На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Першыя тры песьні з чацьвяргу Паловы сьвята:
(Тон 5). Вось прыйшла, быццам сьветлы поўдзень,
палова сьвята ўваскрасеньня Збавіцеля і прасьвятліла сьвет боскімі ласкамі
Хрыстовага ўстаньня, зьзяючы цудамі нятленнасьці, і дзівоснымі знакамі. Яна
паказвае нам вышыню ўзьнясеньня, аб'яўляе шматзначнае прыйсьце Духа – сьветлую
ўрачыстасьць Сёмухі, – і прыносіць душам нашым веліч зьмілаваньня.
У палове сьвята Госпад дае ўсім струмені добрасардэчнасьці і
кліча: "Хто мае смагу, хай прыходзіць да Мяне і п'е ўдосталь". Як Крыніца
спагадлівасьці і Бездань міласэрнасьці, Ён дае сьвету адпушчэньне, абмывае
правіны і ачышчае немачы, збаўляе тых, што славяць Ягонае ўваскрасеньне,
пакрывае любоўю тых, што шануюць Ягонае слаўнае ўзьнясеньне, і дае душам нашым
супакой і веліч зьмілаваньня.
Бог і Госпад стаў сярод сьвятыні – Бог існы, які дзеля нас
стаўся чалавекам і бачна зьявіўся ў целе. Ён навучаў усіх словам жыцьця, кажучы:
"Ачысьціце, людзі, душы вашыя і жар пажадлівасьцяў астудзіце, каб не застацца
вам без пітва. Даю вам Боскую ласку, каб вы сталіся саўдзельнікамі
несьмяротнага, лепшага і вышэйшага валадарства, і са Мною праславіліся.
Тры песьні з мінеі.
Слава... цяпер...
(Тон 8). У палове сьвята, перад мукамі і слаўным
уваскрасеньнем Тваім, Госпадзе, Ты, блаславёны, быў у сьвятыні і навучаў
непакорлівых юдэяў, фарысэяў і кніжнікаў, кажучы: "Хто мае смагу, хай прыходзіць
да мяне і п'е, бо рэкі жывой вады Боскага Духа пацякуць з нутра таго, хто верыць
у Мяне". Невыказная мудрасьць хвалы Тваёй, Божа наш, які ўсё напаўняеш! Слава
Табе!
Вершапесьні
(Тон 4). Жыцьцядайнаму Крыжу Твайму безустанку
пакланяемся, Хрысьце Божа, і славім трохдзённае ўваскрасеньне, якім Ты,
усясільны, абнавіў людзкую прыроду і, як добры і Чалавекалюбец, адчыніў зноў да
неба ўваход.
Я жадаў сьлязьмі змыць сьляды правінаў маіх, Госпадзе, каб у
далейшым жыцьці дагадзіць Табе пакаяньнем, але вораг спакушае мяне і змагаецца з
душою маёю. Госпадзе, перш чым прыйдзе канец, ня дай мне згінуць, але збаў мяне.
Хрысьце Божа, праслаўлены памяцьцю сьвятых Тваіх, малітвамі
іх пашлі нам веліч зьмілаваньня Твайго.
Слава... цяпер...
(Тон 6). Сабраўшыся, каб адзначыць сярэдзіну дзён
між Тваім, Хрысьце, уваскрасеньнем і прыйсьцем Духа Боскага Твайго, славім у
песьнях таямніцу цудаў Тваіх і просім паслаць нам багацьце Твайго зьмілаваньня.
Адпушчальныя трапары
Адпушчальны трапар сьвятога дня.
Слава... цяпер...
Трапар Паловы сьвята (тон 8). У палове сьвята
сасьмяглую душу маю вадою набожнасьці напаі, Збавіцелю, бо Ты ж некалі ўсклікнуў
да ўсіх: "Хто мае смагу, хай прыходзіць да Мяне і п'е". Крыніца жыцьця нашага,
Хрысьце Божа, слава Табе. |