Трапары як на вячэрні.
Служба нядзельная 4 тону. Евангельле ранішняе нядзельнае 7.
Каноны вялікодны і Самаранкі.
Пасьля 3-й песьні
Кандак Велікодны (тон 8). Хоць Ты, Несьмяротны, і
зышоў у магілу, Ты зьнішчыў пекла ўладу і ўваскрос пераможна, Хрысьце Божа,
жанчынам міраносіцам кажучы "Радуйцеся", і Тваім апосталам супакой даруючы, Ты,
што даеш памёрлым уваскрасеньне.
Ікас. Устаўшы да сьвітаньня, жанчыны выйшлі
шукаць, быццам дня, Сонца, што было раней за сонца і зайшло ў магілу, і казалі
адна адной: "Хадзем, сяброўкі, памажам духмянымі алейкамі ў магіле жыцьцядайнае
цела Таго, хто ўваскрасіў памёрлага Адама; пойдзем хутка і, як некалі мудрацы,
прынясем у дар духмянае міра Таму, хто ляжыць, спавіты не ў пялёны, але ў
пахавальнае палатно; заплачам і ўсклікнем: Устань, Уладару, Ты, што даеш
памёрлым уваскрасеньне!"
Кандак і ікас Паловы сьвята.
Кандак. Калі настала палова законнага сьвята...
(гл. службу Паловы свьята)
Ікас. Аледзянелую беззаконнымі правінамі...
Сядальная песьня Самаранкі
(тон 4). Хай радуецца неба, хай цешыцца зямля,
бо Хрыстос нарадзіўся як чалавек ад Дзевы і сьмерцю сваёю выбавіў род людзкі ад
тленнасьці, і зазьзяў цудамі. Жанчыне самаранцы, што прасіла вады, Ён, адзіны
несьмяротны, крынічыць аздараўленьне.
Слава... цяпер...
Мудрасьці Падаўча і Ўладару, у часе законнага сьвята, Ты
сядзеў у сьвятыні і навучаў усіх, кажучы: "Прыходзьце ўсе, хто мае смагу, піце
ваду, якую Я даю, і пакаштуйце слодычы Боскага жыцьця".
Пасьля 3-й песьні
Кандак Самаранкі (тон 8).
Прыйшоўшы з вераю да калодзежа, самаранка ўбачыла Цябе, мудрасьці Крыніцу, і
напіўшыся з яе ўдосталь, атрымала ў спадчыну вечнае валадарства і непрамінальную
славу.
Ікас. Паслухайма пачэснае тайны, што здарылася ў
Самарыі, якой навучае нас Ян: як Госпад размаўляў з жанчынаю і прасіў вады Той,
хто сабраў усе воды ў адно, аднапасадны з Айцом і Духам, што прыйшоў, каб
знайсьці заняпалы вобраз свой, вечна і заўсёды Слаўны.
"Больш годную пашаны за хэрувімаў..." не сьпяваецца.
Песьня 9
Канон Самаранкі (тон 4).
Ірмас. Бог Ізраіля паказаў моц рукі сваёй, скінуў магутных з пасаду і
ўзьнёс пакорных. Сьвітанак з вышыняў наведаў нас і накіраваў нас на шлях міру.
Вось Жыцьцё ўсіх, Хрыстос, дабравольна павешаны на дрэве.
Убачыўшы гэта, зямля затрэслася, і шмат памёрлых сьвятых устала на вачох усіх, і
пякельная вязьніца пахіснулася.
Ты, Хрысьце, выйшаў з магілы ва ўсёй красе сваёй, быццам
жаніх з вясельнага хораму, і разбурыў няволю, скрышыў брамы пекла сілаю Боскаю і
духоўным зьзяньнем устаньня Твайго прасьвятліў сьвет.
Складзем сёньня духоўны хор, каб засьпяваць "Госпад
уваскрос!" Хай радуецца зямля, неба хай весяліцца, хай хмары дадуць дождж
праведнасьці нам, якія сьветла сьвяткуем і ўзьвялічваем Хрыста.
