На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Сем песьняў нядзельных 3 тону, пасьля наступныя:
(Тон 1). Ты, Хрысьце, што найчыстымі рукамі сваімі
чалавека стварыў, прыйшоў аздаравіць нядужых, Добрасардэчны. Словам Тваім ты
ўзьняў з пасьцелі расслабленага ля Авечай сажалкі, вылячыў немач жанчыны, што
цярпела на крывацечу, зьмілаваўся над дачкой хананейкі і не пагардзіў просьбаю
сотніка. Дзеля гэтага клічам : "Госпадзе, слава Табе!"
(Двойчы)
Расслаблены, які ляжаў, быццам непахаваны нябожчык, убачыў
Цябе і ўсклікнуў: "Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, бо ложак мой стаўся для мяне
магілаю! Нашто мне жыць? Ня трэба мне Авечай сажалкі, бо ня маю нікога, хто б
мяне да яе занёс, калі заварушыцца вада. Дык прыходжу да Цябе, Крыніца
аздараўленьняў, каб і я мог з усімі ўсклікнуць: "Госпадзе ўсемагутны, слава
Табе!"
Слава...
(Тон 5). Прыйшоў Ісус у Ерусалім да Авечай
сажалкі, якая мела пяць пад'ездаў і па-габрэйску называлася Бэтсаіда. Там ляжала
шмат нядужых, бо анёл Божы кожны год зыходзіў і варушыў ваду, і аздараўляў тых,
хто з вераю ўваходзіў у яе. Ісус убачыў расслабленага, які шмат гадоў там ляжаў,
і сказаў яму: "Ці хочаш быць здаровым?" А хворы адказаў: "Госпадзе, ня маю
чалавека, які б мяне занёс у сажалку, калі заварушыцца вада. Я страціў усю
маёмасьць на лекараў і нічога не асягнуў". Тады Лекар душаў і целаў кажа яму:
"Вазьмі твой ложак і хадзі, і расказвай усім пра Маю сілу і веліч зьмілаваньня".
Цяпер...: Дагматык 3 тону
Вершапесьні
(Тон 3). Мукамі Тваімі, Хрысьце, Ты зацямніў
сонца, а зьзяньнем уваскрасеньня Твайго Ты прасьвятліў усё. Прымі нашу вячэрнюю
песьню, Чалавекалюбча. Далей велікодныя песьні з іхнімі
прысьпевамі.
Верш: Хай уваскрэсьне Бог і разьбягуцца ворагі
Яго, і хай уцякуць ад Яго ўсе ненавісьнікі Яго.
Пасха сьветлая нам сёньня зьявілася, Пасха новая, сьвятая,
Пасха тайная, Пасха ўсяслаўная, Пасха – Хрыстос Збавіцель, Пасха чыстая, Пасха
вялікая, Пасха верных, Пасха, што дзьверы райскія нам адчыняе, Пасха –
асьвячэньне ўсіх верных.
Верш: Хай зьнікнуць так, як зьнікае дым, і як тае
воск ад агню.
Ідзеце, жанчыны-дабравесьніцы, і, што бачылі, Сыёну скажыце:
Прымі ад нас радасную вестку пра ўваскрасеньне Хрыстовае; весяліся, сьвяткуй і
радуйся, Ерусаліме, бачачы Ўладара Хрыста, які, быццам жаніх, з магілы
выходзіць.
Верш: Так хай згінуць грэшнікі ад аблічча Божага,
а праведнікі хай узрадуюцца.
Жанчыны-міраносіцы, што прыйшлі на досьвітку да магілы
Жыцьцядаўца, знайшлі анёла, які сядзеў на камені, і той абвясьціў ім, кажучы:
Чаму шукаеце Жывога сярод мёртвых, чаму плачаце па Несьмяротным, быццам Ён
сьмяротны? Ідзеце, занясіце добрую вестку вучням Яго.
Верш: Вось дзень, што Госпад стварыў, дзень
радасьці і вясельля для ўсіх нас.
Пасха красная, Пасха Гасподняя, Пасха; Пасха ўсяслаўная
сёньня зазьзяла нам. Пасха – радасна адзін аднаго абдымем! О, Пасха –
вызваленьне ад суму, бо сёньня з магілы, быццам з хораму, зазьзяў Хрыстос, і
жанчынаў напоўніў радасьцю, кажучы ім: Нясеце добрую вестку апосталам.
Слава...
(Тон 8). У прысенку Саламонавым ляжала шмат
нядужых. І вось, калі настала палова сьвята, знайшоў там Хрыстос расслабленага,
які ляжаў на ложку сваім ужо трыццаць восем гадоў, і ўладарным голасам спытаў
яго: "Ці хочаш быць здаровым?" Расслаблены адказаў: "Госпадзе, ня маю чалавека,
які б мяне занёс да сажалкі, калі заварушыцца вада". Тады Ён кажа яму: "Вазьмі
свой ложак і хадзі. Цяпер ты здаровы, дык больш не грашы!" Малітвамі
Багародзіцы, Госпадзе, дай і нам багацьце зьмілаваньня Твайго.
Цяпер...
Уваскрасеньня дзень! Прасьвятлімся ўрачыстасьцю і адзін
аднаго абдымем; скажам "Браты" і тым, што ненавідзяць нас, прабачыўшы ўсё дзеля
ўваскрасеньня; і ўсклікнем вось так: Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць
зваяваў, і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў.
Адпушчальныя трапары
Трапар нядзельны (тон 3).
Хай весяліцца неба, хай радуецца зямля, бо Госпад паказаў моц рукі сваёй,
сьмерцю зьнішчыўшы сьмерць. Ён, першынец з мёртвых, выбавіў нас з пякельнай
бездані і дараваў сьвету багацьце свайго зьмілаваньня.
Слава... цяпер...
Багародзічны (тон 3).
Цябе, Хадайніцу за збаўленьне наша, славім, Багародзіца Дзева, бо целам, якое Ён
узяў ад цябе, Сын Твой і Бог наш на крыжы пацярпеў і, як чалавекалюбны, ад
тленнасьці выбавіў нас. |