Служба нядзельная трэцяга тону.
Евангельле ўваскроснае чацьвертае.
Каноны
Каноны Велікодны (гл. ютрань Вялікадня), уваскросны 3 тону і
расслабленага (дзевятая песьня).
Пасьля 3 песьні: Кандак і ікас вялікодныя (гл. ютрань
Вялікадня), а таксама наступныя сядальныя:
(Тон 3). Адно слова Сусьветнага Слова, што
зьявілася на зямлі дзеля чалавекалюбства, ацаліла расслабленага. Ён узяў свой
ложак і пайшоў. Кніжнікі не маглі цярпець таго, што здарылася, і напоўніліся
зайздрасьцю, што расслабляе душы.
Слава... цяпер...: Красе дзявоцтва і сьветлай чысьціні
Тваёй, Багародзіца, Габрыель зьдзівіўся і ўсклікнуў: "Якую дастойную пахвалу
прынясу Табе, як Цябе назаву? Ня ведаю і жахаюся і, як мне было загадана, клічу:
Радуйся, Поўная ласкі!"
Пасьля шостай песьні:
Кандак расслабленага (тон
3). Душу маю, Госпадзе, дашчэнту зьнясіленую ўсялякімі грахамі і
благімі ўчынкамі, узьнімі Тваім Боскім заступніцтвам, як Ты некалі ўзьняў
расслабленага; каб я, будучы збаўленым, мог усклікнуць Табе: Слава, міласэрны
Хрысьце, уладзе Тваёй!
Ікас. Ісусе Божа наш, што ў руцэ сваёй трымаеш
увесь сусьвет, Ты суспрадвечны з Айцом, і разам з Духам Сьвятым кіруеш усім.
Зьявіўшыся ў целе, Ты ацаляў немачы і сунімаў страсьці. Ты вярнуў зрок сьляпому
і расслабленага Боскім Тваім словам ацаліў, і загадаў яму ўскласьці свой ложак
на плечы і хадзіць. Дзеля гэтага ўсе мы разам з ім пяём і клічам: "Слава,
міласэрны Хрысьце, уладзе Тваёй!"
На дзевятай песьні "Больш годную пашаны..." не сьпяваецца.
Канон расслабленага.
Песьня 9 (тон 3).
Ірмас. Цябе, што незгаральна зачала Боскі
агонь ва ўлоньні Тваім, Майсей бачыў у кусьце на Сынаі; Даніла бачыў Цябе як
скалу нерукасечную, а Ісая – як парастак з кораня Давідавага.
Узьнесены на Крыж, Ты, Ісусе, узьняў нас з сабою; пакладзены
ў магілу, Ты ўваскрасіў усіх памерлых, якія славяць Тваю бязьмежную ўладу і
непераможную сілу.
Ты, Слова, выйшаў з магілы ва ўсёй красе Тваёй, быццам жаніх
з вясельнага хораму. Ты зьнішчыў цемру апраметнай і вызваліў зьняволеных у ёй; і
яны аднадушна ўсклікнулі: "Слава сіле Тваёй, слава ўваскрасеньню Твайму, Ісусе
Божа наш!"
Несучы духмяныя алейкі, з плачам і ўздыханьнямі прыйшлі
жанчыны да ўсесьвятой магілы і пачулі пра слаўнае ўваскрасеньне Хрыстова, якое
мы, верныя, сьвяткуем з радасьцю ў сэрцах нашых.
Здароўе цялеснае прыйшло ўсьлед за загадам Тваім, Хрысьце, і
вось расслаблены ўстаў, узяў на плечы ложак свой, на якім ён ляжаў праз доўгія
гады, і ўславіў у песьні магутнасьць Тваю.
Слава...: З вялікай пабожнасьцю слаўлю Цябе, Сьветласьць
і Сьветласьці, Жыцьцё і Жыцьці, – Ойча, Слова, і Духу Сьвяты, – патройная
асобамі Еднасьць, неразьдзельная Дзяржава, нязьлітнае Боства; і разам з
анельскімі сіламі клічу: "Сьвяты, сьвяты, сьвяты!"
Цяпер...: Хрыстос, Вялікае Сонца, выйшаў са сьветлага
ўлоньня Твайго, Усячыстая, прасьвятліў сьвет зьзяньнем Сваім і разагнаў цемру
грахоўную. Таму славім Цябе, Боганявеста, як крыніцу ўсіх дабротаў.
Экзапастыляр. Вялікодны.
Целам заснуўшы як мёртвы, Уладару і Госпадзе, на трэці дзень Ты ўваскрос і Адама
ад тленнасьці ўзьняў, перамогшы сьмерць. Пасха нятленная, сьвету збаўленьне!
Слава... цяпер...
Расслабленага (тон 3).
Чалавекалюбны і ўсядобры Госпад прыйшоў да Авечай сажалкі, каб аздаравіць
немачы. Ён знайшоў чалавека, які ляжаў шмат гадоў, і ўсклікнуў яму: "Вазьмі свой
ложак, устань і хадзі правым шляхам!"
Пахвальныя псалмы
нядзельныя трэцяга тону.
Слава...: (Тон 8). Не
вада сажалкі ацаліла расслабленага, але слова Тваё, Госпадзе, абнавіла яго.
Шматгадовая хвароба не была перашкодаю для сілы Тваёй: голас Твой быў мацнейшы
за яе. Чалавек адкінуў ад сябе невыносны цяжар хваробы і ўскінуў на плечы свой
ложак на сьведчаньне аб Тваёй бязьмежнай спагадзе. Слава Табе!
Цяпер...: Найблаславёная Ты... |