Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Пятніца пасьля Самаранкі ўвечары


 

 

Пятніца пасьля Самаранкі ўвечары

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Першыя тры песьні з вячэрні нядзелі Самаранкі:

Самаранкі (тон 1). Крыніца цудаў прыходзіць а шостай гадзіне да крыніцы, каб улавіць дачку Эвы. Некалі Эва, ашуканая зьмяёю, была выгнаная з раю. А цяпер прыходзіць самаранка зачарпнуць вады. Убачыўшы яе, Збавіцель кажа: "Дай Мне напіцца, і Я напаю цябе вадой жывою". Навучаная, яна вярнулася ў горад і сказала людзям: "Ідзіце пабачыць Хрыста Госпада, Збаўцу душ нашых".

(Тон 2). Калі Госпад прыйшоў да студні, самаранка прасіла Добрасардэчнага: "Дай мне напіцца з крыніцы веры, каб мне атрымаць ваду хросту, радасьць і збаўленьне". Жыцьцядаўча Госпадзе, слава Табе!

Спрадвечны і адзінасутны Сын і Слова Бога Айца, Крыніца аздараўленьняў, прыйшоў да крыніцы. Тады з Самарыі прыйшла жанчына зачэрпнуць вады, і Збавіцель кажа ёй: "Дай мне напіцца вады і ідзі, пакліч мужа твайго". Яна, жадаючы схаваць праўду ад Бога, быццам ад чалавека, кажа: "Ня маю мужа". Настаўнік жа ёй у адказ: "Праўду сказала ты, што мужа ня маеш. Ты мела пяць мужоў, і той, якога маеш цяпер, ня муж табе". Яна зьдзівілася гэтым словам і пабегла ў горад, голасна расказваючы людзям і кажучы: "Хадзіце пабачыць Хрыста, які дае сьвету багацьце зьмілаваньня".

Тры песьні з мінеі

Слава...

(Тон 6). Каля студні Якуба сустракае Ісус самаранку, і Той, які хмарамі спавівае зямлю, просіць у яе вады. Што за цуд! Той, каго носяць хэрувімы, размаўляе з блудніцай; просіць вады Той, хто над водамі зямлю павесіў; вады шукае Той, хто напаўняе вадою крыніцы і азёры. Ён жадае прыцягнуць да сябе зьняволеную ненавісным ворагам і напаіць жывою вадою тую, якая мучылася грэшнай гарачкаю, як адзіны добрасардэчны і Чалавекалюбны.

Цяпер...

Дагматык (тон 4). Прарок Давід, які дзякуючы Табе стаўся богаайцом, у песьні Таму, хто вялікія рэчы для Цябе ўчыніў, так пра цябе прадказаў: "Каралева стала па паравай руцэ тваёй". Ён паказаў Цябе, як хадайніцу і Маці Жыцьця, бо ад Цябе захацеў прыняць цела і стацца чалавекам Хрыстос Бог, жадаючы аднавіць сатлелы прагнасьцю вобраз свой і знайсьці заблудную ў горных пропасьцях авечку, каб, узяўшы яе на плечы, прынесьці да Айца і даць ёй месца разам з нябеснымі сіламі, і збавіць, Багародзіца, сьвет у велічы і багацьці міласэрнасьці сваёй.


Вершапесьні

(Тон 4). Жыцьцядайнаму крыжу Твайму безустанку пакланяемся, Хрысьце Божа, і славім трохдзённае ўваскрасеньне Тваё, якім Ты, усясільны, абнавіў людзкую прыроду і, як добры і Чалавекалюбец, адчыніў зноў да неба ўваход.

Верш. Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу. Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся

Будучы прыбітым дабравольна да дрэва Крыжовага, Ты, Збавіцелю, адмяніў праклён дрэва непаслушэнства, і зышоўшы ў пекла, як Усемагутны, путы сьмяротныя разарваў. Дзеля гэтага пакаланяемся Твайму ўваскрасеньню з мёртвых, клічучы радасна; "Усемагутны Госпадзе, слава Табе!"

Верш. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца

Ты, Хрысьце, разбурыў медныя вароты, і сьмерцю Тваёю зьнішчыў сьмерці ўладарства, і вызваліў род людзкі ад тленнасьці, даючы сьвету жыцьцё і нятленнасьць, і веліч зьмілаваньня.

Верш. Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні.

Ты, Госпадзе, узышоўшы на крыж, прадзедаў праклён адмяніў і, зышоўшы да пекла, вечных вязьняў вызваліў і дараваў несьмяротнасьць людзкому роду. Дзеля гэтага ў песьнях славім жыцьцядайнае і збавеннае ўваскрасеньне Тваё.

Слава... цяпер...

(Тон 8). Калі Ты, Хрысьце Божа, у невыказным провідзе Тваім зьявіўся на зямлі, самаранка, пачуўшы слова Тваё, Чалавекалюбча, пакінула ля крыніцы вёдры і пабегла ў горад сказаць: "Хадзіце пабачыць Сэрцазнаўца: ці часам ня Ён – чаканы Хрыстос, што мае багацьце міласэрнасьці?"


Трапары адпушчальныя

Трапар сьвятога дня

Слава... цяпер...

Трапар нядзельны (тон 4). Сьветлую весьць аб уваскрасеньні і аб адмене прадзедаўскага асуджэньня ад анёла пачуўшы, Гасподнія вучаніцы апосталам з радасьцю сказалі: "Сьмерць пераможаная, Госпад Бог уваскрос, даруючы сьвету багацьце свайго зьмілаваньня".


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст