Трапар: (Тон 8). У палове сьвята сасьмяглую душу
маю вадою набожнасьці напаі, Збавіцелю, бо Ты ж некалі ўсклікнуў да ўсіх: "Хто
мае смагу, хай прыходзіць да Мяне і п'е". Крыніца жыцьця нашага, Хрысьце Божа,
слава Табе.
Сядальная песьня 1 (тон
4). Той, хто ведае думкі сэрцаў усіх, у палове дзён сьвята стаяў у
сьвятыні і казаў праўду непраўдзівым: "Чаму хочаце забіць мяне, Жыцьцядаўцу?" І
сьмела ўсклікнуў: "Не судзіце, гледзячы на твары, законапраступнікі!"
(Двойчы)
Сядальная песьня 2 (тон
5). Калі надышла палова пачэснае Сёмухі, Уладар усіх, стоячы ў
сьвятыні, размаўляў з гэбрэямі. Як Госпад усіх і Бог, Ён яўна выкрываў
дзёрзкасьць іхніх сэрцаў. А нам усім у дабрыні сваёй Ён дае веліч зьмілаваньня.
(Двойчы)
Канон (тон 4)
Песьня 1. Ірмас. Глыбіню Чырвонага мора
Ізраіль некалі перайшоў, не замачыўшы ног; і, калі Майсей трымаў крыжападобна
рукі, сілу Амалека ў пустыні перамог.
Песьня 3. Ірмас. Весяліцца ў Табе, Хрысьце,
Царква Твая, усклікаючы: "Ты мая сіла, Госпадзе, і прыстанішча, і ўмацаваньне".
Сядальная песьня (тон 8).
Калі настала палова сьвята, Ты, Госпадзе, стаўшы ў сьвятыні, клікаў: "Хто
сьмягне, хай прыходзіць да мяне і п'е. Струмені навукі Маёй пацякуць для тых,
хто п'е гэтую Маю Боскую ваду; а хто верыць, што Я пасланы праз майго Боскага
Айца, будзе праслаўлены разам са Мною". Дзеля гэтага ўсклікаем Табе: "Слава
Табе, Хрысьце Божа, бо ты шчодра праліў воды Твайго чалавекалюбства слугам
Тваім".
Слава... цяпер...
Ты, Збавіцелю ўсіх, праліваеш сьвету ваду мудрасьці і жыцьця,
клічаш усіх зачэрпнуць вады збаўленьня. Чалавек, які прымае ў сябе Боскі закон,
гасіць вугольле спакусы і давеку ня будзе смягнуць, і не перастане насычацца
стравамі Тваімі, Уладару Госпадзе нябесны. Дзеля гэтага славім дзяржаву Тваю,
Хрысьце Божа, і просім даць адпушчэньне правінаў слугам Тваім.
Песьня 4. Ірмас.
Убачыўшы Цябе, Сонца справядлівасьці, узьнесеным на крыжы, Царква, стаўшы з
належнай пашанаю, усклікнула: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"
Песьня 5. Ірмас. Ты, Госпадзе мой, –
сьвятло, што прыйшло на сьвет; Ты – сьвятое сьвятло, якое навяртае з цемры
няведаньня тых, што з вераю славяць у песьнях Цябе.
Песьня 6. Ірмас. "Прынясу Табе, Госпадзе,
ахвяру хвалы, – Царква ўсклікае, – ачысьціўшыся ад бесаўскае крыві крывёю, што
пацякла з боку Твайго дзеля міласэрнасьці Тваёй".
Кандак (тон 4).
Калі настала палова законнага сьвята, Ты, Творча ўсяго і Ўладару, Хрысьце
Божа, сказаў прысутным: "Хадзіце, зачэрпніце вады несьмяротнасьці". Таму вось і
мы прыходзім да Цябе і даверліва клічам: "Даброты Твае даруй нам, бо Ты –
Крыніца жыцьця нашага".
Ікас. Аледзянелую беззаконнымі правінамі душу маю
напаі струменямі крыві Тваёй і зрабі плённай у дабрадзейнасьці. Ты ж сказаў усім
прыходзіць да Цябе, Усесьвятое Слова Божае, і чэрпаць жывую ваду нятленнасьці,
якая ачышчае грахі тым, што славяць Тваё слаўнае і боскае ўстаньне. Ты, Добры,
даеш вучням Тваім, якія вызнаюць Цябе як Бога, сілу Духа, што зыходзіць з
вышыні, бо Ты – крыніца жыцьця нашага.
Песьня 7. Ірмас.
У печы хальдэйскай юнакі Абрагамавы, апаленыя любоўю набожнасьці, а ня
полымем, усклікалі: "Блаславёны Ты ў сьвятыні славы Тваёй, Госпадзе".
Песьня 8. Ірмас. Распасьцёршы рукі, Даніла
заткнуў пашчы львоў; а рупліўцы набожнасьці, юнакі, сілу агню пагасілі.
Падперазаўшыся дабрадзейнасьцю, яны клікалі: "Блаславіце Госпада, усе творы
Гасподнія!"
"Больш годную пашаны..." не сьпяваецца.
Песьня 9. Ірмас. Ад Цябе, Дзева, Гара
непарушная, адкалоўся нерукасечны вуглавы Камень – Хрыстос, які злучыў у сабе
дзьве прыроды. Дзеля гэтага, радуючыся, Цябе, Багародзіца, узьвялічваем.
Навучыўшыся ад Хрыста жыць па-новаму ў чысьціні, пастараемся
захаваць яе да канца, каб сустрэць прыйсце Сьвятога Духа.
Ты, Жыцьцядаймы, пакрыў маю сьмяротную прыроду
несьмяротнасьцю, і тленнасьць Ты, Збавіцелю, атуліў ласкаю і ўваскрасіў з сабою,
і прывёў да Айца, суняўшы мае дачасныя цярпеньні.
Мы зноў пакліканыя да нябеснага жыцьця заступніцтвам Таго,
хто панізіў сябе аж да выгляду слугі, каб нас узьняць. Дзеля гэтага славім Яго.
Слава... цяпер...: Мы пазналі Цябе, Дзева, як корань,
крыніцу і прычыну нятленнасьці. Таму ўсе верныя з пашанаю хваляць Цябе, бо Ты
нарадзіла нам Хрыста – увасабленьне несьмяротнасьці.
Катавасія. Чужое маткам дзявоцтва, нечуванае сярод
дзеваў дзетараджэньне: у Табе ж, Багародзіца, абедьве рэчы сумясьціліся. За тое
Цябе ўсе плямёны зямныя няспынна ўзьвялічваюць.
Экзапастыляр. У Цябе, Добрасардчны і адзіны Шчодры,
невычэрпная чаша дараў; дык дай нам, сасьмяглым, зачарпнуць з яе вады для
адпушчэньня грахоў.
Пахвальныя псалмы
(Тон 4). Мудрасьць і Сіла, Зьзяньне Айца,
Слова спрадвечнае і Сын Божы прыйшоў цялесна ў сьвятыню і навучаў жорсткіх і
няўдзячных людзей. Яны дзівіліся багацьцю Ягонай мудрасьці і казалі: "Адкуль Ён,
нідзе не вучыўшыся, ведае Пісаньні?" (Двойчы)
Госпад Мэсыя закрываў вусны кніжнікам, і выкрываў гэбрэяў,
кажучы ім: "Не судзіце неправедна і не глядзіце на абліччы, законапраступнікі! Я
ў суботу ацаліў расслабленага, бо Я – Госпад суботы і Закону. Чаму хочаце забіць
мяне за тое, што Я памёрлых уваскрасіў?"
Няўдзячны і жорсткі народ беззаконны пабіў каменьнем Набутэя,
Ісаю расьпілаваў, укінуў у гнойную яму мудрага Ярэму, а Госпада ўзьнёс на Крыж з
крыкам: "Ты, што разбураеш сьвятыню, збаў сябе, і мы паверым".
Слава... цяпер...
Прасьвятліўшыся, браты, уваскрасеньнем Хрыста Збаўцы, і
дажыўшы да паловы Гасподняга сьвята, верна захаваем Боскія запаветы, каб нам
годна адсьвяткаваць Узьнясеньне і сустрэць прыйсьце Сьвятога Духа. |