На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Першыя тры песьні з пятніцы Паловы сьвята:
(Тон 1). Творца ўсіх і Жыцьцядаўца, спрадвечнае
Слова Айца, прыняўшы дабравольна ад Дзевы цела, стаўся чалавекам, і ў дабарыні
сваёй крынічыць невымоўную мудрасьць усім.
Калі настала палова законнага сьвята, Ты, Хрысьце, Уладару
Закону, прыйшоў у сьвятыню і навучаў з уладаю людзей, выкрываючы кніжнікаў на
аснове пісаньняў, і зьдзіўляючы ўсіх мудрасьцю слоў Тваіх і цудоўнымі знакамі.
Падаўца мудрасьці і ўсяго добрага вылівае Боскія струмені з
вечнай крыніцы і кліча: "Прыйдзіце да Мяне ўсе, што маеце смагу, зачарпніце
вады, і рэкі боскіх дараваньняў з улоньня вашага пацякуць".
Тры песьні з мінеі.
Слава... цяпер...
(Тон 2). Калі Ты, Хрысьце Божа, прыйшоў у палове
сьвята ў сьвятыню, тады Ты навучаў людзей, кажучы: "Хто верыць у Мяне, калі і
памрэ, жыць будзе". А гэбрэі з фарысэямі, садукеямі і кніжнікамі, поўныя
злосьці, казалі: "Хто гэты блюзьнерца?" Не разумелі яны, што Ты вечна існуеш,
роўны славаю Айцу і Духу: Божа наш, слава Табе.
Вершапесьні
(Тон 4). Будучы дабравольна прыбітым да
крыжовага дрэва, Ты, Збавіцелю, забарону дрэва непаслушэнства адмяніў і, зышоўшы
да пекла, як усемагутны Бог, путы сьмерці разарваў. Дзеля гэтага пакланяемся
Твайму трохдзённаму ўваскрасеньню і радасна клічам: "Усемагутны Госпадзе, слава
Табе!"
Хто, Госпадзе, трапіўшы ў буру, не выратуецца, прыбегшы да
Твайго прыстанішча? Або хто, занядужаўшы, не выздаравее, пакаштаваўшы Тваіх
лекаў? Госпадзе, Творча ўсяго і лекару нядужых, перш чым мне зусім згінуць, збаў
мяне.
Ты, што прымаеш цярпеньні мучанікаў сьвятых, і ад нас прымі,
Чалавекалюбча, песьню хвалы, і малітвамі іх даруй нам веліч зьмілаваньня Твайго.
Слава... цяпер...
(Тон 3). У палове сьвята славім Таго, хто ўчыніў
збаўленьне пасярод зямлі. Паміж двух злачынцаў Жыцьцё на дрэве вісела,
адказваючы маўчаньнем на блюзьнерствы аднаго, а другому, які ўверыў, сказаўшы:
"Сёньня яшчэ будзеш са Мною ў раі". Зышоўшы ў магілу, Ён паланіў пекла і
ўваскрос на трэці дзень для збаўленьня душ нашых.
Адпушчальныя трапары
Адпушчальны трапар сьвятога дня.
Слава... цяпер...
Трапар Паловы сьвята (тон 8). У палове сьвята
сасьмяглую душу маю вадою набожнасьці напаі, Збавіцелю, бо Ты ж некалі ўсклікнуў
да ўсіх: "Хто мае смагу, хай прыходзіць да Мяне і п'е". Крыніца жыцьця нашага,
Хрысьце Божа, слава Табе. |