На "Госпадзе, Цябе клічу..." наступныя
песьні, паўтараючы кожную:
(Тон 4). Настала сярэдзіна дзён між збавенным
Уваскрасеньнем і Боскай Сёмухай. Прасьветленая зьзяньнем абодвух сьвятаў, яна
злучае іх у адно і аб'яўляе славу Гасподняга ўзьнясеньня.
Сыён пачуў вестку пра ўваскрасеньне Хрыстова і ўзрадаваўся, а
верныя сыны ягоныя ўсьцешыліся, калі ўбачылі, як агіда хрыстазабойства
абмываецца Духам. Усё стварэньне рыхтуецца ўрачыста сьвяткаваць радаснае
перапалаўленьне двух сьвятаў.
Набліжаецца, як напісана, шчодрае выліцьцё Боскага Духа на
ўсіх, і сёньняшні дзень прадвяшчае спаўненьне абяцаньня, якое даў Хрыстос вучням
сваім, калі пасьля сьмерці, пахаваньня і ўваскрасеньня свайго, абвясьціў ім
прыйсьце Пацяшыцеля.
Слава... цяпер...
(Тон 6). Сабраўшыся, каб адзначыць сярэдзіну дзён
між Тваім, Хрысьце, уваскрасеньнем і прыйсьцем Духа Боскага Твайго, славім у
песьнях таямніцу цудаў Тваіх і просім паслаць нам багацьце Твайго зьмілаваньня.
Чытаньне кнігі прарока Міхея
Так кажа Госпад: "З Сыёну выйдзе закон, і слова Гасподняе з
Ерусаліму; і будзе судзіць многіх людзей, і асуджаць магутныя народы далёкія".
Бо ўсе людзі пойдуць, кожны сваёй дарогаю, а мы пойдзем у імя Госпада Бога
нашага сёньня і давеку. Так кажа Госпад Усемагутны: "Пачуйце, горы, суд
Гасподні, і слухайце пільна, асновы зямлі, бо вось Госпад будзе судзіцца з
народам сваім, Ён будзе абвінавачваць Ізраіля, кажучы: Народзе мой, што Я табе
ўчыніў, чым Я цябе засмуціў? Адкажы мне! Я ж вывеў цябе з зямлі ягіпскай, з дому
няволі Я вызваліў цябе; і паслаў перад абліччам тваім Майсея і Аарона, і Марыям.
Народзе мой, прыгадай, як раіліся супраць цябе ворагі твае. Хто абвясьціў табе?"
Абвешчана было табе, чалавеча, добрае. Чаго ж жадае ад цябе Госпад, як не таго,
каб ты чыніў справядлівасьць і любіў міласэрнасьць, і быў заўсёды пакорны перад
Богам тваім? Бо Госпад узьвялічыцца ў магутансьці сваёй, і будзе пасьвіць статак
свой у супакоі, аж да сканчэньня зямлі.
(4:2-3,5;6:2-5,8)
Чытаньне кнігі прарока Ісаі
Усе сасьмяглыя, прыходзьце да вады; прыходзьце – нават калі
ня маеце чым заплаціць, – купляць віно і малако. Бо так кажа Госпад Усемагутны:
"Людзі мае, чэрпайце з весялосьцю ваду з крыніцы збаўленьня". І скажаш у той
дзень: "Сьпявайце Госпаду, гукайце імя Яго, абвяшчайце сярод усіх народаў славу
Яго, успамінайце вялікае імя Яго". Людзі мае, паслухайце Мяне, і будзеце
спажываць прысмакі, і душа ваша насыціцца дабром. Прыхіліце вушы вашыя і ідзеце
па маім шляху, паслухайце Мяне, і душа ваша жыць будзе ў дабрабыце; і Я дам вам
вечны запавет, калі вы паклічаце Мяне і захочаце наблізіцца да Мяне. Няхай
нязбожны пакіне свой шлях, і чалавек беззаконны адмовіцца ад сваіх намераў і
навернецца да Мяне, і Я зьмілуюся над ім і ачышчу грахі яго. Бо думкі Мае не
такія, як думкі вашыя, і шляхі вашыя не такія, як шляхі Мае, – кажа Госпад.– І
так як неба вышэй за зямлю, так шлях мой далёкі ад шляху вашага, і думкі вашы ад
думак маіх. І так як дождж або сьнег, што зыходзіць з неба на зямлю і не
вяртаецца назад, пакуль не напоіць зямлю, ня зробіць яе пладавітаю, і не
запэўніць ураджаю, каб прынесьці насеньне сейбіту і хлеб чалавеку: так і слова,
што выходзіць з вуснаў Маіх, не вернецца да Мяне бясплодным перш як асягне тое,
што Я хацеў, і выканае пасьпяхова сваё пасланство. Дык выходзьце вясёлыя, хай
вас вядуць у супакоі: горы і ўзгоркі будуць перад вамі радасна скакаць, і дрэвы
польныя махаць галінкамі сваімі. Замест пустазельля вырастуць кіпарысы, замест
крапівы – мірт. Будзе гэта на хвалу Гасподнюю, як вечны і незьнішчальны помнік".
