Айца, несьціханымі песьнямі, верныя, узьвялічым.

Ты, усемагутны Збавіцелю, зрабіў спадкаемцам духоўнага раю разбойніка, які на крыжы прызнаў Цябе Богам. Успомні і мяне, які клічу Цябе.

Ты, Ісусе, які на Сынаі даў угодніку Твайму Майсею табліцы Закону, дзеля нас цярпеў біцьцё і апляваньне ад беззаконьнікаў.

Ты, Збавіцелю, які даў нам Цела Тваё і Кроў як спажыву для вечнага жыцьця, пакаштаваў дзеля нас воцату і жоўці.

Прабіты ў бок кап'ём, Ты, Хрысьце, праліў Тваю ўсячыстую кроў і пачэсную ваду, быццам невычэрпную крыніцу для ўсяго сьвету.

Залічаны да мёртвых, Ты мёртвых ажывіў; пакладзены ў магілу, Ты спустошыў магілы, пекла паланіў і Адама ўваскрасіў.

Калі Ты, Ісусе Хрысьце, уваскрос, вораг быў зьвязаны, пекла палоненае, магілы апусьцелі, а тыя, што ў апраметнай, усталі і пакланіліся Табе.

Хто ўкраў мёртвага, дый яшчэ голага? Чаму ашукваеце сябе, габрэі? Уваскрос Хрыстос і зьнішчыў путы і брамы пякельныя.

Слава Табе, Хрысьце Збавіцелю, Крыніца жыцьця, Сьвятло для тых, што жывуць у цемры няведаньня. Ты прасьвятліў усю зямлю ўстаньнем Тваім.

Разам з міраносіцамі і боскімі вучнямі ўсхвалім высакароднага райцу Язэпа як прапаведніка ўваскрасеньня Хрыстовага.

Усхвалім цудоўнага Язэпа разам з Нікодымам і вернымі міраносіцамі, і ўсклікнем: "Госпад сапраўды ўваскрос!"

Слава...: Беспачатны Ты, Ойча, няствораны Ты, Сыне, роўнапасадны Ты, Духу Сьвяты, адзін прыродаю ў трох асобах, адзіны існы Божа.

Цяпер...: Хай радуецца Ясей і цешыцца Давід, бо вось Дзева, як Богам пасаджаны парастак, вырасьціла вечна жывую кветку – Хрыста.

Катавасія. Сьвяціся, сьвяціся, Новы Ерусаліме, бо слава Гасподняя зазьзяла над табой. Радуйся сёньня і весяліся, Сыёне. Ты ж, Чыстая, красуйся, Багародзіца, бо Той, каго Ты нарадзіла, з мёртвых устаў.


Экзапастыляр. Вялікодны. Целам заснуўшы як мёртвы, Уладару і Госпадзе, на трэці дзень Ты ўваскрос і Адама ад тленнасьці ўзьняў, перамогшы сьмерць. Пасха нятленная, сьвету збаўленьне!

Слава... цяпер...

Міраносіцаў. Паслухайце, жанчыны, голасу радасьці: Пераможца пекла ўзьняў ад тленнасьці сьвет. Бяжыце і абвясьціце маім прыяцелям добрую вестку: Жадаю каб радасьць зазьзяла стварэньню майму там, дзе раней панаваў сум.


Пахвальныя псалмы і ўсё апошняе: нядзельныя 2 тону.

Евангельская сьціхіра трэцяя.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст