На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 4). Разбурыўшы дзяржаву сьмерці, Ты, Хрысьце,
сьмерцю Тваёю людзям жыцьцё дараваў, і слаўным уваскрасеньнем у спагадлівасьці
Тваёй узьняў род людзкі. Дзеля гэтага пяем Табе песьню хвалы і ўдзячнасьці,
сьвяткуючы сьвята трохдзённага сьветлага ўваскрасеньня Твайго, палова якога
сёньня мінула, Ісусе Жыцьцядаўча, Збавіцелю душ нашых.
Перад Тваім пачэснынм Крыжам і мукамі, Ты, Хрысьце
ўсемагутны, чыніў слаўныя цуды сярод людзей і, як напісана, у палове законнага
сьвята стаў і ўсклікнуў, каб усе чулі: "Хто мае смагу, хай прыходзіць свабодна
да мяне і чэрпае пітво боскае, ваду жывую. Я даю ўсім ваду жыцьця і сілу
мудрасьці, у чалавекалюбстве маім дабравольна ўпадобніўшыся да людзей".
У бязьмежным чалавекалюбстве Тваім, шматміласэрны Хрысьце,
перад Тваімі мукамі, калі Ты як Бог захацеў дабравольна пацярпець, Ты паказаў
людзям мноства цудаў; і цяпер мяне, які ляжу, зьняможаны і аслаблены правінамі,
узьнімі, як некалі расслабленага, і накіруй на шлях боскіх запаветаў Тваіх.
Тры песьні з мінеі.
Слава... цяпер...
(Тон 2). Калі Ты, Хрысьце Божа, прыйшоў у палове
сьвята ў сьвятыню, тады Ты навучаў людзей, кажучы: "Хто верыць у Мяне, калі і
памрэ, жыць будзе". А гэбрэі з фарысэямі, садукеямі і кніжнікамі, поўныя
злосьці, казалі: "Хто гэты блюзьнерца?". Не разумелі яны, што Ты вечна існуеш,
роўны славаю Айцу і Духу: Божа наш, слава Табе.
Вершапесьні
(Тон 3). Мукамі Тваімі, Хрысьце, Ты зацьміў сонца,
і зьзяньнем уваскрасеньня Твайго Ты прасьвятліў усё. Прымі нашу малітву,
Чалавекалюбча.
Па ўсёй зямлі разышлося ваша навучаньне, сьвятыя апосталы; вы
разбурылі ідальскую спакусу багаразумным прапаведаньнем; добры высілак ваш,
блаславёныя, дзеля гэтага славім і ўсхваляем вашу памяць.
Мучанікі Твае, Госпадзе, вераю ўмацаваныя, надзеяю
падтрымліваныя і зьяднаныя любоўю да Крыжа, мучыцеля ворага зьніштожылі і,
атрымаўшы вянцы перамогі, з бесьцялеснымі анёламі моляцца за душы нашы.
Слава... цяпер...
(Тон 3). У палове сьвята славім Таго, хто ўчыніў
збаўленьне пасярод зямлі. Паміж двух злачынцаў Жыцьцё на дрэве вісела,
адказваючы маўчаньнем на блюзьнерствы аднаго, а другому, які ўверыў, сказаўшы:
"Сёньня яшчэ будзеш са Мною ў раі". Зышоўшы ў магілу, Ён паланіў пекла і
ўваскрос на трэці дзень для збаўленьня душ нашых.
Адпушчальныя трапары.
Сьвятога дня
Слава... цяпер...
Трапар Паловы сьвята (тон 8). У палове сьвята
сасьмяглую душу маю вадою набожнасьці напаі, Збавіцелю, бо Ты ж некалі ўсклікнуў
да ўсіх: "Хто мае смагу, хай прыходзіць да Мяне і п'е". Крыніца жыцьця нашага,
Хрысьце Божа, слава Табе. |