На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 5). Вось прыйшла, быццам сьветлы поўдзень,
палова сьвята ўваскрасеньня Збавіцеля і прасьвятліла сьвет боскімі ласкамі
Хрыстовага ўстаньня, зьзяючы цудамі нятленнасьці, і дзівоснымі знакамі. Яна
паказвае нам вышыню ўзьнясеньня, аб'яўляе шматзначнае прыйсьце Духа – сьветлую
ўрачыстасьць Сёмухі, – і прыносіць душам нашым веліч зьмілаваньня.
У палове сьвята Госпад дае ўсім струмені добрасардэчнасьці і
кліча: "Хто мае смагу, хай прыходзіць да Мяне і п'е ўдосталь". Як Крыніца
спагадлівасьці і Бездань міласэрнасьці, Ён дае сьвету адпушчэньне, абмывае
правіны і ачышчае немачы, збаўляе тых, што славяць Ягонае ўваскрасеньне,
пакрывае любоўю тых, што шануюць Ягонае слаўнае ўзьнясеньне, і дае душам нашым
супакой і веліч зьмілаваньня.
Бог і Госпад стаў сярод сьвятыні – Бог існы, які дзеля нас
стаўся чалавекам і бачна зьявіўся ў целе. Ён навучаў усіх словам жыцьця, кажучы:
"Ачысьціце, людзі, душы вашыя і жар пажадлівасьцяў астудзіце, каб не застацца
вам без пітва. Даю вам Боскую ласку, каб вы сталіся саўдзельнікамі
несьмяротнага, лепшага і вышэйшага валадарства, і са Мною праславіліся.
Тры песьні з мінеі
Слава... цяпер...
(Тон 6). Сабраўшыся, каб адзначыць сярэдзіну дзён
між Тваім, Хрысьце, уваскрасеньнем і прыйсьцем Духа Боскага Твайго, славім у
песьнях таямніцу цудаў Тваіх і просім паслаць нам багацьце Твайго зьмілаваньня.
Вершапесьні
(Тон 3). Дрэва непаслушэнства прарасьціла сьвету
сьмерць, а дрэва крыжовае – жыцьцё і нятленасьць. Дзеля гэтага пакланяемся Табе,
Хрысьце, што быў расьпяты на ім: хай зазьзяе нам, Госпадзе, сьвятло аблічча
Твайго.
Крыжом Тваім, Хрысьце Спасе, сьмерці ўлада зьнішчаная была і
зьніштожаныя хітрасьці д'ябальскія, і род людзкі, збаўляючыся вераю, безустанку
Цябе ў песьнях славіць.
Вялікая, Госпадзе, сіла крыжа Твайго! Пастаўлены на адным
месцы, ён дзейнічае ва ўсім сьвеце, робячы рыбакоў апосталамі і паганаў
мучанікамі, якія сёньня моляцца за душы нашы.
Слава... цяпер...
(Тон 8). У палове сьвята, перад мукамі і слаўным
уваскрасеньнем Тваім, Госпадзе, Ты, блаславёны, быў у сьвятыні і навучаў
непакорлівых юдэяў, фарысэяў і кніжнікаў, кажучы: "Хто мае смагу, хай прыходзіць
да мяне і п'е, бо рэкі жывой вады Боскага Духа пацякуць з нутра таго, хто верыць
у Мяне". Невыказная мудрасьць хвалы Тваёй, Божа наш, які ўсё напаўняеш! Слава
Табе!
Адпушчальныя трапары.
Сьвятога дня
Слава... цяпер...
Трапар Паловы сьвята (тон 8). У палове сьвята
сасьмяглую душу маю вадою набожнасьці напаі, Збавіцелю, бо Ты ж некалі ўсклікнуў
да ўсіх: "Хто мае смагу, хай прыходзіць да Мяне і п'е". Крыніца жыцьця нашага,
Хрысьце Божа, слава Табе. |