На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 8). Вы, пачэсныя міраносіцы, хадзілі ўсьлед
за Хрыстом, калі Ён быў на зямлі, і шчыра служылі Яму. Вы не пакінулі Яго, калі
Ён памёр, але, поўныя спагады, з плачам прынесьлі Яму духмяныя алейкі. Дзеля
гэтага спраўляем вашу сьвятую памяць.
Грамадка сьвятых жанчынаў жадала ўбачыць Жыцьцё, што ляжала
мёртвае. Яны прыйшлі ўночы да магілы і пачулі ад анёла: "Хрыстос устаў, як
прадказаў; дык ідзеце хутка сказаць пра гэта вучням Яго. Пакіньце сум і, замест
плачу, прыміце невыказную радасьць".
Сёньня мы, верныя, спраўляем радасна вашую памяць, пачэсныя і
богаблаславёныя міраносіцы, і славім усядобрага Госпада, які ўславіў вас. Маючы
ласку ў Яго, маліцеся няспынна, каб і нам атрымаць непрамінальную славу і
сьветласьць сьвятых.
Тры песьні з мінеі.
Слава... цяпер...
(Тон 2). Міраносіцы прыйшлі зранку да магілы і,
прыпаўшы, шукалі Цябе, Хрысьце, каб памазаць усячыстае цела Тваё. Пачуўшы вестку
ад анёла, яны з радасьцю сказалі апосталам, што ўваскрос Начальнік нашага
збаўленьня. Ён паланіў сьмерць і даў сьвету вечнае жыцьцё і багацьце
зьмілаваньня свайго.
Вершапесьні
(Тон 2). "Хай будзе расьпяты!" – крычалі тыя, што
раней карысталіся з дароў Тваіх, і забойцы праведнікаў прасілі сабе забойцу
замест Дабрачынца; але Ты, Хрысьце, маўчаў і ціха пераносіў іхнюю злосьць,
жадаючы пацярпець і збавіць нас у чалавекалюбстве Тваім.
Прыйдзіце, паклонімся Божаму Слову, народжанаму спрадвеку ад
Айца і ад Дзевы цела прыняўшаму. Ён, пацярпеўшы на крыжы і аддаўшы сябе на
пахаваньне, уваскрос з мёртвых і збавіў мяне, заблуднага чалавека.
Божыя пакутнікі, не палюбіўшы зямное ўцехі, удастоіліся
нябесных дабротаў і сталіся суграмадзянамі анёлаў; малітвамі іх, Госпадзе,
зьмілуйся нада мною і збаў мяне.
Слава... цяпер...
(Тон 6). Прасі, Язэпе, цела Хрыста і пакладзі Яго
ў новай магіле: бо Яму належыць выйсьці з магілы, быццам з хораму. Госпадзе, які
скрышыў уладу сьмерці і адчыніў людзям дзьверы райскія, слава Табе!
Адпушчальныя трапары
Высакародны Язэп...
Слава...: Трапар сьвятога дня.
Цяпер...: міраносіцаў:
Анёл зьявіўся ля магілы жанчынам-міраносіцам і ўсклікнуў: "Алейкі мёртвым
патрэбныя, Хрыстос жа тленнасьці не зазнаў. Дык усклікніце: Уваскрос Хрыстос,
даючы сьвету багацьце свайго зьмілаваньня". |