Так кажа Госпад Усемагутны. (55:1-3;6-13)
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Мудрасьць збудавала сабе дом і вычасала сем стаўпоў да яго.
Забіла свае ахвяры, зьмяшала віно сваё і прыгатавала стол. Паслала слуг сваіх
клікаць моцным голасам на пачастунак, кажучы: "Хто прастадушны, хай прыходзіць
да мяне". А тым, што жадалі мудрасьці, казала: "Хадзеце, ешце мой хлеб, піце
віно, якое я зьмяшала; пакіньце дурасьць – і будзеце жыць; хадзіце шляхамі
разважнасьці". Хто жадае навучаць насьмешніка, накліча на галаву сваю няславу; а
хто дакарае грэшніка, сам сабе шкодзіць. Не дакарай насьмешніка, бо ён цябе
ўзьненавідзіць. Папраў мудрага і ён цябе любіць будзе. Дай мудраму раду, і ён
стане мудрэйшым. Навучы праведніка, і ён пабольшыць веды свае. Пачатак мудрасьці
– страх Гасподні; і спазнаваньне Сьвятога – розум. Дзякуючы мне дні твае
прадоўжацца, і памножыцца лік гадоў тваіх. (9:1-11)
Вершапесьні
(Тон 1). Калі настала палова дзён Сёмухі,
Хрыстос паказаў боскую сілу сваю: Ён ацаліў словам сваім расслабленага і ўзьняў
яго з ягонай пасьцелі. Будучы ў людзкім целе, Ён боскім спосабам цуды рабіў і
даваў людзям вечнае жыцьцё і багацьце свайго зьмілаваньня.
Верш. Успомні народ Твой, які Ты ад пачатку
прызначыў для сябе
У палове сьвята, Ты, Мудрасьць Божая, прыйшоў у сьвятыню, дзе
навучаў і выкрываў непакорлівых фарысэяў і кніжнікаў, і казаў усім: "Хто мае
смагу, хай прыходзіць да Мяне і п'е жывую ваду, каб ня мець больш смагі давеку;
хто верыць у Маю дабрыню, у таго з улоньня пацякуць струмені жыцьця вечнага".
Слава велічы дабрыні і спагадлівасьці Тваёй, Хрысьце Божа наш!
Верш. Бог – Уладар наш спрадвеку, Ён учыніў
збаўленьне пасярод зямлі.
(Тон 2). Калі настала палова сьвята, прыйшоў Ісус
у сьвятыню і вучыў непакорлівых людзей, кажучы: "Хто мае смагу, хай прыходзіць
да мяне, і п'е ваду жывую вечную, і ён не будзе мець смагі давеку. Рэкі пацякуць
з улоньня таго, хто верыць у Мяне, і ён будзе мець сьвятло жыцьця".
Слава... цяпер...
(Тон 8). У палове сьвятых дзён, калі Ты,
Збавіцелю, навучаў, юдэі казалі між сабою: "Як гэта Ён ведае пісаньні, не
вучыўшыся?" Не разумелі яны, што Ты – Мудрасьць, якою сьвет быў створаны. Слава
Табе!
Адпушчальны трапар
(Тон 8). У палове сьвята сасьмяглую душу
маю вадою набожнасьці напаі, Збавіцелю, бо Ты ж некалі ўсклікнуў да ўсіх: "Хто
мае смагу, хай прыходзіць да Мяне і п'е". Крыніца жыцьця нашага, Хрысьце Божа,
слава Табе. |