Госпад – жыцьцё жывых і крыніца дабра, шчодра точыць ваду
навучаньня свайго і кажа жанчыне: "Дай мне напіцца вады, каб мне даць табе ваду,
што сушыць крыніцы грахоў тваіх".
Слава...: Сьвятло адзінае непадзельнае, трохсонечную
Еднасьць, беспачатнага Айца, Сына і Духа, адзінае Боства, жыцьцё і Творцу ўсіх
тройчы сьвятымі песьнямі разам з бесьцялеснымі сіламі праслаўляем.
Цяпер...: Прасьвятлі, Чыстая, што сталася жыльлём
Сьвятла, зрэнкі сэрца майго, азмрочаныя подступамі ворага, і зрабі мяне годным
бачыць чыстым сэрцам Сьвятло, што, вышэй за ўсякі розум, зазьзяла ад Цябе.
Катавасія. Сьвяціся, сьвяціся, Новы Ерусаліме, бо
слава Гасподняя зазьзяла над табой. Радуйся сёньня і весяліся, Сыёне. Ты ж,
Чыстая, красуйся, Багародзіца, бо Той, каго Ты нарадзіла, з мёртвых устаў.
Екзапастыляр. Целам заснуўшы як мёртвы, Уладару і
Госпадзе, на трэці дзень Ты ўваскрос і Адама ад тленнасьці ўзьняў, перамогшы
сьмерць. Пасха нятленная, сьвету збаўленьне!
Слава...: Ты, Усемагутны Спасе, які габрэям з нясечанага
каменя ваду дастаў, прыйшоў у Самарыю і, сустрэўшы жанчыну, папрасіў у яе
напіцца вады. Ты прывёў яе да веры, і цяпер яна цешыцца ў небе вечным жыцьцём.
Цяпер...: У палове сьвята Ты, Чалавекалюбча, прыйшоў у
сьвятыню і казаў: "Хто мае смагу, хай прыходзіць да мяне і чэрпае ваду жывую і
пажыўную, у якой будзе мець асалоду ласкі і жыцьця несьмяротнага".
Пахвальныя псалмы
Шэсьць нядзельных песьняў 4 тону і наступныя Самаранкі:
Верш. Падрыхтуйся і ідзі ўперад пераможна дзеля
праўды, набожнасьці і справядлівасьці.
(Тон 3). Хай сёньня сьветла цешыцца неба і зямля,
бо Хрыстос, каб збавіць Адама ад першага праклёну, зьявіўся ў целе як чалавек і
праславіўся цудамі. Ён прыйшоў у Самарыю і размаўляў з жанчынаю. Той, хто поіць
хмары вадою, прасіў у яе вады. Дык паклонімся ўсе Таму, хто дабрасардэчным
рашэньнем сваім стаўся ўбогім дзеля нас.
Верш. Ты палюбіў праўду і ўзьненавідзеў
беззаконьне.
(Тон 6). Сказаў Госпад самаранцы: "Калі б ты
ведала дар Божы і хто гэта кажа табе: “Дай мне напіцца вады!”, то ты б сама
прасіла ў яго, і Ён даў бы табе напіцца, каб ты ня мела смагі давеку".
Слава...: (тон 6).
Жыцьцядайная Крыніца, Ісус Збаўца наш прыйшоў да крыніцы патрыярха Якуба і
прасіў у жанчыны-самаранкі даць напіцца вады. Калі ж яна сказала, што гэта не
паводле звычаю юдэяў, мудры Творца ласкавымі словамі прывёў яе да таго, каб яна
прасіла ў Яго вады вечнае. Атрымаўшы, яна пайшла абвясьціць усім, кажучы:
"Хадзіце і гляньце на Таго, хто бачыць усё тайнае – Бога, які прыйшоў у целе,
каб збавіць чалавека".
Цяпер...: Найблаславёная Ты... |